
З 6 па 17 лістапада Леў XIV здзейсніць апостальскае падарожжа ва Уругвай, Аргенціну і Перу.
Кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні распаўсюдзіў афіцыйную заяву пра будучае апостальскае падарожжа.
«Прымаючы запрашэнне кіраўнікоў дзяржаў і касцёльных улад адпаведных краін, Леў XIV здзейсніць апостальскі візіт ва Уругвай, Аргенціну і Перу»,
— гаворыцца ў тэксце.
Перабыванне Льва XIV ва Уругваі прыпадае на 6 — 8 лістапада. Пантыфік наведае Мантэвідэо, Пайсанду і Фларыду. Затым яго маршрут ляжыць у Аргенціну: там Папа прабудзе з 8 па 11 лістапада, а яго праграма ўключае Буэнас-Айрэс, Кордаву і Лухан.
Завяршальным этапам апостальскага падарожжа стане Перу, дзе Святы Айцец будзе знаходзіцца з 11 па 17 лістапада. У спісе гарадоў — Ліма, Чыклаё, Куска і Пукальпа.
Як падкрэсліваецца ў заяве Ватыкана, дэталёвы расклад візіту, а таксама тэматычныя падзеі і сустрэчы будуць абвешчаны дадаткова найбліжэйшым часам.







