
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе зварот да святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў Беларусі, заахвочваючы іх падтрымаць ахвяраваннямі хрысціян, якія жывуць у Святой Зямлі.
Падтрымка хрысціян у Святой Зямлі
«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго»
(Ян 13, 35)
Браты і сёстры!
Перажываючы Пасхальны Трыдуум, асабліва Вялікую Пятніцу, мы яднаемся з нашым Збаўцам Езусам Хрыстом у Яго Муцы і Ахвяры Любові. Любоў да нас, людзей, выявілася ў Яго ахвяры на Крыжы. Езус заклікае нас: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35).
Мы ведаем, што цяпер адбываецца на Святой Зямлі, дзе жыў і навучаў наш Збавіцель Езус Хрыстус. Таму, зазіраючы наперад у Вялікдзень, кардынал Клаўдыё Гуджэроцці — Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў — распавёў пра збор ахвяраванняў у Вялікую пятніцу для Святой Зямлі, вядомы як Pro Terra Sancta.
Кардынал патлумачыў, што ініцыятыва была заснавана Папам Паўлам VI, які заклікаў католікаў па ўсім свеце падтрымліваць хрысціянскую прысутнасць у месцах, звязаных з жыццём Езуса. Сродкамі кіруе Францішканская кустодыя Святой Зямлі, якая клапоціцца пра святыя месцы рэгіёна, а таксама падтрымлівае мясцовае хрысціянскае насельніцтва.
Па словах кардынала, падтрымка распаўсюджваецца на больш шырокі рэгіён біблійных зямель. «Гэты рэгіён распаўсюджваецца не толькі, скажам так, на Ізраэль, але і на Сірыю, Ліван, — усе рэгіёны, дзе быў Езус і дзе жывуць хрысціяне».
Браты і сёстры. Заахвочваю Вас, мае дарагія, праявіць салідарнасць з церпячымі братамі і сёстрамі у Святой Зямлі падчас набажэнства Вялікай пятніцы, асабліва «адарацыі Крыжа», калі ўсе мы яднаемся з церпячым Хрыстом.
З малітвай аб супакоі
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Старшыня ККББ






