Пошук

06.02.2026 08:45   Catholic.by

Фота: wikipedia.org

Друя Рым — Харбін — ГУЛАГ — Варшава — Лондан  гэта асноўныя вехі жыццёвага шляху каталіцкага святара ўсходняга абраду, марыяніна, доктара філасофіі, педагога і публіцыста айца Тамаша Падзявы MIC.

Нарадзіўся Тамаш Падзява ў вёсцы Пярхулева Дзісенскага павета Віленскай губерніі (цяпер Мёрскі раён) 6 лютага 1906 года. Пасля заканчэння пачатковай школы Тамаш паступіў у ювенат айцоў марыянаў у Друі, адначасова наведваў заняткі ў мясцовай гімназіі. У 1926 годзе ўступіў у супольнасць айцоў марыянаў, а годам пазней даў свае першыя манаскія абяцанні. Вучыўся ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, у якім у 1931 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі.

У 1934 годзе манах Тамаш атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў грэка-каталіцкім абрадзе.

Праз год маладога святара накіравалі на край свету у кітайскі Харбін, дзе працавала Усходняя Каталіцкая Місія. На той час пры Місіі ўжо дзейнічалі ліцэй святога Мікалая для хлопчыкаў і прытулак са школай для дзяўчынак. Айцец Тамаш працаваў выхавацелем у ліцэі, а таксама выкладаў у ім і ў школе розныя прадметы.

Калі на тэрыторыі Маньжурыі ўсталявалася камуністычная ўлада, яна ў запале барацьбы з рэлігіяй не абмінула і навучальныя ўстановы Місіі. У ліцэі тады навучаліся і былі на пастаянным утрыманні 202 хлопчыкі, а ў прытулку 310 дзяўчынак.  

22 снежня 1948 года былі арыштаваны кіраўнік Місіі архімандрыт Андрэй Цікота, айцы Язэп Германовіч і Тамаш Падзява. Іх цягніком давезлі да савецкай мяжы і перадалі прадстаўнікам НКУС.

Пасля доўгіх допытаў і катаванняў святарам быў вынесены прысуд: 25 гадоў зняволення ў лагерах.

Айцец Тамаш пакутаваў у Сібіры больш як 6 гадоў: пасля 1953 года яго вызвалілі і перадалі Польшчы. Некалькі гадоў Тамаш Падзява быў выкладчыкам у семінарыі айцоў марыянаў. З 1969 года ён жыў у Лондане ў Беларускай Каталіцкай Місіі, выконваў абавязкі душпастыра, супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй Радыё Ватыкана, у часопісе «Божым шляхам» друкаваў катэхезы, над кожнай з якой рупліва працаваў. У 1975 годзе сардэчны прыступ спыніў яго зямны шлях.

Абноўлена 06.02.2026 10:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця