Пошук


Фота: www.vaticannews.va

Кардынал П’етра Паралін прадставіў пазіцыю Апостальскай Сталіцы наконт штучнага інтэлекту: гэтая тэхналогія не добрая і не дрэнная сама па сабе, але яна навязвае выбары, ад якіх залежыць будучыня чалавецтва. Іерарх  папярэджвае пра рызыкі для годнасці і свабоды асобы і нагадвае пра выбар паміж вежай Бабілёнскай вежай і мурамі Ерузалема.

Ватыканскія іерархі чарговы раз звяртаюць увагу на праблемы выкарыстання штучнага інтэлекту. 16 верасня кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у канферэнцыі «Вера і розум у эпоху штучнага інтэлекту», якая прайшла ў італьянскім парламенце, пасля чаго адказаў на пытанні журналістаў. Дзяржаўны сакратар падкрэсліў, што дзяржавы павінны распрацаваць агульныя правілы рэгулявання штучнага інтэлекту, паколькі гэта глабальная з’ява, якая закранае будучыню ўсяго чалавецтва і агульнае дабро.

«Давайце спынімся і па-сапраўднаму паразважаем над тым, якімі могуць быць наступствы штучнага інтэлекту і яго выкарыстання», — заахвоціў ён.

Прадстаўнік Святога Пасада станоўча ацаніў нядаўні заклікі дзяржаўных кіраўнікоў да адказнасці ўрадаў і наднацыянальных структур у пытаннях кіравання новымі тэхналогіямі. «Штучны інтэлект з’яўляецца глабальнай з’явай, якая патрабуе ўдзелу ўсіх», — нагадаў ён.

«Мяне непакоіць тое, што некаторыя краіны фактычна жадаюць рухацца ў адзіночку», сказаў Дзяржаўны сакратар. На яго думку, неабходна сумесна выпрацаваць агульныя нормы, здольныя рэгуляваць гэтую сферу. Ён выказаў надзею, што дзяржавы і міжнародныя структуры змогуць разам знайсці адказы, паколькі на карту пастаўлена будучыня чалавецтва.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць стварэння ў рамках Генеральнай асамблеі ААН міжнароднай структуры для кантролю за штучным інтэлектам, кардынал Паралін адзначыў, што Апостальская Сталіца звычайна займаецца фармуляваннем прынцыпаў. «Верагодна, на гэтым этапе мы не будзем шукаць неадкладных тэхнічных рашэнняў», — сказаў ён, дадаючы, што канкрэтныя механізмы міжнароднага супрацоўніцтва павінны выпрацоўвацца дзяржавамі і адпаведнымі арганізацыямі.

Іерарх падзяліўся ўласным досведам выкарыстання штучнага інтэлекту. Па яго словах, гэтая тэхналогія ўжо становіцца часткай паўсядзённасці, напрыклад, прапаноўваючы карыстальнікам кароткія абагульненні прачытанага матэрыялу: «Сёння штучны інтэлект навязваецца, бо калі адкрываеш камп’ютар і чытаеш нешта, ён ужо прапануе табе сціслы пераказ».

Пры гэтым іерарх падкрэсліў, што не выкарыстоўвае штучны інтэлект для падрыхтоўкі гамілій: «Штучны інтэлект гэта толькі галава, без сэрца. Я стараюся дадаць крыху сэрца ў свае гаміліі».

На завяршэнне канферэнцыі кардынал доўга аналізаваў сучасную сітуацыю са штучным інтэлектам, «апошнім і самым развітым прадуктам навукі, гонарам тэхнікі, народжанай з патрабавання аўтаноміі і свабоды чалавека». Ён, як сказаў кардынал, «парадаксальна становіцца боствам, якое паглынае прастору свабоды і здольнасці прымаць рашэнні, каб уніфікаваць чалавека і сістэму».

Сам па сабе штучны інтэлект «не добры і не дрэнны», але ён навязвае выбары. І энцыкліка папы Льва XIV Magnifica humanitas з’яўляецца тут кіраўніцтвам:

«Перад тэхналагічнай уладай, якая падпарадкоўваецца прыватным інтарэсам больш, чым агульнаму дабру, Папа падкрэслівае менавіта гэты аспект: выбар паміж тым, каб будаваць Бабілёнскую вежу ці аднаўляць муры Ерузалема»,

— сказаў Паралін. І заключыў: «На карце — абарона чалавечай асобы, яе годнасці, яе свабоды і яе самай ідэнтычнасці».

Абноўлена 18.09.2026 18:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.