Трэці дзень апостальскага падарожжа Льва XIV па Лацінскай Амерыцы — 8 лістапада — выдаўся насычаным, нягледзячы на нядзелю: Святы Айцец завяршыў візіт ва Уругваі Імшой у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Трыццаці Трох, затым вылецеў у Буэнас-Айрэс, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Хаўерам Мілеем і выступіў перад уладамі, грамадзянскай супольнасцю і дыпламатычным корпусам. Падрабязнасці — ніжэй.
«Юдыта і гісторыя Уругвая: мужнасць, якая давярае Богу»
Перад тым як адправіцца ў наступную краіну свайго падарожжа — Аргенціну, у нядзелю, 8 лістапада, Леў XIV прыехаў у Нацыянальны санктуарый Маці Божай Трыццаці Трох (Virgen de los Treinta y Tres) у Флорыдзе, дзе яго чакала Імша.
![]()
У сваёй прамове да ўругвайскіх вернікаў Святы Айцец асабліва засяродзіўся на адным з вобразаў нядзельнага Слова Божага — Юдыты, якая нават у цяжкія хвіліны не паддалася страху, працягвала маліцца і рызыкавала жыццём, каб вызваліць свой народ, а пасля перамогі не прыпісала яе сабе, бо ведала, што Ізраэля ўратаваў Бог (пар. Юд 8–10; 16, 1).
У яе прыкладзе Святы Айцец бачыць сувязь з вырашальнымі момантамі і ў гісторыі Уругвая. У 1825 годзе, калі краіна набыла незалежнасць, тыя, хто змагаўся за свабоду сваёй зямлі, таксама даверылі Богу і Марыі новы пачатак сваёй краіны.
З таго часу змяніліся пакаленні, абставіны і нават адносіны многіх уругвайцаў да веры. Леў XIV ведае, што многія маці і бабулі, якія вучылі сваіх дзяцей і ўнукаў першых слоў малітвы, цяпер носяць у сэрцы асаблівы боль: іх нашчадкі больш не моляцца і гадамі не ходзяць у касцёл. Часам гэтыя жанчыны пытаюцца ў сябе, ці не зрабілі нешта не так.
![]()
Разважаючы пра гэта, Леў XIV прыгадаў святую Моніку, якая гадамі малілася за сына, які здаваўся ўсё далей ад Бога, і не пераставала спадзявацца на ласку. «Таму не лічыце страчаным тое, што вы пасеялі», — сказаў ён, нагадаўшы, што зерне ўзыходзіць і расце, а сейбіт не ведае, як (пар. Мк 4, 27), і папрасіў працягваць маліцца, любіць і спадзявацца «ў спрыяльны і неспрыяльны час».
«Ёсць дзверы, якія вы не можаце адчыніць, але Бог можа», — прыгадаў Святы Айцец.
Леў XIV звярнуўся і да мужчын — бацькоў і дзядуляў, якім таксама належыць быць прыкладам таго, што вера займае канкрэтнае месца ў жыцці іхняй сям’і. Узгадваючы святога Юзафа, які выхоўваў Езуса і паказваў, што Бог павінен быць на першым месцы, Пантыфік сказаў: «Сын шмат чаму вучыцца, калі бачыць, што бацька ўмее схіляць калені перад Богам і не адчувае сябе ад гэтага менш мужчынам».
«Уругвай, трэба адправіцца ў дарогу!»
Па словах Льва XIV, перадаваць веру — значыць весці іншых да Хрыста. Каб развіць гэтую думку, Папа звярнуўся да вобраза Марыі, якая пасля Звеставання «паспяшалася ў горную краіну» (Лк 1, 39): не стала чакаць, пакуль Альжбета прыйдзе да яе, а сама ўвайшла ў яе дом, несучы Пана.
«Уругвай, трэба адправіцца ў дарогу! Трэба зноў заходзіць у дамы, набліжацца да людзей, слухаць іх пытанні і несці ім Хрыста!»
— заклікаў Пантыфік.
![]()
Кожны ведае, да каго зрабіць гэты крок: да сына, сябра, суседа ці таго, хто даўно перастаў верыць або ніколі не меў побач чалавека, які расказаў бы яму пра Бога. На заканчэнне Леў XIV усклаў Залатую Ружу каля вобраза Маці Божай Трыццаці Трох — як знак таго, што збываюцца Яе словы: «благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні» (Лк 1, 48).
Святы Айцец зноў пасвяціў краіну Марыі, якая вядзе свой народ, і папрасіў Бога, каб праз Яе заступніцтва Ён зламаў справы д’ябла і ахоўваў Уругвай ад усяго, што аддаляе яго ад Хрыста.
Залатая Ружа, па словах Пантыфіка, нагадвае і дзецям Марыі, што яны пакліканыя любіць Хрыста, як любіла Яна, і несці Яго іншым.
![]()
Пасля Імшы ў Флорыдзе Святы Айцец прыбыў у дом «Езус Добры Пастыр» (Jesús Buen Pastor) і паабедаў разам з мясцовымі біскупамі, а потым накіраваўся на машыне ў Мантэвідэа, дзе развітаўся з кіраўніком дзяржавы і падняўся на борт самалёта. У 15.52 па мясцовым часе самалёт авіяліній Aerolíneas Argentinas з Пантыфікам на борце вылецеў у Буэнас-Айрэс.
«Прыбыццё ў Аргенціну:«Ніводнае пакаленне не будуе Радзіму з нуля»
Пералёт на радзіму папы Францішка заняў каля гадзіны. У 17.00 пасля прыбыцця Леў XIV накіраваўся на галоўную плошчу ў Буэнас-Айрэсе — плошчу Сан-Марціна, каб ушанаваць памяць нацыянальных герояў Аргенціны.
![]()
Далей адбылася афіцыйная цырымонія прывітання Льва XIV у Ружовым доме ў Буэнас-Айрэсе, дзе Папу сустрэў прэзідэнт Хаўер Мілей. Пантыфіку аддалі вайсковыя ўшанаванні, пасля чаго ён ушанаваў Дзяржаўны сцяг Аргенціны. Падчас сустрэчы Пантыфік і прэзідэнт зрабілі афіцыйнае фота і абмяняліся падарункамі.
Для Святога Айца гэты візіт асаблівы: дванаццаць гадоў Касцёл слухаў голас Папы-аргенцінца, які насіў у памяці і ў сэрцы мясціны, людзей і веру сваёй Радзімы. «Сёння, як яго пераемнік, я ў пэўным сэнсе праходжу гэты шлях у адваротным кірунку», — заўважыў Пантыфік.
Пасля Святы Айцец накіраваўся ў Палац Свабоды (Palacio Libertad), дзе выступіў перад уладамі, грамадзянскай супольнасцю і дыпламатычным корпусам Аргенціны.
![]()
У сваёй прамове Леў XIV адразу акрэсліў характар свайго візіту: у першую чаргу ён прыехаў як Наступнік Пятра і пастыр.
«Касцёл суправаджае жыццё народаў і хоча прапанаваць і тым, хто займае дзяржаўныя пасады, слова, натхнёнае Евангеллем, — дзеля годнасці кожнага чалавека, згоды і агульнага дабра»,
— сказаў Леў XIV.
Леў XIV звярнуўся да некалькіх тэм — спадчыны, дэмакратыі, эканомікі. Гаворачы пра спадчыну і дэмакратыю, Папа нагадаў, што Аргенціна — гэта краіна, якую будуюць і тыя, хто тут нарадзіўся, і тыя, хто прыехаў здалёк і знайшоў тут дом. «Ніводнае пакаленне не будуе Радзіму з нуля», — падкрэсліў Пантыфік. Радзіму перадаюць праз мову, сувязі, інстытуцыі і дабро, створанае працай многіх.
![]()
Паводле Папы, мець агульную спадчыну — значыць умець жыць разам, нават калі думкі розныя. Таму, як перакананы Леў XIV, трэба берагчы свабоду выбараў, удзел у грамадскім жыцці, свабоду выказвацца, давер да закона і інстытуцый (пар. Centesimus annus, 46) — усё тое, з чаго складаецца дэмакратыя. У гэтым кантэксце Святы Айцец нагадвае:
«Улада набывае найвышэйшы сэнс, калі яна — служэнне: калі бачыць далей за сённяшні дзень, ведае свае межы і дбае пра дабро ўсёй супольнасці» (пар. Pacem in terris, 53–60).
Цэнтральнай у прамове сталі тэмы працы і эканомікі. Для годнага жыцця патрэбная магчымасць жыць са сваёй працы, як падкрэсліў Святы Айцец, бо толькі праца дазваляе ўтрымліваць блізкіх, развіваць здольнасці і адчуваць сябе ўдзельнікам будаўніцтва Радзімы (пар. Dilexi te, 115). Таму, па словах Пантыфіка, трэба падтрымліваць усё, што адкрывае новыя магчымасці і прыватную ініцыятыву. «Эканоміка павінна служыць чалавеку, а не чалавек — эканоміцы», — адзначыў Леў XIV.
«Моладзь, жыццё і экалогія: адказнасць за будучыню»
Пасля гэтай думкі Папа звярнуў увагу на моладзь. «Народ павінен сур’ёзна спытаць сябе, дзе ён памыліўся, калі яго маладыя вымушаныя пакідаць сваю зямлю, каб здзейсніць мары», — сказаў Святы Айцец. Каб яны маглі будаваць жыццё ў Аргенціне, трэба ўмацоўваць адукацыю, прафесійную падрыхтоўку, універсітэты і навуку (пар. Populorum progressio, 14–15), давяраць маладым і даваць ім месца для ініцыятывы і адказнасці.
![]()
Пантыфік гаварыў і пра адказнасць за будучыя пакаленні, якая пачынаецца з прыняцця жыцця з першых імгненняў і аховы яго да натуральнага канца (пар. Evangelium vitae, 101). Тая ж годнасць патрабуе клопату пра тых, каму патрэбна дапамога, і варта, каб багатыя прыродныя рэсурсы Аргенціны служылі дабрабыту грамадства (пар. Caritas in veritate, 51). Леў XIV не пакінуў па-за ўвагай і тэхналагічны прагрэс, асабліва штучны інтэлект, які патрабуе этычнай адказнасці (пар. Laudate Deum, 21–24).
Святы Айцец заклікаў Аргенціну супрацоўнічаць з іншымі народамі Паўднёвай Амерыкі, каб разам змагацца з пагрозамі, якія падрываюць давер грамадзян да інстытуцый: злачыннасцю, гандлем людзьмі, зброяй і наркотыкамі, а таксама карупцыяй. Дэвіз візіту «Вітаем усіх. Ідзіце і абвяшчайце» (пар. Мц 22, 9–10; Мк 16, 15) коратка выказвае жаданне Касцёла дапамагчы ў гэтай справе.
«Ёсць дабро, якога не створыць ніводная дзяржаўная палітыка: давер, прабачэнне, гатоўнасць служыць і ўсведамленне, што жыццё мае сэнс большы за поспех. Вера жывіць менавіта такое дабро»,
— падкрэсліў Леў XIV.
![]()
На заканчэнне Пантыфік прыгадаў словы легендарнага аргенцінскага спявака і кампазітара Карласа Гардэля пра тое, што жыццё — як подых, але дабро, якое пакаленні захавалі і перадалі, застаецца. Ён заклікаў аргенцінцаў памножыць атрыманае і захаваць імкненне «ўмацаваць нацыянальнае адзінства». Свае малітвы Пантыфік даверыў Маці Божай Луханскай і паўтарыў пажаданне папы Францішка:
«Няхай Пан дапаможа вам расці як народу».





