Пошук

06.03.2026 14:52   Catholic.by

У III Нядзелю Вялікага посту, якая сёлета прыпадае на 8 сакавіка, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Нацыянальны дзень «Карытас». З гэтай нагоды Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі кіруе да вернікаў і духавенства сваё пасланне.

«Касцёл, калі хоча належаць Хрысту, павінен быць Касцёлам благаслаўленняў, Касцёлам, які дае месца малым і крочыць як убогі з убогімі, месцам, дзе яны маюць прывілеяванае становішча».

Папа Леў XІV

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Традыцыйна III нядзеля Вялікага посту ў Каталіцкім Касцёле Беларусі адзначаецца як Нацыянальны дзень «Карытас». З гэтай нагоды Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, як і штогод, скіроўвае сваё пасланне да вернікаў, перадусім выказваючы падзяку ўсім тым, хто сваёй малітваю, служэннем, ахвярамі і справамі міласэрнасці прычыняецца да справы падтрымкі і дапамогі найбольш патрабуючым нашым братам і сёстрам.

У Божым слове, якое чуем у гэтую нядзелю, выразна гучыць заклік патрабуючага чалавека: «Дай мне піць», скіраваны да Бога. Гэта заклік, які адлюстроўвае найглыбейшую прагу людской натуры, якая паводле словаў святога Аўгустына не знойдзе спакою, пакуль не спачне ў Богу. Але перш чым сэрца чалавека зможа адкрыцца на Бога і Яго праўду, яно мае неабходнасць заспакоіць базавыя жыццёвыя патрэбы.

У выпадку людзей з абмежаванымі магчымасцямі, хворых, састарэлых, інвалідаў, малазабяспечаных сем'яў гэтай справе служыць, між іншым, дабрачыннасць, якую Касцёл рэалізуе праз добра вядомую нам структуру «Карытас». Аднак дзейнасць гэтай арганізацыі — гэта не справа толькі некалькіх вызначаных да гэтага чалавек. Гэта агульная місія Касцёла, а таму і кожнага з нас.

95-ы псальм, якім молімся ў сённяшняй літургіі, заклікае: «Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя!» Гэты заклік датычыць не толькі даверу да Бога, але і адкрытасці на патрэбы бліжняга. У Апостальскай Адгартацыі Dilexi te («Я палюбіў цябе») Папа Леў XІV прыводзіць выказванне Доктара ласкі — святога Аўгустына, якое ён уклаў у вусны Пана: «Я атрымаў зямлю, дам неба; атрымаў часовыя даброты, аддам вечныя даброты, атрымаў хлеб, аддам сваё жыццё... Мяне гасцінна прынялі ў доме, але Я дам дом; Мяне наведалі ў хваробе, але Я дам здароўе; прыйшлі да Мяне ў вязніцы, але Я дам свабоду. Хлеб, які далі маім убогім, ужо спажыты, а хлеб, які Я дам, не толькі насыціць вас, але ніколі не скончыцца» (DT 45).

І далей Папа кажа:

«Усемагутны не дазваляе пераўзысці сябе ў шчодрасці да тых, хто служыць Яму ў найбольш патрабуючых: чым большая любоў да бедных, тым большая ўзнагарода ад Бога» (DT 45).

Пацвярджэнне таму зноў жа знаходзім у сённяшніх літургічных чытаннях, дзе Бог не толькі заспакойвае прагу габрэяў у пустыні, але разам з дарам Святога Духа «...даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі» (Рым 5,8).

Яскравым прыкладам служэння ўбогім, ажно да атаясамлення з імі, у гісторыі Касцёла служыць асоба святога Францішка з Асізі. Сёлета прыпадае васьмісотгадовы юбілей яго адыходу ў вечнасць. З гэтай нагоды Папа Леў XІV абвясціў 2026 год годам святога Францішка.

Ва ўзгаданай вышэй Адгартацыі Папа кажа пра святога з Асізі: «Прыняўшы ўбоства, ён хацеў наследаваць Хрыста ўбогага, голага і ўкрыжаванага... Францішак заснаваў не арганізацыю сацыяльнага абслугоўвання,  а евангельскую братэрскую супольнасць. У бедных ён бачыў братоў і жывыя вобразы Пана. Ягонай місіяй было прабыванне з імі з-за салідарнасці, якая пераадольвала адлегласці, з-за любові, якая ўмела спачуваць. Убоства Францішка — гэта  неад’емная частка адносінаў: яно падштурхоўвала яго стаць бліжнім, роўным, нават меншым. Яго святасць вырасла з пераканання, што па-сапраўднаму прыняць Хрыста можна толькі праз шчодрае прысвячэнне сябе братам» (DT 64).

Таму ў асобе святога Францішка мы і сёння маем вымоўны і актуальны прыклад служэння і святасці, здольнай супрацьстаяць выклікам і сапсаванасці сучаснага свету.

Юбілей — гэта час надзеі, прызначаны дапамагчы людскому сэрцу здабыцца на прабачэнне і міласэрнасць, а грамадству — убачыць перспектыву іншага, больш справядлівага размеркавання багаццяў.

Дзейнасць дабрачыннай арганізацыі «Карытас» ахоплівае ўсіх людзей, якім патрэбна дапамога, незалежна ад іх паходжання і канфесіі. У гэтым яна імкнецца найлепшым чынам рэалізаваць заклік Хрыста: «..тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Час Вялікага посту — гэта добрая нагода, каб яшчэ раз прыняць гэтыя словы блізка да сэрца. Абяцаючы застацца з намі «ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20), Езус застаецца з намі асаблівым чынам у людзях церпячых, самотных і пакутуючых. Спрабуйма адкрываць для сябе гэтую прысутнасць і служыць у такіх людзях Пану.

Сёння «Карытас» выказвае шчырую падзяку ўсім неабыякавым людзям, усім тым, хто сваёй малітваю, служэннем і ахвярнасцю прычыняецца да справы міласэрнасці ў Касцёле і заклікае вас, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі, фармаваць свае сэрцы для служэння, напаўняючы іх самаахвярнай любоўю.

Словы шчырай удзячнасці кіруем таксама ўсім кіраўнікам і супрацоўнікам «Карытас» Беларусі, як Нацыянальнага, так і дыяцэзіяльных «Карытас» нашага Касцёла, святарам і свецкім асобам. Немагчыма зараз ахапіць адным позіркам усёй працы, здзейсненых і трываючых праектаў, за якімі стаіць самаадданая і ахвярная праца людзей, якія відам сваёй дзейнасці абралі Міласэрнасць. Дзякуючы за іх служэнне, праз якое Касцёл і сёння выконвае сваю місію абвяшчэння Хрыста праз дапамогу бедным і пакрыўджаным, жадаем ім няспыннага паглыблення асабістай сувязі з нашым Збаўцам, які «не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мц 20,28).

Няхай час Вялікага посту адновіць нашыя сэрцы і ўчыніць іх чулымі на патрэбы бліжняга чалавека, каб Велікодныя святы мы маглі сустрэць як адна вялікая сям’я, у якой ніхто не адчувае сябе адкінутым і самотным, але прынятым і адораным надзеяй на Уваскрасенне.

З пажаданнем плённага часу Вялікага посту,
а таксама актыўнага ўдзелу ў справах міласэрнасці ад усяго сэрца благаслаўляем.

 Каталіцкія Біскупы Беларусі

Абноўлена 07.03.2026 00:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа