
«Досвед жывой і пабожнай літургіі, які суправаджаецца адпаведнай містагагічнай катэхезай, з’яўляецца найлепшым сродкам абудзіць ва ўсіх адкрытасць на сустрэчу з Богам», — падкрэсліў Папа.
Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 3 чэрвеня ў Ватыкане, Леў XIV працягнуў разважанне над канстытуцыяй пра святую літургію Sacrosanctum concilium. Ён заўважыў, што «Другі Ватыканскі Сабор, абапіраючыся на каштоўную працу Літургічнага руху, дапамог нам нанова адкрыць праўду, якая была вельмі жывой у свядомасці старажытнага Касцёла і вучэнні Айцоў Касцёла». «Абрады хрысціянскай літургіі не з’яўляюцца знешнім аздабленнем сакрамэнтальнай таямніцы, наборам адвольных цырымоній, але выступаюць касцёльным пасярэдніцтвам, праз якое да нас даходзіць Божы дар. Менавіта таму Сабор заклікае разумець «таямніцу веры», што здзяйсняецца ў літургіі праз абрады і малітвы (пар. SC, 48)», — сказаў ён.
Святы Айцец падкрэсліў, што «абрад надае форму літургічнаму дзеянню і праз яго — нашаму жыццю, фарміруючы ў нас духоўную ўспрымальнасць, якая робіць нас здольнымі спазнаваць прысутнасць Бога праз Езуса Хрыста».
«Натуральна, гэта адбываецца тады, калі мы не застаёмся староннімі або маўклівымі гледачамі адносна літургіі, але ўдзельнічаем у ёй усёй сваёй істотай — целам, розумам і сэрцам, у паслухмянасці наказу Пана. Праз святы абрад мы такім чынам фарміруемся ў слуханні Божага слова, удзячнасці і адарацыі, братэрскім дзяленні і касцёльнай еднасці. Мы адкрываем, што з’яўляемся супольнасцю многіх абліччаў, з’яднанай адной верай»,
— заўважыў Папа.
Леў XIV нагадаў, што «абрад уключае нас у выразна акрэсленую паслядоўнасць жэстаў і малітваў, якая часам можа супярэчыць нашай асабістай схільнасці да спантаннасці». «Аднак яго логіка заключаецца не ў тым, каб абмяжоўваць свабоду схемамі. Наадварот, праз урачыстую стрыманасць свайго рытму абрад перарывае ліхаманкавую дзейнасць, вяртаючы нас да галоўнага. Так мы адкрываем іншае вымярэнне дзеяння, не кіраванае прадуктыўнымі разлікамі, і іншы досвед часу і прасторы. У абрадзе мы перажываем логіку бескарыслівасці, знаходзім адпачынак, які аднаўляе сэрца, усведамляем, што нас апярэджвае Божая ласка, і вучымся жыць у рытме, напоўненым Духам Святым», — патлумачыў ён.
Святы Айцец заўважыў, што «граматыка абраду пераплеценая са знакамі і сімваламі, уласцівымі літургіі».
«У ёй, як сцвярджае Сабор, «праз бачныя знакі выражаецца і ўласцівым кожнаму знаку спосабам ажыццяўляецца асвячэнне чалавека» (SC, 7). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла паглыбляе разуменне значэння гэтых знакаў, нагадваючы, што «іх значэнне замацавана ў справе стварэння і ў чалавечай культуры, удакладняецца ў падзеях Старога Запавету і цалкам адкрываецца ў асобе і справе Хрыста» (1145). Асабліва паказальны знак вады: ад пачатку стварэння да патопу, ад пераходу праз Чырвонае мора да Ярдана, аж да вады, што выцякае з боку Хрыста і становіцца сакрамэнтальным знакам пагружэння ў Яго смерць і ўваскрасенне»,
— адзначыў Папа.
Пантыфік заўважыў, што словы «знак» і «сімвал» часта ўжываюцца як сінонімы, але, насамрэч, «знак з’яўляецца сімвалічным тады, калі здольны адсылаць не толькі да нейкай ідэі, але да цэлай сістэмы значэнняў і каштоўнасцяў». «Так, напрыклад, калі нас акрапляюць асвячанай вадой, у нас ажывае свядомасць дару, атрыманага ў хросце, і наша прыналежнасць да новага жыцця ў Хрысце. Па-другое, сімвалы маюць пераважна практычны характар, бо найперш з’яўляюцца дзеяннямі: больш простымі і звычайнымі, як укленчванне або перадача знаку супакою, ці больш значнымі, як дзеянні, якія складаюць кожны сакрамэнт. Перш за ўсё сімвалы валодаюць асаблівым пераўтваральным і дзейсным вымярэннем як у адносінах да матэрыяльных элементаў, з якіх складаюцца, так і да тых, хто з імі сутыкаецца. Яны ствараюць пачуццё прыналежнасці, закранаюць сэрца і розум, спрыяюць узнікненню сапраўдных касцёльных адносін», — патлумачыў Папа.
Леў XIV нагадаў словы папы Францішка з Апостальскага ліста Desiderio desideravi, які пісаў, спасылаючыся на сцвярджэнне Рамана Гвардзіні, што «першае заданне літургічнай фармацыі: чалавек павінен зноў стаць здольным да сімвалаў» (44). «Нам неабходна дазволіць літургічным абрадам выхоўваць нас, далікатна і без самавольства клапоцячыся пра прыгажосць нашых цэлебрацый і прысвячаючы сябе сапраўднай містагогіі. Досвед жывой і пабожнай літургіі, які суправаджаецца адпаведнай містагагічнай катэхезай, з’яўляецца найлепшым сродкам абудзіць ва ўсіх адкрытасць на сустрэчу з Богам, якая, паводле логікі ўцелаўлення, можа адбыцца толькі пры ўдзеле ўсяго чалавека: духа, душы і цела», — завяршыў катэхезу Святы Айцец.







