16 лістапада папа Леў XIV завяршыў апостальскае падарожжа па Лацінскай Амерыцы, якое ахапіла Уругвай, Аргенціну і Перу. Апошні дзень у Ліме ён прысвяціў сустрэчы з пажылымі людзьмі, малітве разам з паўтара мільёна вернікаў і развітанню з перуанскім народам. У цэнтры яго зваротаў гучалі тэмы місіі, міласэрнасці і перадачы веры: Евангелле павінна даходзіць да тых, хто чакае дапамогі, а хрысціянская вера — станавіцца бачнай у канкрэтных учынках любові.
Пасля візіту ў перуанскую Амазонію, дзе 15 лістапада Леў XIV сустрэўся з прадстаўнікамі карэнных народаў і ўзначаліў святую Імшу ў Пукальпе, Папа вярнуўся ў Ліму. Увечары ён прывітаў вернікаў з балкона Апостальскай нунцыятуры. Папа падзякаваў за цёплы прыём, папрасіў Божага благаслаўлення для кожнага, благаславіў прынесеныя ружанцы, крыжыкі і іншыя рэлігійныя прадметы.
«Як цудоўна быць вучнямі-місіянерамі, аддаваць сваё жыццё Езусу Хрысту, абвяшчаць Добрую Навіну Евангелля», — сказаў Пантыфік. Асобна ён звярнуўся да моладзі, назваўшы яе знакам надзеі: «Вы — знак надзеі. Не губляйце надзеі! Верце ў сябе! Верце ў Перу! Заўсёды верце ў Езуса Хрыста!»
![]()
На наступную раніцу Папа зноў выйшаў на балкон нунцыятуры, каб прывітаць вернікаў, што прыйшлі развітацца з ім. Звяртаючыся да слоў песні, якую спявалі сабраныя, Папа нагадаў пра супольнае пакліканне хрысціянаў:
«Усе мы пакліканы абвяшчаць Добрую Навіну. Абвяшчаць, што Езус Хрыстус прыйшоў і збавіў нас. Хрыстус, Пан цудаў, — няхай Хрыстус заўсёды нас суправаджае!»
Ён падзякаваў перуанцам за прысутнасць, малітву і падтрымку на працягу ўсяго візіту, пажадаў заставацца поўнымі веры і надзеі і заклікаў быць «тым прыгожым знакам прысутнасці Бога, блізкасці Бога, асабліва для самых малых». Апошнімі словамі з балкона стала іспанскае «hasta luego» — «да хуткай сустрэчы».
Аазіс годнасці сярод пустыні чалавечнасці
Першым пунктам праграмы апошняга дня стала наведванне дома для самотных пажылых людзей у Кальяа, непадалёк ад Лімы. Установай, якая ўжо больш за восемдзесят гадоў апякуецца старымі, кіруюць Малыя сёстры пакінутых старых. Папу сустрэлі жыхары дома, законніцы, супрацоўнікі і валанцёры. Ён выслухаў сведчанні аднаго з насельнікаў і валанцёркі, а затым звярнуўся да прысутных.
![]()
Леў XIV назваў гэты дом «аазісам годнасці» і надзеі для пажылых людзей. Ён спаслаўся на сваю апостальскую адгартацыю Dilexi te, у якой разважае пра любоў да бедных і ўразлівых. Як аазіс у пустыні дае чалавеку ваду, зеляніну і адпачынак, так справы міласэрнасці суцяшаюць і аднаўляюць тых, хто жыве ў такіх установах, працуе там або прыходзіць дапамагчы.
Папа падзякаваў манахіням за іх служэнне, узгадаўшы заснавальніцу кангрэгацыі святую Тэрэзу ад Езуса Жарнэт-і-Ібарс і яе дэвіз: «Лячыць целы, каб ратаваць душы». Святы Айцец таксама нагадаў уласныя словы з энцыклікі Magnifica humanitas: «Здольнасць клапаціцца адно пра аднаго — важная частка таго, што мы людзі».
Клопат пра слабых, паводле Папы, — не проста сацыяльная задача і не дадатковая форма дабрачыннасці. Ён належыць да самой сутнасці чалавечнасці. Таму асаблівую трывогу выклікаюць месцы, дзе людзей прыніжаюць, пакідаюць без дапамогі, дзе пануюць злоўжыванні і гвалт, а чалавечае жыццё губляе сваю каштоўнасць. Такія месцы Леў XIV назваў «пустынямі чалавечнасці».
![]()
У гэтых пустынях самыя слабыя паўтараюць словы Езуса на крыжы: «Прагну» (Ян 19, 28). Папа звярнуў увагу на тое, што гэтая евангельская смага — не толькі фізічная патрэба ў вадзе. Яна нагадвае пра голад чалавека па любові, клопаце, годнасці і блізкасці.
«Што мы робім, каб наталіць гэтую смагу?» — спытаў Святы Айцец і заклікаў ствараць больш братэрскіх аазісаў і менш пустынь індывідуалізму — месцаў, дзе чалавека не пакідаюць сам-насам з яго слабасцю, а дапамагаюць яму несці цяжар жыцця. У гэтым кантэксце Папа звярнуўся да евангельскага вобраза Кірынэйца, які дапамог Езусу несці крыж. Хрысціянін пакліканы не проста заўважаць чужыя пакуты, але набліжацца да таго, хто церпіць, і падзяляць яго цяжар.
«Як душа і цела мусяць быць адзіныя, каб існаваў чалавек, так мы не можам аддзяляць веру, якую вызнаём, ад спраў, якія робім»,
— падкрэсліў Леў XIV.
Міласэрнасць павінна перадавацца наступным пакаленням
Разважаючы пра місію Касцёла, Папа звярнуў увагу на супярэчнасць: у Перу шмат людзей, здольных на міласэрнасць і самаадданую дапамогу, але перадача веры новым пакаленням застаецца сур’ёзным выклікам. Паводле яго слоў, сапраўдны аазіс не можа існаваць без крыніцы вады. Так і справы міласэрнасці павінны мець духоўную крыніцу — сустрэчу з Хрыстом, якая падтрымліваецца сакрамэнтамі, катэхезай, эўхарыстычнай адарацыяй і братэрскай любоўю.
![]()
Папа нагадаў пра святога Марціна дэ Порэса, якому прыпісваюць словы: «Я цябе лячу, Бог цябе ацаляе». Гэты прыклад дапамагае зразумець, што чалавечая дапамога важная, але не вычэрпвае ўсёй паўнаты аздараўлення, да якога пакліканы чалавек.
«Мы не можам аздаравіць целы, калі забываем пра лекі ласкі, якія лечаць і ўмацоўваюць душу»,
— сказаў Леў XIV. Таму ён заклікаў не абмяжоўвацца толькі сацыяльнай апекай, але ствараць супольнасці, у якіх людзі могуць сустрэць Хрыста і адкрыць для сябе веру.
![]()
Папа пажадаў перуанцам ісці шляхам святасці, ператвараючы пустыні матэрыялізму і спажывальніцтва ў зялёныя лугі салідарнасці. Асобна Святы Айцец заклікаў мужна бараніць дзяцей, моладзь і пажылых людзей, а таксама дазволіць Маці Божай Евангелізацыі весці іх на гэтым шляху.
Святы Турыбій — пастыр, які ішоў да людзей
Апошняй вялікай падзеяй апостальскага падарожжа стала святая Імша на тэрыторыі авіябазы «Лас-Пальмас» у Ліме. Яе ўдзельнікамі, паводле ацэнак мясцовых уладаў, сталі каля паўтара мільёна чалавек.
![]()
Папа цэлебраваў ватыўную Імшу ў гонар святога Турыбія дэ Магравеха, другога арцыбіскупа Лімы, 300-годдзе кананізацыі якога адзначаецца сёлета. Леў XIV падзякаваў Богу за тое, што праз сведчанне гэтага біскупа хрысціянская вера пусціла ў Перу глыбокія карані, і прыгадаў думку Бэнэдыкта XVI:
«Святыя найлепш тлумачаць Святое Пісанне, бо праверылі праўду Евангелля ўласным жыццём».
Пачынаючы гамілію, Леў XIV нагадаў абяцанне Езуса вучням: «І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). У сучасным свеце, дзе моцныя часта імкнуцца навязваць сваю волю слабейшым, гэтае абяцанне адкрывае іншае разуменне ўлады. Папа звярнуўся да слоў Хрыста: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі» (Мц 28, 18). Гэта не ўлада прымусу і панавання, а ўлада ўкрыжаванай любові, якая аддае сябе дзеля іншых. Менавіта такой сілай, а не свецкім уплывам, Касцёл павінен працягваць місію Хрыста.
Прыкладам такога служэння стаў святы Турыбій дэ Магравеха. Ён паходзіў з заможнай сям’і, атрымаў добрую адукацыю і зрабіў кар’еру юрыста, але ў пэўны момант прыняў нечаканае пакліканне стаць біскупам Лімы. Адказаўшы на яго, ён не абмежаваўся служэннем у сталіцы: пешшу абыходзіў вялізныя тэрыторыі, наведваў аддаленыя супольнасці, імкнуўся пазнаёміцца з людзьмі і зразумець іх жыццё.
![]()
Святы Турыбій вывучаў мовы карэнных народаў, каб абвяшчаць ім Божае слова зразумелым чынам, а не навязваць веру звонку. Ён дамагаўся, каб святары ведалі мясцовыя мовы, і падтрымліваў магчымасць для індзейцаў і метысаў самім станавіцца святарамі. Яго місія грунтавалася на перакананні, што Евангелле трэба абвяшчаць з павагай да чалавечай годнасці і культуры.
Папа нагадаў словы святога апостала Паўла: «Няхай кожны лічыць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі Божых таямніц» (1 Кар 4, 1). Менавіта такім быў Турыбій: пастырам, які не шукаў улады дзеля сябе, а лічыў яе служэннем людзям. Ён прапаведаваў, навучаў, удзяляў сакрамэнты, наведваў парафіі і дапамагаў тым, хто меў патрэбу. Пры гэтым не браў ад людзей нават найменшых падарункаў. За сваю дзейнасць біскуп сутыкаўся з крытыкай і паклёпам, у тым ліку з боку прадстаўнікоў улады. Аднак не дазваляў чужым ацэнкам вызначаць яго сумленне.
У гэтым кантэксце Леў XIV прыгадаў яшчэ адно выказванне святога Паўла: «Пан ёсць тым, хто мяне судзіць!» (1 Кар 4, 4). Паводле Папы, гэтыя словы вучаць хрысціяніна захоўваць свабоду сэрца, не падпарадкоўвацца чалавечым меркаванням і цярпліва выслухоўваць іншых.
«Адзіныя, хто не можа чакаць, — гэта бедныя»
Асаблівае месца ў гаміліі заняў клопат пра бедных. Святы Турыбій не абмяжоўваўся навучаннем і прапаведаваннем: ён аддаваў бедным амаль усё, што меў, дапамагаў шпіталям для карэнных жыхароў, а пасля пастырскіх паездак перадаваў каралю скаргі індзейцаў, каб спыніць несправядлівасць.
![]()
«Адзіныя, хто не можа чакаць, — гэта бедныя», — падкрэсліў Леў XIV. Пантыфік узгадаў словы, якія перадаюць дух служэння святога Турыбія:
«О бедны, ты мяне ўзбагачаеш! О голы, ты мяне апранаеш! О галодны, ты мяне корміш!» У гэтых словах — парадокс хрысціянскай любові: той, хто дапамагае іншаму, сам атрымлівае дар, які немагчыма вымераць матэрыяльнымі каштоўнасцямі.
Папа заклікаў не адкладаць дапамогу тым, хто чакае яе цяпер. Місія Касцёла не можа заставацца толькі ў межах словаў і ўрачыстых цэлебрацый. Яна павінна выяўляцца ў абароне бедных, у пошуку справядлівасці і ў гатоўнасці быць побач з тымі, хто не мае магчымасці абараніць сябе.
Развітваючыся з перуанскім народам, Леў XIV прызнаўся, што гэтая краіна назаўсёды застанецца ў яго сэрцы: «Так, перуанскі народ — гэта і мой народ!»
![]()
Святы Айцец адзначыў, што святы Турыбій бачыў у Касцёле місійную супольнасць, у якой ёсць месца для розных людзей і поглядаў. Яе сапраўдная еднасць нараджаецца не з аднолькавасці, а з Эўхарыстыі, якая павінна заставацца цэнтрам касцёльнага жыцця. Менавіта яна дае сілу слухаць адно аднаго, весці дыялог і разам шукаць праўду, у тым ліку прыслухоўваючыся да голасу бедных.
Пантыфік таксама нагадаў пра святых Ружу з Лімы, Марціна дэ Порэса і Францішка Салана, якія разам з Турыбіем будавалі цывілізацыю любові насуперак тым, хто узводзіў «Бабілёнскую вежу ў іх часы».
Завяршаючы гамілію, Святы Айцец скіраваў да вернікаў заклік, які стаў галоўным падсумаваннем усяго апостальскага падарожжа:
«Маё падарожжа падыходзіць да канца, але час місіі працягваецца!»
Гэтыя словы сталі не проста выніковай фразай насычанага падарожжа. Яны нагадалі, што абвяшчэнне Евангелля працягваецца там, дзе хрысціяне сустракаюць чалавека, які прагне любові, чакае дапамогі і мае патрэбу ў надзеі. І найперш — там, дзе бедныя не могуць больш чакаць.
![]()
Напрыканцы Імшы Леў XIV яшчэ раз звярнуўся да перуанцаў, каб падзякаваць за гасціннасць і сведчанне веры, узгадаў усмешкі дзяцей, радасць моладзі, цеплыню сем’яў і пяшчоту пажылых людзей, а таксама спевы, танцы і малітвы, якія суправаджалі яго на працягу візіту.
«Тут вы навучылі мяне быць біскупам, а цяпер я яшчэ крыху больш навучыўся служыць як Наступнік Пятра»,
— прызнаўся Пантыфік.
Ад Лімы — у Рым
Пасля Імшы Папа накіраваўся да авіябазы Кальяа, дзе адбылася афіцыйная цырымонія развітання з удзелам прэзідэнта Перу Кейкі Сафіі Фухіморы Хігучы.
![]()
Самалёт з Львом XIV вылецеў у Рым у 14.28 паводле мясцовага часу.
Так завяршылася шостае апостальскае падарожжа Папы, якое з 6 лістапада праходзіла ва Уругваі, Аргенцiне і Перу.



