Пошук


Фота: www.vaticannews.va

Першыя дні апостальскага візіту Папы ва Уругвай прайшлі пад знакам братэрства, евангелізацыйнай місіі і клопату пра кожнага чалавека. Кожны пункт праграмы Святога Айца раскрываў асобны аспект евангельскіх каштоўнасцяў — ад гатоўнасці будаваць масты паміж людзьмі і перадаваць веру наступным пакаленням да павагі да кожнага чалавечага жыцця, салідарнасці з тымі, хто пакутуе, і здольнасці не заставацца абыякавымі да чужых цяжкасцяў.

7 лістапада, у другі дзень свайго апостальскага падарожжа па Лацінскай Амерыцы, папа Леў XIV наведаў Пайсанду, дзе ўзначаліў святую Імшу, а пасля вярнуўся ў Мантэвідэа, сустрэўся з пажылымі святарамі і жыхарамі аднаго з найбяднейшых раёнаў сталіцы, а таксама з прадстаўнікамі адукацыйнай сферы і моладдзю.

Гэтыя сустрэчы Пантыфіка ў розных месцах і з рознымі людзьмі аб’яднала адна тэма — братэрства і еднасць, якія павінны выяўляцца не толькі ў словах і малітве, але і ў канкрэтных учынках, увазе да іншага чалавека і гатоўнасці дзяліцца атрыманым дарам веры.

«Як важна быць будаўнікамі мастоў!»

Першы прыпынак Папы 7 лістапада — горад Пайсанду на паўночным захадзе Уругвая. Тут, у парку «Парыж — Лондан», Леў XIV узначаліў святую Імшу ў гонар благаслаўлёнага Хасінта Веры, першага біскупа Мантэвідэа, а пасля цэлебрацыі спантанна звярнуўся да вернікаў, якія сабраліся каля базілікі Маці Божай Ружанцовай.

Святы Айцец падзякаваў прысутным за цёплы прыём і звярнуўся да трох мясцовых вобразаў, якія могуць дапамагчы зразумець хрысціянскае пакліканне: моста, пальмаў і матэ.

  • Мост (меўся на ўвазе мост імя генерала Артыгаса, што злучае Уругвай і Аргенціну), які не проста злучае народы, а сімвалізуе адкрытасць, адносіны і абмен.

«Як важна быць будаўнікамі мастоў!» — адзначыў папа Леў XIV, заклікаючы ўмацоўваць сувязі паміж людзьмі, аб’ядноўваць іх і дзяліцца радасцю веры. Аднак для таго, каб мост вытрымаў моцныя плыні, яму патрэбны трывалы падмурак. Хрысціяне таксама трэба мець грунтоўную духоўную фармацыю, каб добра сведчыць пра сваю веру і не паддавацца чужым уплывам.

  • Пальмы, якія растуць не паасобку, а ў гаях.

Так і Касцёл, паводле Льва XIV, з’яўляецца супольнасцю братоў і сясцёр, якія чэрпаюць сілу з адной крыніцы — Божага слова, сакрамэнтаў, малітвы і спраў міласэрнасці.

  • Матэ — традыцыйны ўругвайскі напой.

Ён не проста частка нацыянальнай культуры, але і сімвал гасціннасці, сустрэчы, сяброўства і ўзаемнай прыналежнасці. За кубкам матэ людзі дзеляцца не толькі напоем, але і сваім жыццём — радасцямі, клопатамі і цяжкасцямі.

Паводле Папы, тры мясцовыя вобразы маюць выразнае евангельскі заклік: будаваць масты замест сцен, быць супольнасцю, а не адасобленымі людзьмі, і вучыцца дзяліцца з іншымі тым, што маем.

Гэты заклік меў і гістарычнае вымярэнне. Разважаючы пра спадчыну благаслаўлёнага Хасінта Веры, Папа нагадаў пра яго апостальскую адданасць: біскуп тройчы аб’ехаў усю краіну, нягледзячы на вялікія адлегласці і цяжкія ўмовы, наведваў хворых, а падчас аблогі Пайсанду ў 1864 годзе дапамагаў бежанцам і параненым з абодвух бакоў канфлікту, заклікаючы да міру.

Святы Айцец прыгадаў словы Езуса аб тым, што «верны ў малым і ў вялікім верны» (Лк 16, 10). Плёны веры, пасеяныя такімі сведкамі, як біскуп Хасінта Вера, працягваюць жыць у касцёльнай супольнасці, але патрабуюць клопату: неабходна выхоўваць у веры дзяцей і моладзь, суправаджаць сем’і, падтрымліваць пажылых і практыкаваць справы міласэрнасці. Таму напрыканцы гаміліі Пантыфік заахвоціў вернікаў з энтузіязмам працягваць евангелізацыйную місію: «Хрыстус разлічвае на вас!»

Павага да жыцця — таксама ў старасці і хваробе

Пасля вяртання ў Мантэвідэа Святы Айцец накіраваўся ў парафію Маці Божай Гвадэлупскай. Па дарозе ён зрабіў кароткі прыпынак у Доме для пажылых святароў імя ўзгаданага вышэй біскупа Хасінта Веры, дзе Пантыфік сустрэўся амаль з дваццаццю святарамі, якія жывуць у гэтай установе, і асабіста прывітаў кожнага з іх. Святы Айцец звярнуў увагу на шматгадовае святарскае служэнне прысутных і з усмешкай заўважыў:

«Цікава, ці падлічыў хто-небудзь з вас усе гады вашага святарства!»

Разам з імі Папа прамовіў малітву «Ойча наш» і ўдзяліў благаслаўленне. Гэты кароткі візіт стаў яшчэ адным сведчаннем таго, што годнасць чалавека не залежыць ад яго ўзросту, здароўя ці здольнасці быць карысным паводле грамадскіх крытэрыяў. Леў XIV падкрэсліў безумоўную каштоўнасць чалавечага жыцця, у тым ліку тады, калі яно становіцца крохкім з прычыны старасці або хваробы.

Аднак гэтая адказнасць не абмяжоўваецца тымі, хто належыць да нашай супольнасці або падзяляе наш жыццёвы досвед. Яна асабліва важная там, дзе людзі сутыкаюцца з беднасцю, насіллем і сацыяльнай ізаляцыяй. Наступным пунктам праграмы Папы стаў менавіта такі раён Мантэвідэа — Касавалье.

У Касавалье — не праходзіць міма чалавека, які пакутуе

Маці Божую Гвадэлупскую, якой прысвечана парафія ў Касавалье — у адным з найбяднейшых раёнаў Мантэвідэа, папярэднікі Льва XIV абвясцілі апякункай Лацінскай Амерыкі і «Валадаркай абедзвюх Амерык». Але Марыя, нагадаў Леў XIV, вучыць рабіць тое, што кажа Яе Сын. Перад сустрэчай з жыхарамі Святы Айцец прайшоў пешшу да новых дамоў, збудаваных пры падтрымцы парафіі для сем’яў, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, і ўпэўніўся, што парафія выдатна спраўляецца са сваёй місіяй — быць маяком, які паказвае на Хрыста і дае ўсім святло Божага Слова, сілу сакрамэнтаў, малітву і братэрскую любоў.

Папа прывітаў жыхароў раёна, выслухаў іх сведчанні, а таксама падзякаваў людзям, якія дапамагаюць ствараць тут умовы для годнага жыцця. Пантыфік пажадаў, каб новыя будынкі сталі для сем’яў не проста дахам над галавой, але сапраўдным домам — месцам, дзе можна расці ў годнасці, міры і надзеі.

Цэнтральнай тэмай сустрэчы стала прыпавесць Езуса пра Добрага Самараніна (Лк 10, 25–37). Гэтая евангельская гісторыя, паводле Льва XIV, застаецца надзвычай актуальнай — шмат гарадоў з раёнамі, дзе небяспека і насілле пагражаюць міру і нават жыццю людзей, а грамадства нярэдка адказвае абыякавасцю.

«Мы не можам праходзіць міма, калі ведаем, што ва Уругваі ёсць дзеці, якія не ходзяць у школу, бо баяцца не вярнуцца дадому»,

— падкрэсліў Святы Айцец. Нельга заглушаць сумленне, калі маці не мае чым накарміць дзяцей, калі побач пакутуюць адзінокія і безабаронныя людзі. Папа ўзрушана адзначыў, што дзіця ў краіне, багатай на рэсурсы, не павінна класціся спаць галодным, адмаўляцца ад адукацыі і годнай будучыні праз небяспеку на вуліцах або гінуць ад насілля.

Пры гэтым дапамога Касцёла павінна заставацца выразам евангельскай любові і блізкасці, а не падмяняць адказнасць дзяржаўных і грамадскіх інстытуцый.

Леў XIV падкрэсліў, што касцёльная супольнасць, грамадства і дзяржава павінны дзейнічаць разам, каб будаваць горад, у якім кожны чалавек будзе мець месца.

Таму Святы Айцец заклікаў аб’яднаць намаганні і разам будаваць Радзіму, дзе ўсе будуць братамі.

На заканчэнне Пантыфік нагадаў словы Езуса, якімі завяршаецца прыпавесць: «Ідзі і ты рабі так» (Лк 10, 37).

«Кожны хрысціянін павінен чуць гэты наказ штодня», — сказаў Леў XIV.

Адукацыя, якая вучыць бачыць, чуць і адчуваць Добрую Навіну

Увечары Леў XIV сустрэўся з прадстаўнікамі адукацыйнай сферы ў Каталіцкім універсітэце Уругвая. Ён падзякаваў за ўсё, што каталіцкая адукацыя робіць ва Уругваі на ўсіх узроўнях і для людзей любога ўзросту. Праз яе, падкрэсліў Святы Айцец словамі свайго апостальскага ліста «Маляванне новых мап надзеі», Евангелле становіцца выхаваннем, адносінамі і культурай.

Леў XIV нагадаў, што больш за 38 гадоў таму гэты ўніверсітэт, які тады толькі пачынаў працу, наведаў святы Ян Павел II.

Падчас размовы з выкладчыкамі і студэнтамі з усёй краіны ён прапанаваў своеасаблівую «прагулку» праз пяць пачуццяў, каб паказаць, як адукацыя можа дапамагчы чалавеку нанова адкрыць прыгажосць Евангелля і ўласную годнасць.

Разважаючы пра зрок, Святы Айцец заклікаў вучыцца сузіраць, глядзець на свет уважліва, не губляючы здольнасці заўважаць прыгажосць Божага стварэння. Сёння ўсё цяжэй засяродзіцца, і менавіта ўвага, па словах Льва XIV, вядзе дзяцей і моладзь у глыбіню, да цішыні, распазнавання і размовы з сумленнем і Богам.

Дотык Пантыфік звязаў з чалавечымі рукамі, здольнымі не толькі апрацоўваць зямлу, але і вітаць, пяшчотна дакранацца, абдымаць і будаваць. З усіх істот іх толькі чалавек мае рукі. «Але сёння чалавечыя пальцы ствараюць самы страшны „чалавечы твор“ — вайну», — сказаў Святы Айцец.

Таму каталіцкая школа павінна выхоўваць людзей, якія становяцца будаўнікамі міру. «Хто адчувае, што яго абдымае Айцец, непазбежна становіцца будаўніком міру», — падкрэсліў Леў XIV.

Разважаючы пра смак, Папа падкрэсліў, што мудры чалавек не проста збірае інфармацыю, але здольны яе асэнсоўваць, распазнаваць кантэкст і набліжацца да Божай дабрыні. Таму школы і ўніверсітэты павінны вучыць адказна карыстацца тэхналогіямі і штучным інтэлектам, ставячы чалавечую асобу вышэй за алгарытмы.

Асобна Папа спыніўся на пачуцці паху. Прыгадаўшы евангельскі эпізод памазання Езуса ў Бэтаніі, калі водар напоўніў увесь дом, ён звярнуўся да вобраза добрага імя чалавека. Сёння ж добрае імя чалавека, па словах Льва XIV, атрымала незлічоныя ўдары: звычка адкідаць людзей і пагарджаць імі стала агідным пахам, якога мы ўжо не заўважаем.

«Мы прыпісваем „інтэлект“ камп’ютарным сістэмам, а пры гэтым нам цяжка прызнаць неад’емную годнасць людзей, чыё жыццё мераюць эфектыўнасцю, а калі лічаць іх непрадуктыўнымі — выкрэсліваюць іх»,

— сказаў Святы Айцец.

У адказ на такую тэндэнцыю ён заклікаў зноў абвяшчаць святасць чалавечага жыцця і абараняць годнасць кожнага чалавека незалежна ад яго стану і магчымасцяў. «Мы павінны зноў абвясціць, што чалавечае жыццё трэба паважаць на ўсіх этапах і ў любым стане. Ніхто не заслугоўвае, каб яго выключалі», — падкрэсліў Пантыфік.

Нарэшце, слых Святы Айцец звязаў са здольнасцю слухаць іншага і распазнаваць пачутае: «Хто мае вушы, няхай слухае» (Мц 13, 9). «Каталіцкая адукацыя не можа быць замкнёным колам», — сказаў папа Леў XIV. Яна павінна слухаць сем’і, грамадзянскую супольнасць, палітычныя і адміністрацыйныя ўлады, прадстаўнікоў вытворчых сектараў і розных прафесійных груп. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць валанцёрства, місіі і супольныя праекты, праз якія маладыя людзі вучацца бачыць у іншым не пагрозу, а дабро.

Святое Пісанне вучыць, што слухаць Бога — значыць паступаць мудра, разважліва і справядліва (пар. Прып 1, 2–5; 2, 1–9). Гэтыя тры цноты, на думку Льва XIV, павінны вызначаць выхаваўчыя праекты.

На заканчэнне Святы Айцец папрасіў не спыняцца: абвяшчаць Евангелле і глядзець на чалавека ва ўсёй яго паўнаце — як на адзінства цела і душы, сэрца і сумлення, розуму і волі (Gaudium et spes, 3). Ісці наперад трэба за Тым, хто ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём (Ян 14, 6).

«Каб ярка свяціць, не трэба быць шматлікімі»

Увечары надвор’е ва ўругвайскай сталіцы змяніў халодны вецер, але ён не стаў перашкодай для 70 тысяч маладых людзей, што сабраліся на стадыёне «Сентэнарыа» для сустрэчы з Папам. Гэты стадыён, пабудаваны да першага чэмпіянату свету па футболе ў 1930 годзе, стаў месцам малітоўнага чування і своеасаблівым завяршэннем дня, у якім Леў XIV паслядоўна раскрываў розныя вымярэнні аднаго хрысціянскага паклікання.

Падчас чування прагучалі сведчанні маладых вернікаў аб іх шляхах да Хрыста, пасля чаго Леў XIV падзякаваў ім за шчырасць, адзначыўшы, што за кароткімі гісторыямі стаяць гады вернасці Евангеллю.

Звяртаючыся да прысутных, Пантыфік прапанаваў паглядзець на сучаснае становішча Касцёла праз евангельскі вобраз Бэтлеема. Менавіта невялікае мястэчка, якое не мела асаблівага палітычнага значэння, Бог выбраў месцам нараджэння свайго Сына.

«Калі нас мала, калі нашы сілы змяншаюцца або мы заўважаем, што наша грамадская прысутнасць ужо не тая, што раней, існуе рызыка пачаць ацэньваць свой стан выключна чалавечымі крытэрыямі»,

 — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што малалікасць не азначае нязначнасці, бо Бог дзейнічае і ў драбніцах.

Паралель з сучаснасцю відавочная: ва ўмовах секулярызацыі і рэлігійнай абыякавасці хрысціяне могуць адчуваць сябе меншасцю, заўважаць, што іх грамадская прысутнасць ужо не такая, як раней, і паддавацца спакусе ацэньваць сваю місію выключна паводле колькасці вернікаў або ўплыву на грамадства.

Папа звярнуўся і да Марыі з Юзафам, якія не знайшлі месца ў заездзе (Лк 2, 7). У звычайным жыцці чалавека шмат спраў, планаў, адносін і заняткаў, якія адцягваюць увагу ад Бога настолькі, што Яго адсутнасць перастае ўспрымацца як праблема. Таму ўсе павінны задаць сабе пытанне: ці ёсць у нашым жыцці месца для Хрыста? Ці знаходзім мы час на малітву, Імшу, споведзь і разважанне над Евангеллем?

Святы Айцец заклікаў вернікаў не баяцца быць меншасцю, але захоўваць Хрыста ў цэнтры жыцця, знаходзіць час на малітву, святую Імшу, споведзь і разважанне над Евангеллем.

Асобна ён звярнуўся да маладых людзей, заклікаючы іх адважна адказваць на Божае пакліканне, не баяцца сужэнства і стварэння сям’і, быць адкрытымі на жыццё. Тых, хто адчувае пакліканне да святарства або кансэкраванага жыцця, Папа заахвоціў не заглушаць Божы голас з-за страху страціць іншыя магчымасці. «Каб ярка свяціць, не трэба быць шматлікімі, дастаткова адлюстроўваць святло Пана», — падкрэсліў Леў XIV, нагадваючы пра мудрацоў, якія, убачыўшы зорку, адправіліся ў Бэтлеем.

«Жыццё хрысціяніна павінна быць знакам, які абуджае ў іншых жаданне шукаць Бога»,

— заўважыў Папа. Пантыфік таксама нагадаў словы анёла, які абвясціў пастухам нараджэнне Збаўцы: «Я абвяшчаю вам вялікую радасць». Касцёл, паводле Папы, павінен быць носьбітам гэтай радасці, несці свету Добрую Навіну, якая мацнейшая за смерць, нянавісць, насілле, вайну і грэх.

На заканчэнне Леў XIV заахвоціў уругвайцаў шукаць Хрыста ў Эўхарыстыі, у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, ля табернакулюма.

Далей — Аргенціна, радзіма папы Францішка

Раніцай у нядзелю, 8 лістапада, Святы Айцец накіраваўся ў горад Фларыда, размешчаны прыкладна за сто кіламетраў на поўнач ад Мантэвідэа, дзе ўзначаліў святую Імшу на плошчы перад Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Трыццаці Трох — апякункі Уругвая. Пасля пачаўся аргентынскі этап падарожжа.

З 8 па 11 лістапада Святы Айцец будзе наведваць Буэнас-Айрэс, Кордаву і санктуарый Маці Божай у Лухане.

Наступным этапам стане Перу, дзе Леў XIV будзе знаходзіцца з 11 да 17 лістапада. Асаблівае месца ў праграме зойме Чыклайё — былая дыяцэзія Папы, дзе ён служыў місіянерам, а з 2014 да 2023 года быў біскупам. Пантыфік таксама наведае Ліму, Куска і Пукальпу, сустрэнецца з прадстаўнікамі карэнных народаў, місіянерамі, моладдзю і мясцовымі каталіцкімі супольнасцямі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.