Пошук

22.11.2026 10:00   Catholic.by

22 лістапада Касцёл адзначае ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, а разам з ёю — 41-ы Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні. Гэтая ўрачыстасць збірае моладзь усяго свету вакол слова Папы Льва XIV, які скіраваў да юнакоў і дзяўчат пасланне напярэдадні СДМ-2027 у Сеуле. Словы Папы — не абстрактныя разважанні, а жывы заклік, які кожны можа прыняць асабіста ўжо сёння.

У сваім пасланні Папа заклікае моладзь быць адважнай і не баяцца ўласных слабасцей: «Паколькі Езус перамог свет любоўю, то хрысціянская адвага — гэта барацьба не “супраць”, а “дзеля” чагосьці: дзеля жыцця, праўды, свабоды і справядлівасці. <…> Езус не заклікае ўцякаць ад рэчаіснасці, але бачыць яе Ягонымі вачыма і адказваць на яе Ягонай любоўю, якая ўсё аздараўляе».

Ён падкрэслівае, што крыніца гэтай адвагі — не ўласная сіла чалавека, а прысутнасць Хрыста:

«Сапраўдная перамога — гэта не навязаць сябе, а аддаць сябе», — нагадаў Леў XIV маладым людзям. Ён заклікаў іх не імкнуцца да самасцвярджэння і дасканаласці, а вучыцца быць сапраўднымі перад Богам і іншымі, не хаваючы ўласнай слабасці і сумневаў. «<…> Мы адкрываем, хто мы ёсць насамрэч, калі ўсведамляем, што наша сэрца было створана для Бога і любові да бліжніх. Гэта і ёсць свабода, якую прапануе Хрыстус: выйсці за межы клопату пра саміх сябе і адкрыцца на шчодрую крэатыўнасць любові».Святы Айцец заклікае не чакаць дасканаласці, каб адкрыцца Богу: «Каб глыбей пазнаць сябе вачыма Бога і дазволіць Ягонай любові змяняць сваё жыццё. <…> Усё перамяняецца любоўю. Для многіх любоў — гэта форма слабасці. Хрыстус жа паказвае нам, што яна з’яўляецца крыніцай свабоды і моцы».


Папа таксама нагадвае, што Езус першым шукае нас і прыходзіць насустрач у самыя складаныя моманты: «Дазвольце Езусу Хрысту, Які шукае вас, сустрэць вас, і даверце Яму ваш асабісты і супольны шлях. Вы адчуеце, як у сэрцы расце новая адвага, якая не знікае. <…> Езус шукае нас яшчэ да таго, як мы пачынаем шукаць Яго, і ідзе нам насустрач у самыя складаныя жыццёвыя моманты. Таму хрысціянская адвага нараджаецца не столькі з уласнай моцы чалавека, колькі з прысутнасці Хрыста».

Перажываючы 41-ы Сусветны дзень моладзі ў нашай архідыяцэзіі, прапануем уключыць словы Папы Льва XIV у сваё жыццё падчас Адвэнту.

Гэта час чакання і падрыхтоўкі сэрца да прыйсця Хрыста. Менавіта ў гэты перыяд словы «Будзьце адважнымі: Я перамог свет!» (Ян 16, 33) набываюць асаблівую глыбіню.
На Адвэнт прапануем канкрэтныя духоўныя крокі: адкрыць сэрца Хрысту, убачыць, як Любоў ахвяруе сябе, дазволіць Божаму слову змяняць сэрца, паглядзець на свет вачыма Хрыста і прыняць добрыя пастановы. Гэта невялікія штодзённыя крокі, якія дапамогуць кожнаму з нас наблізіцца да Хрыста і падрыхтаваць сэрца да Яго прыйсця.


Каб разам перажыць гэтыя духоўныя прапановы, запрашаем на Рараты кожны аўторак у архікатэдру. Акрамя супольнай малітвы і часу, праведзенага разам, на кожнай сустрэчы будуць прапанаваны пэўныя заданні.

Калі не будзе магчымасці прысутнічаць, сачыць за прапановамі можна будзе ў Instagram.

Кантакт для сувязі: +375 (29) 357 15 86 — ксёндз Андрэй Бурак, адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Адрас: г. Мінск, пл. Свабоды, 9 (архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа