
Біскуп Мэцью Хасан Кука з Нігерыі ўспамінае, як семінарыст Майкл Ннадзі быў замучаны пасля таго, як смела прапаведаваў евангельскае пакаянне сваім выкрадальнікам-мусульманам.
10 жніўня ў вялікім інтэрв'ю агенцтву Catholic World Report (CWR) біскуп Мэцью Хасан Кука з Сакота, Нігерыя, разважаў пра захапляючую веру афрыканскіх католікаў. На фоне дыскусій аб велізарным росце Касцёла ў Афрыцы, моцным уплыве матэрыялізму і пастаяннай няўпэўненасці яго вернікаў у заўтрашнім дні, біскуп звярнуўся да асабістай гісторыі, якая паказвае, што моц Касцёла парадаксальным чынам ўзрастае падчас пераследу: ён узгадаў мучаніцкую смерць 18-гадовага семінарыста, які смела абвяшчаў Евангелле сваім мусульманскім выкрадальнікам і па гэтай прычыне быў забіты.
«Я страціў семінарыста, 18-гадовага маладога чалавека, які быў выкрадзены разам з трыма яго сябрамі, — прызнаўся біскуп Кука. — Пасля перамоваў і выплаты выкупу трое яго калег былі вызваленыя, а ён быў забіты. Яго выкрадальнікі праз год былі арыштаваныя. Яны прызналіся, што забілі яго, таму што, нягледзячы на зброю ў іх руках, ведаючы, што яны мусульмане, ён настойваў на тым, што яны павінны пакаяцца ў сваіх злачынствах і вярнуцца да Бога!»
Гэтым маладым чалавекам быў Майкл Ікечукву Ннадзі, студэнт першага курса філасофіі ў Вышэйшай семінарыі Добрага Пастыра ў Какау, штат Кадуна, Нігерыя.
У ноч на 8 студзеня 2020 года, каля 22.30, узброеныя людзі ў ваенным камуфляжы праніклі праз агароджу на тэрыторыю семінарыі, стралялі, скралі тэлефоны і ноўтбукі і выкралі Ннадзі разам з яго трыма аднакурснікамі — 19-гадовым Піусам Канвай, 23-гадовым Пітэрам Уменукорам і таксама 23-гадовым Стывенам Амосам. Гэтыя астатнія трое пасля перамоваў аб выкупе ў рэшце рэшт былі вызваленыя, але Ннадзі — не.
Біскуп Кука, да дыяцэзіі якога належаў Ннадзі, абвясціў пра смерць юнака 1 лютага 2020 года пасля таго, як рэктар семінарыі апазнаў яго цела.
«З вялікім цяжарам у сэрцы я хачу паведаміць вам, што наш дарагі сын Майкл быў забіты бандытамі ў дату, якую мы не можам пацвердзіць», — сказаў у той час біскуп.
«Хто мы такія, каб плакаць? Хто мы такія, каб адмовіцца ад гэтай кароны гонару і славы?»
Ннадзі быў пахаваны на тэрыторыі семінарыі 11 лютага 2020 года пасля пахавальнай Імшы, якую цэлебраваў біскуп Кука. У сваёй гаміліі біскуп ператварыў гора ў абвяшчэнне перамогі. Ён падзяліўся тым, як арганізацыя «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» мабілізавала глабальны адказ на гэтае забойства.
«("Дапамога Касцёлу ў патрэбе") даслала мне паведамленне, у якім гаварылася, што калі яны папрасілі людзей ва ўсім свеце запаліць свечку за Майкла ў дзень яго пахавання, адгукнулася 2436 чалавек з Афганістана, Пакістана, Злучаных Штатаў Амерыкі, Мексікі, Венесуэла, Калумбія, Мадагаскара, Паўднёвай Афрыкі, Конга, Малі, Францыі, Іспаніі, Турцыі і Саудаўскай Аравіі», — сказаў ён.
«У святле гэтага я задаўся пытаннем: хто мы такія, каб плакаць? Хто мы такія, каб адмовіцца ад гэтай кароны гонару і славы? У гэты момант мы перасталі аплакваць Майкла», — прызнаўся ён, дадаўшы, што вырашыў прызнаць яго мучаніцкую смерць вялікім гонарам і перамогай хрысціянскай супольнасці.
«Мы павінны быць гатовыя абмыцца ў крыві Баранка (пар. Ап 7, 14)»,
— працягваў біскуп.
«У нас ёсць прадчуванне, што наш сын быў абраны прадстаўніком нашага народа ў супольнасці мучанікаў. Мы завершым падарожжа, якое ён пачаў, без боязі, таму што памяць пра яго дасць нам сілу», — заахвочваў біскуп.
«Мы ведаем, што сіла Майкла натхніць цэлую армію маладых людзей крочыць за ім. Мы будзем ісці наперад з крыжом Хрыста, які дадзены нам, а не ў стане агоніі або болю, таму што нашае збаўленне — у крыжы. У нашых сэрцах няма помсты ці горычы. У нас няма ні кроплі смутку. Мы маем гонар, што наш сын быў пакліканы, каб атрымаць карону мучаніцкай смерці ў пачатку свайго шляху да святарства», — дадаў ён.
«Мой Пан забраў яго да сябе, і няхай ён заступаецца за нас. Калі яго кроў можа прынесці аздараўленне нашаму народу, то яго забойцы ніколі не будуць мець апошняга слова. Няхай Бог дасць яму вечны супакой», — прамовіў у заключэнне біскуп Кука.
Спадчына Майкла Ннадзі трывае
У канцы красавіка 2020 года паліцыя арыштавала членаў банды.
Выкрадальнікі прызналі, што забілі Ннадзі менавіта таму, што ён настойліва прапаведаваў ім пакаянне і Евангелле, нават ведаючы, што яны мусульмане.
Біскуп Кука пазней ахарактарызаваў маладога чалавека як таго, хто меў «адвагу мучаніка».
У гонар маладога мучаніка дом біскупа ў Сакота быў перайменаваны ў Дом Майкла Ннадзі, а біскупы касцёльнай правінцыі Кадуна абвясцілі санктуарый у яго гонар у семінарыі Добрага Пастыра, дзе яго магіла ля ўваходу ў будынак з’яўляецца маўклівай сведкай мінулых падзей. Біскуп Кука выказаў надзею, што Касцёл калісьці афіцыйна абвесціць Ннадзі святым мучанікам.
У інтэрв'ю CWR біскуп вярнуўся да гэтай гісторыі як да жывога доказу сваёй перакананасці ў тым, што «гісторыя нашага Касцёла з'яўляецца гісторыяй нявіннай крыві і мучаніцкай смерці... Мы не можам баяцца іх, таму што нашая вера пабудавана на крыві мучанікаў».







