Пошук

Субота, 14 лютага
14.02.2026 11:07
АПОСТАЛЬСКАЕ ПАСЛАННЕ СВЯТОГА АЙЦА ЛЬВА XIV НА ВЯЛІКІ ПОСТ 2026 ГОДА Слухаць і пасціць :  Вялікі пост як час навяртання ТЭКСТ ПАСЛАННЯ ДЛЯ ДРУКУ ТУТ>>> Дарагія браты і сёстры, Вялікі пост — гэта час, калі Касцёл з матчыным клопатам запрашае нас вярнуць таямніцу Бога ў цэнтр нашага жыцця, каб наша вера зноў набыла запал, а сэрца не згубілася сярод штодзённых трывог і таго, што адцягвае нашу ўвагу. Кожны шлях навяртання пачынаецца, калі мы дазваляем Божаму слову дасягнуць нас і прымаем яго з паслухмянасцю духа. Існуе сувязь паміж словам, нашым прыняццем яго і зменамі, якое яно прыносіць. Таму велікапосны шлях становіцца спрыяльнай нагодай, каб прыслухацца да голасу Пана і аднавіць рашэнне ісці за Хрыстом па шляху, які вядзе ў Ерузалем, дзе спаўняецца таямніца Яго мукі, смерці і ўваскрасення. Слуха ць Сёлета я хацеў бы звярнуць увагу, у першую чаргу, на важнасць стварэння прасторы для Божага слова праз слуханне, бо гатоўнасць слухаць — гэта першы знак, які выяўляе жаданне ўвайсці ў адносіны з іншымі. Аб'явіўшы сябе Майсею ў палаючым кусце, сам Бог вучыць нас, што ўменне слухаць — адна з Яго вызначальных рыс: «Я нагледзеўся на нядолю Майго народу, які ў Егіпце, і пачуў галашэнне ягонае» ( Зых 3, 7). Пачуць галасы прыгнечаных — гэта пачатак гісторыі вызвалення, у якой Пан кліча Майсея, пасылаючы яго адкрыць шлях збаўлення сваім дзяцей, якія трапілі ў няволю. Наш Бог з'яўляецца Богам, які прыцягвае. Сёння Ён звяртаецца да нас з думкамі, што кранаюць Яго сэрца. Таму слуханне слова ў літургіі вучыць нас слухаць праўду рэальнасці. Сярод мноства галасоў, якія пранізваюць нашае асабістае і сацыяльнае жыццё, Святое Пісанне робіць нас здольнымі распазнаваць голас, якія ўздымаецца ад цярпення і несправядлівасці, каб ён не застаўся без адказу. Каб увайсці ў гэтую ўнутраную схільнасць да ўспрымання, мы павінны дазволіць Богу навучыць нас слухаць гэтак жа, як Ён. Мы павінны прызнаць, што «становішча бедных — гэта крык, які на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва ўвесь час кідае выклік нашаму жыццю, грамадству, палітычным і эканамічным сістэмам і, што не менш важна, Касцёлу»  [1] . П асціць Калі Вялікі пост — гэта час для слухання, то пост — гэта канкрэтны спосаб падрыхтавацца да прыняцця слова Божага. Устрыманне ад ежы з’яўляецца найбольш старажытным і незаменным практыкаваннем на шляху навяртання. Закранаючы цела, яно робіць больш відавочным тое, чаго мы «прагнем» і што лічым неабходным для нашага існавання. Больш за тое, пост дапамагае распазнаць і ўпарадкаваць пажадлівасць, захаваць голад і прагу справядлівасці, ператвараючы іх у малітву і адказнасць за бліжняга. З духоўным разуменнем святы Аўгустын дапамагае нам усвядоміць напружанне паміж сапраўдным момантам і будучым выкананнем, якое характарызуе гэты клопат пра сэрца. Ён адзначае: «На працягу зямнога жыцця людзям уласціва прагнуць і імкнуцца да справядлівасці, але задавальненне належыць будучаму жыццю. Анёлы насычаюцца гэтым хлебам, гэтай ежай. Чалавецтва ж, наадварот, прагне яе; нас усіх цягне да яе ў нашых жаданнях. Гэтае імкненне пашырае душу і павялічвае яе магчымасці»  [2] . У такім разуменні пост не толькі дазваляе нам кіраваць сваімі жаданнямі, ачышчаючы і вызваляючы іх, але і пашыраць іх, накіроўваючы да Бога і ствараючы дабро. Аднак, каб пост захоўваў сваю евангельскую праўду і быў пазбаўлены спакусы напаўнення сэрца пыхай, ён павінен заўсёды перажывацца з верай і пакорай. Пост павінен грунтавацца на зносінах з Богам, таму што «не посціць належным чынам той, хто няздольны харчавацца Божым словам»  [3] . Як бачны знак нашага ўнутранага імкнення адвярнуцца ад граху і зла з дапамогай ласкі пост павінен таксама ўключаць іншыя формы самаадрачэння, накіраваныя на тое, каб дапамагчы нам прыняць больш сціплы лад жыцця, паколькі «толькі аскетызм робіць моцным і сапраўдным хрысціянскае жыццё» [4] . Таму я хацеў бы запрасіць вас да вельмі канкрэтнай і часта недаацэненай формы ўстрымання, а менавіта да ўстрымання ад слоў, якія ўдараюць і раняць бліжняга. Давайце пачнём раззбройваць мову, адмаўляючыся ад вострых слоў, хуткіх суджэнняў, дрэнных слоў пра тых, хто адсутнічае і не можа абараніць сябе, і пазбягаючы паклёпу. Замест гэтага давайце паспрабуем навучыцца ўзважваць словы і развіваць ветлівасць: у сям’і, коле сяброў, на працоўных месцах, у сацыяльных сетках, палітычных дэбатах, сродках камунікацыі, хрысціянскіх супольнасцях. Тады шматлікія словы нянавісці саступяць месца словам надзеі і міру. Разам Нарэшце, Вялікі пост падкрэслівае супольнаснае вымярэнне слухання слова і практыкавання посту. Святое Пісанне падкрэслівае гэтае рознымі спосабамі. Напрыклад, Кніга Нээміі распавядае пра тое, як народ сабраўся, каб паслухаць публічнае чытанне кнігі Закона, і праз пост падрыхтаваўся да вызнання веры і пакланення, каб аднавіць запавет з Богам (пар. 9, 1-3). Падобна гэтаму, нашы парафіі, сем’і, касцёльныя групы і манаскія супольнасці пакліканы прайсці ў Вялікім посце супольны шлях, на якім слуханне Божага слова і воклічу бедных і зямлі стане формай супольнага жыцця, а пост падтрымае сапраўднае пакаянне. У гэтым кантэксце навяртанне адносіцца не толькі да сумлення, але і да стылю нашых адносін, якасці дыялогу, здольнасці адкрыцца на пытанні, якія задае рэальнасць, і распазнаць, што сапраўды кіруе нашымі жаданнямі — як унутры нашых касцёльных супольнасцяў, так і ў адносінах да чалавецтва, якое прагне справядлівасці і прымірэння. Дарагія, давайце папросім аб ласцы Вялікага посту, які зробіць наш слых больш уважлівым да Бога і абяздоленых. Давайце папросім аб моцы посту, якая закране таксама і наш язык, каб зменшылася колькасць слоў, якія раняць, і пашыралася прастора для голасу іншага. І давайце прыкладзём намаганні, каб нашы супольнасці станавіліся месцамі, дзе прымаецца крык тых, хто церпіць, а слуханне стварае шляхі вызвалення, робячы нас больш гатовымі і ахвотнымі прычыніцца да будавання цывілізацыі любові. Я ад усяго сэрца благаслаўляю ўсіх вас і ваш велікапосны шлях. З Ватыкана, 5 лютага 2026 года, ва ўспамін святой Агаты, панны і мучаніцы. ЛЕЎ XIV ________________________________________________________ [1] Апостальская адгартацыя Dilexi te (4 кастрычніка 2025 г.), 9. [2] Аўгустын, Аб карысці посту, 1, 1. [3] Бэнэдыкт XVI, Катэхеза (9 сакавіка 2011 г.). [4] Павел VI, Катэхеза (8 лютага 1978 г.).
Субота, 3 студзеня
Панядзелак, 8 снежня 2025
Нядзеля, 7 снежня 2025
Чацвер, 27 лістапада 2025
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа