Пошук


Святая Зямля. Ілюстрацыйнае фота.

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, заклікаў вернікаў падтрымаць хрысціян Святой Зямлі, якія працягваюць жыць ва ўмовах канфлікту і маюць патрэбу ў дапамозе.

Сітуацыя ў Святой Зямлі застаецца складанай. Нягледзячы на шматлікія перамовы і пагадненні аб міры, узброеныя канфлікты працягваюцца. Зброя не змаўкае, людзі гінуць, а зямля застаецца прадметам спрэчак. Мясцовыя хрысціяне ўсё часцей пакідаюць свае дамы, каб выратаваць жыццё. Дзеці застаюцца без адукацыі, таму што не працуюць школы: настаўнікаў не прапускаюць праз кантрольныя пункты. Многія хрысціяне Святой Зямлі страцілі ўсё, уключаючы працу, якая раней была звязаная з абслугоўваннем пілігрымаў.

Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў скіраваў да біскупаў і ўсёй хрысціянскай сям'і ліст, у якім запрасіў прыняць удзел у традыцыйным зборы ахвяраванняў Pro Terra Sancta («На Святую Зямлю»).

Збор пройдзе ў Вялікую пятніцу, 3 красавіка.

Сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку школ, бальніц і на будаўніцтва жылля там, дзе яно было знішчана. Гэты жэст важны як для хрысціян Святой Зямлі, якія жывуць у небяспецы, так і для тых, хто ахвяруе.

«Застаючыся інертнымі ў гэтым палаючым свеце мы становімся саўдзельнікамі тых, хто яго падпальвае»,

— нагадаў кардынал Гуджэроці.

Іерарх выказаў упэўненасць, што людзі не застануцца абыякавымі да гэтага закліку. Ён нагадаў словы Папы Льва XIV аб тым, што хрысціянам на Блізкім Усходзе трэба не толькі дапамагаць, але і ствараць умовы, каб яны заставаліся на сваёй зямлі ў бяспецы і з поўнымі правамі.

Кардынал Гуджэроці падкрэсліў, што нават невялікія ахвяраванні — «кропля ў акіяне» — могуць дапамагчы захаваць хрысціянскую прысутнасць у Святой Зямлі і падтрымаць людзей у цяжкіх умовах канфлікту.

Вайна, насілле і адсутнасць пілігрымаў паставілі пад пагрозу існаванне мясцовых хрысціянскіх сем’яў у Газе, Палестыне, Ізраэлі, Ліване і Сірыі. Брат Франчэска Ельпа ў сваім пасланні адзначыў, што шматгадовы крызіс пазбавіў многіх вернікаў сродкаў да існавання, а моладзі становіцца ўсё цяжэй уяўляць сваю будучыню на роднай зямлі.

У гэтым драматычным кантэксце збор сродкаў Pro Terra Sancta становіцца не проста жэстам салідарнасці, а рэальным знакам еднасці з Касцёлам у Ерузалеме.

Францішкане, якія апякуюцца святынямі ў Святой Зямлі, просяць вернікаў ва ўсім свеце аб малітве і посце за мір, да чаго неаднаразова заклікаў Папа Леў XIV.

Велікодны перыяд нагадвае, што Хрыстус даў жыццё «да канца», і менавіта з гэтай крыніцы мясцовая супольнасць чэрпае сілы для далейшага служэння.

Кустод запэўніў у малітве за ўсіх дабрачынцаў і пажадаў, каб надыходзячая Пасха прынесла супакой у кожны дом у Святой Зямлі.

Абноўлена 18.03.2026 12:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.