
Папа Леў XIV з глыбокім смуткам успрыняў вестку пра гібель людзей у выніку крушэння парома на возеры Карыба ў Зімбабвэ. Трагедыя забрала жыцці больш за 90 чалавек.
З нагоды катастрофы 18 жніўня Апостальская Сталіца апублікавала тэлеграму за подпісам Дзяржаўнага сакратара кардынала П’етра Параліна. У дакуменце паведамляецца, што Пантыфік з вялікім болем даведаўся пра здарэнне на возеры Карыба ў Зімбабвэ.
Судна перакулілася з-за моцных хваляў 17 жніўня. Паводле афіцыйных звестак, колькасць загінулых перавысіла 90 чалавек, ратавальнікі працягваюць даставаць целы з вады. На момант аварыі на борце знаходзілася каля 150 пасажыраў, хоць паром быў разлічаны толькі на 90. Выратаваць удалося каля 80 чалавек, аднак некалькі пасажыраў дагэтуль лічацца зніклымі без вестак.
Пантыфік запэўніў ва ўласнай малітоўнай падтрымцы ўсіх, хто задзейнічаны ў пошукава-ратавальнай аперацыі.
«Яго Святасць таксама ахвяруе малітвы за грамадзянскія ўлады і супрацоўнікаў экстранных службаў у іх бесперапынным рэагаванні на гэтую трагедыю»,
— адзначаецца ў тэлеграме.
Святы Айцец даручае загінулых міласэрнасці Усемагутнага Бога і перадае шчырыя спачуванні ўсім, хто аплаквае страту блізкіх. «Для ўсіх пацярпелых ён выпрошвае Божае благаслаўленне суцяшэння, аздараўлення і сілы», — гаворыцца ў тэксце.






