Пошук

12.06.2026 10:04   Аляксандр Панчанка, Марыя Валодзіна / Vatican News BY / Catholic.by
Цырымонія развітання ў аэрапорце Барселоны. Фота: Vatican Media

Раніцай 11 чэрвеня самалёт іспанскай авіякампаніі Iberia з Пантыфікам на борце вылецеў з Барселоны ў кірунку Канарскіх астравоў.

Канары — вялікі архіпелаг ва ўсходняй частцы Атлантычнага акіяна, які складаецца з сямі вялікіх астравоў, шасці меншых астравоў, а таксама надводных скал і дробных астраўкоў. Рэгіён з’яўляецца важным пунктам міграцыйных шляхоў — ён знаходзіцца ўсяго ў ста кіламетрах ад узбярэжжа Афрыкі.

Адна з мэтаў візіту Папы — падзякаваць мясцовым жыхарам за велікадушнасць і дапамогу людзям, якія шукаюць лепшай будучыні.

Пантыфік вылецеў ў Лас-Пальмас — найбуйнейшы горад архіпелага, які знаходзіцца на востраве Гран-Канарыя — пасля кароткай развітальнай цырымоніі ў аэрапорце Барселоны, якая прайшла з удзелам мясцовых уладаў.

Чалавечая годнасць не мае пашпарта

Леў XIV пачаў свой візіт на архіпелаг, спаўняючы жаданне Францішка, які хацеў падзякаваць мясцовым жыхарам за гасціннасць да мігрантаў. Сустрэча з ратавальнікамі, валанцёрамі і ахвярамі гандлю людзьмі адбылася ў порце Аргінегін, на ўсходзе вострава Гран-Канарыя.

На пачатку цырымоніі былі прачытаны евангельскія словы, якімі Езус атаясаміў сябе з галоднымі, прагнучымі, падарожнымі і вязнямі, папярэджваючы, што мы будзем судзімы па нашых адносінах да такіх людзей. У гэтым, «адным з самых складаных урыўкаў Евангелля», утрымліваецца перасцярога, «якую ніводзін вернік не можа ўспрымаць легкадумна», — падкрэсліў Папа.

Божае слова «пытаецца ў нас, ці ўмелі мы распазнаць Хрыста ў тых, хто высаджваецца на бераг, адзначаны страхам, голадам і гвалтам, пасля пустыні, ночы і мора», — дадаў ён, заўважаючы, што на астравы прыбываюць «многія параненыя людзі, пазбаўленыя амаль усяго, але ніколі — сваёй годнасці».

Сустрэча з арганізацыямі, якія дапамагаюць мігрантам. Фота: Vatican Media

Пантыфік падкрэсліў, што пярсцёнак Рыбака, які ён носіць на руцэ, нагадвае пра заданне, даручанае Езусам Пятру, і якое Касцёл зразумеў як вобраз уласнай місіі: «Адгэтуль будзеш лавіць людзей» (Лк 5,10).

«Гэты востраў, малы па плошчы, але вялікі ў чалавечнасці, бачыў прыбыццё тысяч людзей, вырваных са сваёй зямлі і кінутых на міласць крохкага чоўна. Сярод іх ёсць людзі, выратаваныя ў моры, і нежывыя целы, вынятыя з водаў. Таму Наступнік Пятра не можа заставацца абыякавым да гэтых прыстаняў. Касцёл не можа ігнараваць гэтыя воды, як і ніводнае іншае месца, дзе голад, смага, гвалт, страх або выгнанне працягваюць раніць чалавечую годнасць. Вучні Езуса не могуць лічыць чужым крык тых, хто кліча з начы», — адзначыў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што падобна таму як у Бібліі мора часта з’яўляецца «вобразам пагрозы, цемры і хаосу» – месцам, дзе жывуць жудасныя Левіятан і Рагаб — «таксама і сёння існуюць “пачвары”, што блукаюць у гэтых морах: злачынныя групоўкі, якія гандлююць адчаем, гандляры, якія робяць жанчын і дзяцей рабамі, а таксама абыякавасць многіх, якая дазваляе бедным быць паглынутымі эксплуатацыяй або забыццём».

Фота: Vatican Media

Пантыфік падкрэсліў, што падобна таму як Бог правёў Ізраэль да свабоды і жыцця праз воды Чырвонага мора, і як Езус загадаў спыніцца буры, таксама і Касцёл не можа маўчаць перад абліччам пагрозаў, якія спадарожнічаюць міграцыі. Каментуючы сведчанні валанцёраў і ратавальнікаў, ён адзначыў каштоўнасць нават малых учынкаў дапамогі.

«Гаворка ідзе не пра тое, каб вырашыць усё, але каб аддаць усё ў рукі Бога і быць побач ора часта з’яўляецца «вобразам пагрозы, цемры і хаосу» — месцам, дзе жывуць жудасныя Левіятан і Рагаб — там, дзе пакутуе чалавек, дзе не хапае рэсурсаў і няма агульнай мовы, але дзе яшчэ могуць гаварыць жэсты. Шчыры дзякуй усім, хто ўдзельнічае ў выратаванні, прыёме і суправаджэнні, сведчачы, што канкрэтная міласэрнасць можа ратаваць і змяняць многія жыцці», — сказаў Святы Айцец. Мігрантам ж Папа нагадаў пра іх чалавечую годнасць і заклікаў не давяраць гандлярам людзьмі.

Фота: Vatican Media

Пантыфік адзначыў, што драматычны досвед мігрантаў павінен стаць заклікам да сумлення: «краін паходжання, якія павінны ствараць умовы для міру, справядлівасці і развіцця; транзітных краін, пакліканых абараняць і не пакідаць слабых у руках злачынных сетак; Еўропы, якая не можа абвяшчаць чалавечую годнасць і прызвычайвацца да таго, што Міжземнамор’е і Атлантыка становяцца могілкамі без надмагілляў; міжнароднай супольнасці, пакліканай да эфектыўнага і настойлівага супрацоўніцтва».

Святы Айцец пажадаў, каб сведчанні ратавальнікаў, валанцёраў і мігрантаў дасягнулі палітыкаў, заканадаўцаў, міжнародных арганізацый, хрысціянскіх супольнасцей, прадстаўнікоў іншых рэлігійных традыцый і ўсіх людзей добрай волі. «Чалавечая годнасць патрабуе законных і бяспечных шляхоў, выратавання і дапамогі, рэальнага супрацоўніцтва ў барацьбе з гандлярамі людзьмі, эфектыўнай абароны ахвяр, сур’ёзных працэсаў прыёму і інтэграцыі, а таксама палітыкі, якая дазваляе кожнаму жыць з годнасцю на сваёй зямлі. (...)

Мы не можам прызвычаіцца лічыць памерлых. Чалавечая годнасць не мае пашпарта і не губляе каштоўнасці пры перасячэнні мяжы»,

— падкрэсліў Пантыфік.

Фота: Vatican Media

На заканчэнне цырымоніі Папа ўшанаваў памяць загінулых у моры мігрантаў, апусціўшы ў ваду вянок з кветак. Перад тым як пакінуць порт ён благаславіў крыж, зроблены з дрэва мігранцкага чоўна.

Папа да духавенства Канараў: мужна плывіце праз новую эпоху гісторыі

Затым Леў XIV сустрэўся з мясцовым духавенствам у катэдральным саборы святой Ганны ў Лас-Пальмасе на востраве Гран-Канарыя. У сустрэчы прынялі ўдзел біскупы, святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы, семінарысты і душпастырскія работнікі.

У прамове Папа падзякаваў мясцоваму Касцёлу за гасціннасць, сведчанне веры і служэнне людзям, адзначыўшы, што супольнасць Канарскіх астравоў застаецца «жывым Касцёлам», які падзяляе радасці і цяжкасці сучаснага чалавецтва.

Леў XIV падкрэсліў, што прыбыў на Канары як айцец і брат у веры. Ён нагадаў пра агульнае пакліканне ўсіх ахрышчаных разам будаваць Касцёл, заснаваны на Хрысце як на падмурку, гарманізаваць адрозненні і працаваць разам дзеля агульнага дабра.

Сустрэча Папы з духавенствам у саборы святой Ганны ў Лас-Пальмасе. Фота: Vatican Media

Папа заахвоціў прысутных паразважаць над двума прынцыпамі хрысціянскага жыцця, неабходнымі для будаўніцтва цывілізацыі любові. Першым з іх ён назваў прыняцце крыжа Хрыста. Папа выкарыстаў блізкі канарцам вобраз мора як сімвала жыццёвага шляху і імкнення да бязмежнасці. Ён спаслаўся на словы святога Аўгустына аб тым, што крыж Хрыста стаў дрэвам, якое дапамагае чалавеку пераплыць мора гэтага свету.

Святы Айцец адзначыў, што святыя, сутыкаючыся з жыццёвымі бурамі, прымалі Езуса ў свае чоўны, спадзяваліся на Яго, прымалі крыж і супакойвалі хвалі няўпэўненасці і страху.

У якасці прыкладу ён узгадаў Слугу Божага Антоніа Вісэнтэ Гансалеса — дыяцэзіяльнага святара, вядомага як «добры пастыр Канарскіх астравоў». Яго жыццё, перамененае Божай ласкай, заахвочвае нас узяць крыж Хрыста і ісці за Ім, каб дасягнуць абяцанай мэты, — адзначыў Папа.

Пантыфік падзякаваў духавенству за тое, што яно ўжо жыве па гэтаму прынцыпу — прымае крыж Хрыста — суправаджаючы і дапамагаючы людзям, якія пакутуюць ад жыццёвых выпрабаванняў, праяўляючы міласэрнасць і любоў.

Фота: Vatican Media

Другой ключавой практыкай Папа назваў развіццё эўхарыстычнай духоўнасці. Ён нагадаў пра старажытную традыцыю, якая захоўваецца ў катэдры святой Ганны, калі падчас урачыстасці Унебаўшэсця Пана перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам рассыпаюць кветкавыя пялёсткі як знак духоўных і нябесных дароў, якія Пан пралівае, узыходзячы на неба. Гэты жэст пабожнасці, які практыкаваўся многімі пакаленнямі на працягу доўгага часу, мае глыбокі сэнс: у нашай пілігрымцы мэтай з’яўляецца сустрэча з Хрыстом. Ён — цэнтр хрысціянскага жыцця, — падкрэсліў Леў XIV.

Папа нагадаў вучэнне Другога Ватыканскага Сабора аб тым, што ўдзел у Эўхарыстыі аб'ядноўвае вернікаў у адзін народ Божы. Таму развіццё эўхарыстычнай духоўнасці павінна весці да паглыблення любові і еднасці паміж членамі касцёльнай супольнасці.

«Давайце зробім наша жыццё адказам на прагненне Езуса: “каб усе былі адно, (...) каб паверыў свет» (Ян 17, 21),

— заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў аб тым, што хрысціянская салідарнасць з’яўляецца практычным спосабам праявы еднасці з Хрыстом, бо яднанне з Хрыстом — гэта адначасова і яднанне з усімі тымі, каму Ён аддае сябе. Ён заахвоціў Касцёл на Канарскіх астравах заставацца трывала ўкаранёным у Хрысце і мужна плыць праз новую эпоху гісторыі.

Фота: Vatican Media

Адказаць на любоў Бога любоўю да братоў

Увечары Леў XIV узначаліў святую Імшу на гарадскім стадыёне Лас-Пальмаса, завяршаючы першы дзень свайго візіту на Канарскія астравы.

Святая Імша з удзелам Льва XIV на гарадскім стадыёне Лас-Пальмаса. Фота: Vatican Media

На пачатку гаміліі Папа заклікаў памаліцца за «душы братоў і сясцёр, якія згубілі жыццё ў моры”. Спасылаючыся на ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у вігілію якой прайшла цэлебрацыя, ён заахвоціў «прасіць Бога аб пачуццях чалавечнасці, міласэрнасці і спагады”, уласцівых Сэрцу Збаўцы, якому прысвечана Іспанія.

Нагадваючы пра верную і бескарыслівую любоў Бога, Пантыфік падкрэсліў, што менавіта яна знаходзіцца ў аснове паклікання хрысціян да любові.

«Любоў — гэта прыроджаная ўласцівасць чалавека, больш за тое – яна з’яўляецца ўмовай паўнаты яго жыцця»,

— дадаў Святы Айцец.

Леў XIV працытаваў словы Францішка, які, кажучы аб Хрыстовай любові, заўважаў, што «найлепшы адказ на любоў Ягонага Сэрца — гэта любоў да братоў», і дадаваў: «няма большага жэсту, які мы можам прапанаваць, каб адказаць любоўю на любоў».

«"Адказаць любоўю на любоў": вось той цудоўны абмен, admirabile commercium, у які Евангелле запрашае нас уключыцца, выяўляючы бясконцую меру любові Бога ў шчодрасці, з якой мы служым Яму кожны дзень у братах і сёстрах, якіх Ён сам ставіць на нашым шляху, асабліва ў самых патрабуючых, безабаронных, няздольных адказаць узаемнасцю. Менавіта так і адбываецца на гэтым востраве: у прыёме, дзяленні, бескарыслівым дары», — падкрэсліў Святы Айцец.

Фота: Vatican Media

Папа заўважыў, што яшчэ адной рысай Найсвяцейшага Сэрца Езуса з’яўляецца пакора — неабходная якасць для любові. «Нярэдка дабрабыт асляпляе нас, і мы пачынаем думаць, што шчасця можна дасягнуць толькі тады, калі можна абысціся без іншых. Езус, аднак, вучыць нас, што, каб адчуць сапраўдную радасць жыцця, якая заключаецца ў любові, неабходна сысці з п’едэстала высакамер’я, якое раздзяляе, каб сустрэцца ў пакоры, якая робіць нас братамі», — дадаў ён.

«Святы Аўгустын казаў: “Там, дзе любоў, там мір, а там, дзе пакора, там любоў”. Менавіта так.

Там, дзе ёсць сапраўдная пакора, ёсць любоў, а там, дзе ёсць любоў, ёсць мір, бо толькі ў пакоры мы сапраўды пазнаём, хто мы, і таму можам любіць адзін аднаго, сустракацца, дарыць сябе і прабачаць адзін аднаму ў праўдзе»,

— сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў памятаць, што хрысціяне з’яўляюцца жывой прысутнасцю Хрыста ў свеце. «Запаленыя любоўю Яго Сэрца, давайце станем носьбітамі Яго любові і міру, каб у свеце спыніліся войны і вакол нас расло новае чалавецтва, прыміранае ў любові», — завяршыў гамілію Папа.

Фота: Vatican Media

Абноўлена 13.06.2026 00:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа