Пошук

08.02.2024 12:59   Паводле: Vatican News / Відэа: YouTube / Giornata mondiale di preghiera contro la tratta / Catholic.by
Фота: Vatican News

8 лютага па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла адзначаецца Міжнародны дзень малітвы і інфармавання аб барацьбе з гандлем людзьмі.

Прамаўляючы ў нядзелю 4 лютага падчас малітвы «Анёл Панскі», Папа Францішак запрасіў усіх людзей добрай волі аб’яднацца ў барацьбе з гэтай драматычнай глабальнай з’явай, адзначыўшы, што так шмат нашых братоў і сясцёр ашукваюцца ілжывымі абяцаннямі, а потым церпяць ад эксплуатацыі і злоўжыванняў.

Англійская рэдакцыя параталу Vatican News падае статыстыку, што больш за 50 млн чалавек ва ўсім свеце знаходзяцца ў рабстве і эксплуатуюцца, а гандляры людзьмі становяцца ўсё больш вынаходлівымі і завабліваюць усё больш і больш уразлівых людзей, у тым ліку дзяцей і мігрантаў, у пасткі сучаснага рабства.

Каталіцкі Касцёл усё часцей знаходзіцца на перадавой у барацьбе з гэтай жудаснай з’явай, якую Папа Францішак назваў «адкрытай ранай на баку чалавецтва».

Міжнародны дзень малітвы і інфармавання аб барацьбе з гандлем людзьмі адзначаецца ва ўспамін святой Жазэфіны Бакіты — суданскай законніцы, якая дзяўчынкаю трапіла ў няволю і стала сімвалам супрацьстаяння Касцёла гэтаму злу — мае на мэце аб’яднаць намаганні ўсіх людзей добрай волі і павысіць дасведчанасць у барацьбе з гандлем людзьмі, часта нябачным, але ў выніку якога мільёны ўразлівых асобаў становяцца ахвярамі насілля і злоўжыванняў.

Каардынуе намаганні Касцёла па барацьбе з гандлем людзьмі глабальная сетка Talitha Kum, у якой задзейнічаны больш за 6 тыс. законных сясцёр і партнёраў. Дзейнасць структуры падтрымліваюць Міжнародны саюз генеральных настаяцеляў (UISG) і Саюз генеральных настаяцеляў (USG).

Сёлета міжнародны каардынатар Talitha Kum сястра Эбі Авэліна запрасіла каля пяцідзесяці маладых прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый у Рым на тыдзень ініцыятыў і мерапрыемстваў па павышэнню дасведчанасці. Юнакі і дзяўчаты з розных краін, між іншым, арганізавалі ў Рыме флэш-моб супраць гандлю людзьмі і запісалі кароткае відэа з пасланнем да сваіх аднагодкаў, заклікаючы супольнымі намаганнямі супрацьстаяць гэтаму злу.

 

Абноўлена 08.02.2024 15:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа