Пошук

20.11.2026 10:38   Тэкст: каманда мабільнай праграмы Laska / Catholic.by
Крэатыў: каманда мабільнай праграмы Laska

29 лістапада, у першую нядзелю Адвэнту, мабільная праграма Laska прапануе далучыцца да штодзённага духоўнага курса «Код Францішка: Свабода, што здзіўляе свет», які падрыхтавалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, айцец Яўген Голуб OFMConv і сямейная пара Алена і Валерый Шымак. На працягу чатырох тыдняў удзельнікі будуць разважаць над духоўнасцю святога Францішка Асізскага, вучыцца адкрываць сапраўдную хрысціянскую свабоду і рыхтавацца да сустрэчы з Хрыстом у таямніцы Божага Нараджэння.

Адвэнт — гэта час чакання і духоўнага аднаўлення, магчымасць спыніцца сярод штодзённай мітусні і нанова адкрыць для сябе прысутнасць Бога. Аднак часта падрыхтоўка да Божага Нараджэння абмяжоўваецца знешнімі клопатамі, пакідаючы мала месца для цішыні, малітвы і асабістай сустрэчы з Хрыстом. 

З гэтай нагоды ў мабільнай праграме Laska распачынаецца штодзённы духоўны курс «Код Францішка: Свабода, што здзіўляе свет».

Аўтары курса прапануюць пражыць гэты перыяд як сапраўднае духоўнае падарожжа. Яго цэнтральнай тэмай стане жыццё і сведчанне святога Францішка Асізскага — чалавека, які радыкальна прыняў Евангелле і знайшоў свабоду ў адмове ад усяго, што перашкаджала яму ісці за Хрыстом.

Курс прымеркаваны да завяршэння года, прысвечанага святому Францішку Асізскаму, і запрашае паглядзець на яго духоўны досвед у кантэксце сучаснага жыцця. Яго прыклад дапамагае задумацца пра адносіны да матэрыяльных рэчаў, уласных амбіцый, іншых людзей і навакольнага свету, а таксама пра тое, дзе сёння чалавек можа знайсці сапраўдную свабоду і радасць.

Чатыры тыдні духоўнага падарожжа

Праграма падзелена на чатыры тэматычныя тыдні, кожны з якіх раскрывае асобны аспект францішканскай духоўнасці.

  • Першы тыдзень — шлях да ўнутранай свабоды.

Удзельнікі будуць запрошаны шчыра паглядзець на сваё духоўнае жыццё, паразважаць пра тое, як пачуць голас Бога і вызваліцца ад залежнасці ад матэрыяльных рэчаў. Асаблівае месца зойме евангельскі заклік «Ідзі, аднаві Мой дом», які святы Францішак пачуў у касцёле Сан-Даміяна і які стаў пачаткам яго духоўнага перамянення.

  • Другі тыдзень — радасць і прыгажосць штодзённасці.

Разважанні будуць прысвечаны здольнасці заўважаць Божую прысутнасць у людзях, прыродзе і звычайных жыццёвых абставінах. Удзельнікі таксама пазнаёмяцца з паняццем «дасканалай радасці» ў духоўнасці святога Францішка і паразважаюць пра тое, як спалучаць служэнне іншым з малітвай і ўнутранай цішынёй.

  • Трэці тыдзень — мудрасць дыялогу і адкрытасць да свету.

Гаворка пойдзе пра ўменне адрозніваць галоўнае ад другаснага, сведчыць пра веру з павагай да суразмоўцы і будаваць дыялог нават з тымі, хто мае іншыя погляды. Асобная ўвага будзе прысвечана сустрэчы святога Францішка з султанам — прыкладу міралюбнасці, адвагі і адкрытасці да іншага. Удзельнікі таксама паразважаюць пра непаўторную годнасць кожнага чалавека ў Божых вачах.

  • Чацвёрты тыдзень — Божае Нараджэнне ў штодзённым жыцці.

Завяршальны этап курса дапаможа задумацца над тым, як дазволіць Хрысту нараджацца ў нашай працы, сям'і і штодзённых адносінах. Разважанні будуць дапоўнены сведчаннем святога Максімільяна Кольбэ, а таксама духоўнымі арыенцірамі з энцыклік папы Францішка «Laudato si’» і «Fratelli tutti», якія паказваюць актуальнасць францішканскай духоўнасці для сучаснага свету.

Фармат і аўтары курса

Курс будзе даступны ў тэкставым і аўдыяфармаце, што дазволіць далучыцца да яго ў зручны час: па дарозе на працу, падчас штодзённых спраў або ў вечаровай цішыні.

Кожны дзень удзельнікаў чакае пэўны духоўны рытм:

  • уступ,
  • словы святога Францішка,
  • разважанне,
  • малітва.

Духоўныя матэрыялы падрыхтаваў айцец Яўген Голуб OFMConv. Сваімі сведчаннямі і асабістым досведам дзеліцца сямейная пара Алена і Валерый Шымак. Аўтар нядзельных казанняў — біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Курс будзе даступны на беларускай і рускай мовах.

Як далучыцца?

Каб прайсці курс, неабходна спампаваць мабільную праграму Laska праз сайт https://laska.mobi/, а таксама праз App Store ці Google Play.

З 29 лістапада ў ёй будзе даступны курс «Код Францішка: Свабода, што здзіўляе свет».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.