
4 лістапада Дыкастэрыя Веравучэння абнародавала Дактрынальную Ноту Mater Populi fidelis (Маці вернага люду), зацверджаную Папам Львом XIV, якая прапануе глыбокі аналіз некаторых марыйных тытулаў і ўдакладняе правільнае разуменне ролі Багародзіцы ў справе збаўлення. З гэтай нагоды Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прапануе пераклад на беларускую мову гэтага дакумента, здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла.
БЕЛАРУСКІ ПЕРАКЛАД ДАКУМЕНТА
ДЫКАСТЭРЫІ ВЕРАВУЧЭННЯ
MATER POPULI FIDELIS («МАЦІ ВЕРНАГА ЛЮДУ»)
Вашы Эксцэленцыі,
Глыбокапаважаныя святары і манаскія асобы,
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце і ўсе людзі добрай волі!
З вялікай радасцю паведамляю, што ў беларускім перакладзе апублікавана Нота Дыкастэрыі веравучэння Mater Populi fidelis («Маці вернага люду»), зацверджаная Папам Львом XIV. Дакумент з’яўляецца плёнам працяглай працы і адказам на шматлікія запыты, якія паступалі ў Апостальскую Сталіцу на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.
Цэнтральная тэма Ноты — мацярынства Марыі адносна вернікаў і яе супрацоўніцтва ў справе збаўлення ў святле Хрыста як адзінага Збаўцы і Пасрэдніка.
У якасці найбольш адпаведнага тытула Нота прапануе «Маці», «Маці вернікаў», «Маці Божага люду», але адхіляе выкарыстанне тэрміна «Суадкупіцелька» (Co-redemptrix), паколькі ён можа засланяць унікальную ролю Хрыста. Тытул «Пасрэдніца» прызнаецца прымальным толькі тады, калі ён падкрэслівае ўдзел Марыі ў адзінай пасярэдніцкай місіі Хрыста, а не ставіць яе на адным узроўні з Ім.
Нота шырока апіраецца на Святое Пісанне, Айцоў і Доктараў Касцёла, а таксама на вучэнне апошніх Папаў. Яе пастырская мэта — не абмежаваць пабожнасць, але падтрымаць яе, каб яна была сапраўды евангельскай і заўсёды вяла да Хрыста.
Mater Populi fidelis пацвярджае, што сапраўдная марыйная пабожнасць з’яўляецца скарбам Касцёла, які ўзбагачае духоўнае жыццё і ўмацоўвае веру. Дакумент дапамагае пазбягаць скрайнасцяў у інтэрпрэтацыі ролі Марыі, захоўваючы яснасць каталіцкай ідэнтычнасці і адкрываючы шлях да больш плённага экуменічнага дыялогу.
Запрашаю ўсіх пазнаёміцца з гэтым важным тэкстам, каб разам паглыбляць веру, будаваць еднасць у Хрысце і ўмацоўваць пабожнасць да Найсвяцейшай Панны Марыі.
✠ Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі Божага Культу
і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі







