Пошук

08.04.2026 22:20   Аляксандр Панчанка / Vatican News BY

Фота: CEAMA

Святасць — не прывілей нямногіх, але дар, які абавязвае кожнага ахрышчанага імкнуцца да дасканаласці ў любові, — падкрэсліў Папа Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 8 красавіка 2026 года ў Ватыкане.

«Кожны з нас пакліканы жыць у ласцы Бога, практыкуючы цноты і наследуючы Хрыста», — сказаў Пантыфік, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны дакументам Другога Ватыканскага Сабора. Ён прапанаваў паразважаць над пятым раздзелам дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium, у якім гаворыцца пра пакліканне ўсіх вернікаў да святасці.

Святасць — не прывілей нямногіх

Згодна з саборнай канстытуцыяй, святасць — гэта не прывілей нямногіх, але дар, які абавязвае кожнага ахрышчанага імкнуцца да дасканаласці ў любові, гэта значыць да паўнаты любові да Бога і бліжняга.

«Любоў, насамрэч, — гэта сэрца святасці, да якой пакліканы ўсе вернікі: вылітая Айцом праз Сына Езуса, гэта цнота «кіруе ўсімі сродкамі асвячэння, фарміруе іх і вядзе да мэты»,

— падкрэсліў Папа.

Мучаніцтва і штодзённае сведчанне веры

Леў XIV заўважыў таксама, што ад самага пачатку гісторыі Касцёла самым высокім узроўнем святасці лічыцца мучаніцтва — «найвышэйшае сведчанне веры і любові», але пакліканне да святасці таксама можа спаўняцца ў штодзённым сведчанні веры і працы на карысць справядлівасці.

Сакрамэнт Эўхарыстыі

Святы Айцец адзначыў, што ўзрастаць у святым жыцці дапамагаюць сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя, прыпадабняючы кожнага чалавека да Хрыста — прыкладу і меры святасці.

Vatican Media

Штодзённая місія навяртання

Пантыфік нагадаў пра святасць Касцёла і пакліканне ўсіх вернікаў змагацца з грахамі і весці паслядоўнае жыццё. Сумная рэальнасць граху ў Касцёле, гэта значыць ва ўсіх нас, заклікае кожнага прыкладаць намаганні для сур’ёзнай змены жыцця, давяраючы Пану, які абнаўляе нас у любові. 

«Менавіта тая бясконцая ласка, якая асвячае Касцёл, даручае нам місію, якую мы павінны выконваць дзень за днём — гэта місія нашага навяртання»,

— падкрэсліў Папа.

Кансэкраванае жыццё — прароцкі знак новага свету

Леў XIV заўважыў, што асаблівая роля ў сведчанні аб магчымасці святасці належыць кансэкраваным асабам, якія праз евангельскія рады беднасці, чыстасці і паслухмянасці служаць ва ўсім Божым народзе «прароцкім знакам новага свету».

«Гэтыя тры цноты не абмяжоўваюць свабоду, але з’яўляюцца вызвольнымі дарамі Духа Святога, з дапамогай якіх некаторыя вернікі цалкам прысвячаюць сябе Богу», — адзначыў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што праз радыкальнае наследаванне Хрыста кансэкраваныя асобы нагадваюць, што кожны досвед — нават пакуты — можа стаць шляхам да святасці.

Абноўлена 08.04.2026 23:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.