Апошні дзень у Аргенціне, 11 лістапада, Папа Леў XIV распачаў з наведвання турмы Карсэль-дэ-Дэвота, а завяршыў святой Імшой у нацыянальным санктуарыі Маці Божай Луханскай. Пасля развітання з радзімай свайго папярэдніка Францішка Пантыфік прыбыў у Перу — краіну, дзе правёў больш за дваццаць гадоў свайго святарскага жыцця. У першай прамове на перуанскай зямлі ён заклікаў будаваць грамадства, у цэнтры якога будзе чалавечая годнасць, а не інтарэсы асобных груп.
Турма — месца, дзе магчымы новы пачатак
Раніцай 11 лістапада Леў XIV наведаў федэральны пенітэнцыярны комплекс Карсэль-дэ-Дэвота ў Буэнас-Айрэсе. Папа сустрэўся са зняволенымі, супрацоўнікамі турэмнай службы, іх сем’ямі, а таксама выслухаў сведчанні двух вязняў і чалавека, які ўжо адбыў пакаранне.
Гэтая ўстанова мае складаную гісторыю. Турма была заснавана ў 1927 годзе. Падчас ваеннай дыктатуры 1976–1983 гадоў тут дзейнічаў таемны цэнтр утрымання і катавання палітычных зняволеных.
![]()
Звяртаючыся да вязняў, Папа не замоўчваў цяжару іх становішча: разлукі з дзецьмі і блізкімі, бяссонных начэй, пачуцця віны і расчаравання. Аднак ён заклікаў не ўспрымаць цяперашнія абставіны як канчатковы прысуд усяму жыццю. «Нават сярод найглыбейшага зла, болю і няўдач — перажытых або прычыненых іншым — ваша цяперашняя сітуацыя можа стаць унікальнай магчымасцю пачаць жыццё нанова», — сказаў Леў XIV.
Святы Айцец падкрэсліў, што досвед дасягнення ўласных межаў, «калі ён прымаецца ў праўдзе, не збядняе чалавека, але адкрывае яго на распазнанне аблічча Бога і бліжняга». Пантыфік прапанаваў убачыць у часе зняволення не толькі пакаранне і абмежаванне свабоды, але і магчымасць набыць новыя веды і прафесійныя навыкі, рыхтуючыся да вяртання ў грамадства.
«Менавіта таму я хачу падкрэсліць, што турма — гэта таксама месца глыбокіх перамен і навяртання, шляхоў асабістага росту, навучання, набыцця новых прафесійных навыкаў і ведаў. Гэта месца, дзе ёсць людзі, якія, перажыўшы чалавечую крохкасць у яе найбольш балючай форме, здолелі ператварыць пустыню свайго жыцця ва ўрадлівы сад»,
— адзначыў Святы Айцец.
![]()
Дзякуючы Божай ласцы нават у поўнай цемры могуць з’явіцца маленькія агеньчыкі надзеі. Іх святло, паводле Папы, не абмяжоўваецца сценамі турмы, але дасягае сем’яў зняволеных, тых, хто працуе ва ўстанове, і ўсяго грамадства.
Асобна Леў XIV звярнуўся да родных вязняў. Ён нагадаў словы Езуса Хрыста, які атаясамліваў сябе з тымі, хто знаходзіцца ў зняволенні (пар. Мц 25, 36), а перад смерцю сам быў пазбаўлены свабоды, хоць не меў граху (пар. Ян 18, 12). Папа заклікаў маліцца за блізкіх, якія адбываюць пакаранне, каб час адзіноты і ізаляцыі не аказаўся марным, але стаў часам ласкі і збаўлення.
Словы падтрымкі прагучалі і ў адрас супрацоўнікаў пенітэнцыярнай службы, спецыялістаў, валанцёраў і душпастыраў. Пантыфік заклікаў іх не паддавацца расчараванню перад складанасцямі гэтай працы, а дапамагаць ствараць больш чалавечныя ўмовы, якія спрыяюць рэабілітацыі і вяртанню людзей у грамадства.
«Будзем памятаць, што наведванне вязняў — гэта ўчынак міласэрнасці, да якога пакліканы кожны з нас»,
— нагадаў Святы Айцец.
![]()
Завяршаючы сустрэчу, Леў XIV звярнуўся да ўладаў і ўсяго аргенцінскага грамадства з заклікам не адварочвацца ад людзей, якія апынуліся ў цяжкіх абставінах, падтрымліваць сем’і, клапаціцца пра дзяцей і моладзь і змагацца з прычынамі злачыннасці. «Мы з’яўляемся часткай адной чалавечай сям’і», — падкрэсліў Папа.
У Лухане — да Маці Божай і да вытокаў веры
Пасля наведвання турмы Пантыфік накіраваўся ў Лухан, дзе знаходзіцца нацыянальны марыйны санктуарый — адзін з найважнейшых духоўных цэнтраў Аргенціны і ўсёй Лацінскай Амерыкі.
![]()
Штогод сюды прыбываюць мільёны пілігрымаў, каб ушанаваць Маці Божую Луханскую, нябесную апякунку краіны.
Гісторыя гэтага месца пачалася ў 1630 годзе. Паводле падання, партугальскі землеўласнік Антоніу Фарыяс дэ Са замовіў дзве фігуркі Найсвяцейшай Панны Марыі для сваёй капліцы. Калі іх перавозілі на вазах, каля ракі Лухан валы нечакана спыніліся і не хацелі рухацца далей. Жывёлы рушылі толькі пасля таго, як з воза выгрузілі скрыню з адной з фігурак Багародзіцы. Вернікі ўбачылі ў гэтым знак, што Марыя жадае застацца менавіта тут.
На плошчы перад базылікай сабраліся больш за два мільёны вернікаў. Леў XIV узначаліў святую Імшу, падчас якой звярнуў увагу на прыроднае хараство прыроды Аргенціны, у якой ён прапанаваў убачыць дар Творцы.
![]()
Разважаючы над чытаннем з Кнігі прарока Ісаі, Папа нагадаў пра Божае абяцанне вызвалення і аздараўлення. Прарок малюе вобраз зямлі, якая ажывае, калі ў пустыні з’яўляецца вада, а Бог суцяшае чалавечую смагу, адкрывае вочы сляпым і вушы глухім. Гэтыя вобразы, паводле Пантыфіка, вельмі падобныя да новай эпохі і надзеі, якую Пан прапануе чалавеку. Таму Святы Айцец заклікаў не паддавацца страху, радавацца і чэрпаць сілу ў Богу.
Леў XIV таксама падзякаваў аргенцінцам за адкрытасць і адзначыў, што ў гэтай краіне заўсёды знойдзецца месца за сталом для новага чалавека, час для размовы за кубкам матэ і рука дапамогі таму, хто мае ў ёй патрэбу.
Асаблівую ўвагу Папа прысвяціў свайму папярэдніку Францішку, які заўсёды насіў у сэрцы Маці Божую Луханскую — «маленькую смуглявую апякунку» Аргенціны. Паводле Льва XIV, Францішак сваім жыццём і нават выбарам месца пахавання, побач з вобразам Багародзіцы, вучыў вернікаў любіць і шанаваць Марыю.
![]()
Значная частка гаміліі Пантыфіка была прысвечана Эўхарыстыі. Святы Айцец назваў яе духоўным шляхам з чатырох крокаў: прымірэнне, асвятленне Божым словам, Камунія і місія. Гэты шлях, паводле яго, кожны хрысціянін праходзіць падчас святой Імшы.
- Гаворачы пра прымірэнне, Папа нагадаў, што многія людзі і сем’і сёння перажываюць уласную Кальварыю — хваробы, беднасць, беспрацоўе, дыскрымінацыю і сямейныя падзелы. У такія хвіліны можна зразумець боль Марыі, якая стаяла каля крыжа свайго Сына. Але менавіта там Яна атрымала ад Езуса місію прыняць у сваё сэрца ўсё чалавецтва. Таму і мы пакліканы прымаць Божую ласку, прасіць прабачэння і шукаць прымірэння з уласнай гісторыяй, каб будаваць будучыню, у якой апошняе слова будзе за любоўю.
- Другі крок — асвятленне Божым словам — Леў XIV звязаў з евангельскай гісторыяй вучняў, якія ішлі ў Эмаўс (Лк 24, 13–35). Яны былі расчараваныя і прыгнечаныя смерцю Езуса, але Уваскрослы Хрыстус далучыўся да іх, растлумачыў Пісанне, а пазней адкрыўся ім падчас ламання хлеба. Папа параўнаў гэты досвед з тым, што перажывае сучасны чалавек, калі стамляецца, губляе арыенціры або не бачыць выйсця. У такія моманты Божае слова становіцца компасам і святлом на жыццёвым шляху.
![]()
- Трэці крок — Камунія, па словах Пантыфіка, аб’ядноўвае ўсіх вакол стала Хрыста. Асаблівае месца за ім належыць бедным, галодным, мігрантам, хворым і зняволеным — тым, з кім Езус атаясамліваў сябе. Еднасць з Хрыстом не дазваляе замыкацца ва ўласных справах. Яна заклікае дзяліцца атрыманымі дарамі і служыць агульнаму дабру.
- Нарэшце, кажучы пра чацвёрты крок — місію, Папа заклікаў вернікаў абвяшчаць радасць Евангелля не толькі словамі, але і добрымі ўчынкамі, робячы любоў асновай кожнага слова, дзеяння, прабачэння і выпраўлення.
![]()
Завяршаючы малітву да Маці Божай Луханскай, Леў XIV нагадаў пра асаблівую сувязь свайго пантыфікату з гэтым санктуарыем: ён пачаўся 8 мая, у дзень урачыстасці Маці Божай Луханскай. Пантыфік папрасіў Багародзіцу суправаджаць яго ў апостальскай місіі і дапамагчы аргенцінскаму народу будаваць масты любові і салідарнасці, ісці шляхам прымірэння, еднасці і місіі, застаючыся трывала заснаваным на Хрысце — «краевугольным камені» (пар. Дз 4, 11).
«Я адчуваў сябе як дома»: развітанне з Аргенцінай
Пасля святой Імшы Леў XIV падзякаваў усім, хто спрычыніўся да арганізацыі візіту: прадстаўнікам грамадзянскіх і касцёльных уладаў, валанцёрам, сем’ям і супольнасцям, якія ўдзельнічалі ў сустрэчах або сачылі за імі праз сродкі масавай інфармацыі.
![]()
«Я адчуваў сябе як дома», — прызнаўся Леў XIV, развітваючыся з краінай. Ён заклікаў яе жыхароў заставацца з’яднанымі ў Хрысце, маліцца адно за аднаго і даручаць сябе мацярынскай апецы Маці Божай з Лухана.
Пасля афіцыйнай цырымоніі развітання ў міжнародным аэрапорце імя міністра Пістарэні Папа вылецеў у Ліму. Пералёт працягваўся каля пяці з паловай гадзін. Самалёт пераадолеў прыкладна 3530 кіламетраў, пралятаючы над тэрыторыяй Аргенціны, Чылі і Перу.
Перу сустрэла Папу як свайго
Увечары 11 лістапада Леў XIV прыбыў на авіябазу Кальяо, дзе пачаўся перуанскі этап яго апостальскага падарожжа. Гэтая краіна мае для Пантыфіка асаблівае значэнне: больш за дваццаць гадоў ён служыў тут місіянерам-аўгустынам, а пазней быў біскупам дыяцэзіі Чыклая. У 2015 годзе Роберт Прэвост атрымаў перуанскае грамадзянства.
![]()
На авіябазе Папу сустрэлі прэзідэнт Перу Кейка Фухіморы і міністр замежных спраў Карлас Эспа. Дзеці ўручылі Святому Айцу кветкі, а хор з 27 юных спевакоў праекта «Sinfonía por el Perú» выканаў музычнае прывітанне. Пантыфік знайшоў час, каб благаславіць людзей з інваліднасцю і немаўлят, якія прыйшлі на сустрэчу.
Затым Папа накіраваўся ў сталіцу. У Палацы ўрада адбылася афіцыйная цырымонія прывітання, пасля якой Леў XIV сустрэўся з прэзідэнтам краіны. Першым маштабным публічным мерапрыемствам стала сустрэча з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса ў Нацыянальным вялікім тэатры Перу.
![]()
У сваёй першай прамове на перуанскай зямлі Папа звярнуўся да асаблівай гісторыі і разнастайнасці краіны. Перу аб’ядноўвае розныя народы, мовы, традыцыі і рэгіёны. На думку Пантыфіка, сапраўдная еднасць не патрабуе ад людзей аднолькавасці: яна мацнее тады, калі кожны можа ўнесці ў агульнае жыццё свой досвед, гісторыю і перакананні.
«Любіць народ — значыць жадаць, каб усе маглі жыць годна, клапаціцца пра яго і быць гатовымі ахвяраваць чымсьці дзеля яго дабра»,
— адзначыў Святы Айцец.
Асаблівую ўвагу Леў XIV прысвяціў дэмакратычнаму жыццю. Ён падкрэсліў важнасць умення слухаць, прызнаваць, што ніхто не валодае ўсімі адказамі, і не дазваляць рознагалоссям перашкаджаць сумеснаму пошуку агульнага дабра. Для такой шматнацыянальнай краіны, як Перу, гэта асабліва істотна: дыялог патрабуе цярплівасці, павагі да адрозненняў і гатоўнасці пачуць іншага.
Святы Айцец заахвоціў прадстаўнікоў улады і ўсё грамадства развіваць сумленнасць, прынцыповасць і гатоўнасць да сустрэчы, бо менавіта гэтыя якасці ўмацоўваюць давер паміж людзьмі і надзейнасць дзяржаўных інстытутаў.
![]()
Далей Леў XIV перайшоў да тэмы міру. Пантыфік звязаў паняцце міру з паўсядзённым жыццём звычайнага чалавека. Гэта не толькі адсутнасць вайны або грамадскіх канфліктаў, але і магчымасць без страху ісці на працу, клапаціцца пра дзяцей, вяртацца дадому і жыць з упэўненасцю ў заўтрашнім дні. Таму Папа заклікаў улады абараняць чалавечую годнасць, падтрымліваць сем’і, забяспечваць даступнасць медыцынскай дапамогі і клапаціцца пра людзей, якія найбольш патрабуюць падтрымкі: пажылых, хворых, людзей з інваліднасцю і тых, хто перажывае цяжкія абставіны.
Часткай штодзённага міру з’яўляецца таксама магчымасць годна ўтрымліваць сям’ю. Спасылаючыся на вучэнне святога Паўла VI, Пантыфік нагадаў, што сапраўднае развіццё павінна ахопліваць усіх людзей і ўсяго чалавека. Яно ўключае не толькі матэрыяльны дабрабыт, але і культурныя, маральныя і духоўныя памкненні кожнай асобы.
Леў XIV звярнуўся і да тэмы здароўя, нагадаўшы пра пажылых людзей, людзей з інваліднасцю, тых, хто пакутуе ад адзіноты або праблем з псіхічным здароўем. Святы Айцец заклікаў грамадства падтрымліваць сем’і, якія з вялікімі ахвярамі клапоцяцца пра сваіх блізкіх. Дасягнуць гэта можна праз даступныя медыцынскія паслугі і развіццё прафілактычнай медыцыны.
«Тыя, хто прысвячае свае сілы клопату пра іншых, таксама маюць патрэбу ў тым, каб нехта клапаціўся пра іх»,
— падкрэсліў ён.
![]()
У прамове Пантыфік закрануў тэму аховы прыроды, асабліва Перу, дзе рэкі Амазоніі, Анды і шырокае марское ўзбярэжжа вызначаюць жыццё шматлікіх супольнасцей. Выкарыстанне такой прыроднай шчодрасці патрабуе адказнасці і павагі. Таму Леў XIV заклікаў развіваць здольнасць прадбачыць рызыкі, звязаныя з прыроднымі з’явамі, і лепш абараняць насельніцтва.
Леў XIV таксама закрануў развіццё навукі і тэхналогій. Навуковы і тэхналагічны прагрэс дапамагаюць палепшыць медыцынскую дапамогу і наблізіць адукацыйныя магчымасці да аддаленых супольнасцей. У дадатак да гэтай думкі Папа згадаў штучны інтэлект, які змяняе спосабы працы і ўзаемаадносін паміж людзьмі. Спасылаючыся на Magnifica humanitas, Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць адказнага выкарыстання новых магчымасцяў на карысць агульнага дабра. Для гэтага патрэбны адпаведныя прававыя гарантыі, якія прадухіляць злоўжыванні і абароняць людзей ад іх наступстваў.
Асобная частка прамовы была прысвечана міжнароднаму супрацоўніцтву. Выдатнае геаграфічнае становішча Перу дазваляюць гэтай краіне падтрымліваць цесныя сувязі не толькі з суседнімі краінам, а нават і з іншымі кантынентамі. Але праблемы навакольнага асяроддзя і тэхналагічнага развіцця не ведаюць дзяржаўных межаў, таму іх нельга вырашаць ізалявана. Тое ж датычыцца і міграцыі. Успамінаючы перуанцаў, якія жывуць за мяжой, Папа звярнуў увагу, што адлегласць не абавязкова аслабляе любоў да Радзімы: часам менавіта жыццё ўдалечыні дапамагае глыбей зразумець, колькі чалавек атрымаў ад сваёй краіны.
![]()
Ён прывёў прыклад урачыстасці Пана Цудаў (Señor de los Milagros), выява якога аб’ядноўвае перуанцаў у далёкіх гарадах і дапамагае ім падтрымліваць сувязь з роднай зямлёй. «Я сам бачыў, як Рым апранаўся ў фіялетавы колер!», — з усмешкай адзначыў Леў XIV, маючы на ўвазе традыцыйны колер гэтага свята.
Напрыканцы прамовы Святы Айцец звярнуўся да адносін паміж Перу і Апостальскай Сталіцай. Ён нагадаў, што Канстытуцыя краіны прызнае важную ролю Каталіцкага Касцёла ў яе гістарычным, культурным і маральным фармаванні. Місія Касцёла, падкрэсліў Пантыфік, заключаецца ў абвяшчэнні Евангелля, блізкасці да тых, хто церпіць, і служэнні годнасці кожнага чалавека. Ён выказаў удзячнасць Перу за гады свайго служэння, за людзей, сустрэчы і сведчанні веры, якія працягваюць заставацца часткай яго ўласнай гісторыі.
«З пасады святога Пятра жадаю адказаць на такую вялікую любоў сваёй малітвай і блізкасцю»,
— сказаў Святы Айцец. Ён таксама прапанаваў сацыяльнае вучэнне Касцёла ў дапамогу тым, хто працуе дзеля дабра краіны.
![]()
Напрыканцы прамовы Папа прыгадаў калодзеж святой Ружы з Лімы, у якую пакаленні перуанцаў апускалі лісты з просьбамі і надзеямі. Ён выказаў жаданне далучыць да іх і сваю малітву, каб любоў Хрыста дапамагала кожнаму перуанцу бачыць у іншым брата і сястру, а ў кожным чалавеку – яшчэ адну прычыну любіць сваю радзіму.
«Няхай Бог благаславіць Перу і ўсіх яго жыхароў!»
— завяршыў прамову Леў XIV.
Так прайшоў першы дзень перуанскага этапу апостальскага падарожжа — вяртання ў краіну, якую Леў XIV называе адным са сваіх дамоў.
Што чакае Папу ў Перу
Перуанскі этап апостальскага падарожжа працягнецца да 17 лістапада і стане самым працяглым у цяперашнім падарожжы па Лацінскай Амерыцы.
![]()
У наступныя дні Леў XIV сустэнецца з біскупамі Перу, наведае Чыклаё і Піментэль, дзе ўзначаліць святую Імшу. Праграма таксама прадугледжвае паездку ў Куска і Пукальпу, сустрэчы з прадстаўнікамі народаў Амазоніі і місіянерамі. Завершыцца візіт 16 лістапада святой Імшой у Ліме і цырымоніяй развітання.



