Пошук


Фота: Fabian von Poser/imageBROKER.com/Global Look Press

У Пальмовую нядзелю, 29 сакавіка 2026 года, ізраэльская паліцыя перашкодзіла кардыналу П’ербатысту Піцабалу, Лацінскаму Патрыярху Ерузалема, і айцу Франчэска Эльпу, кусташу Святой Зямлі, увайсці ў Базыліку Гроба Пана, дзе яны павінны былі цэлебраваць літургію Пальмовай нядзелі.

У супольнай заяве Лацінскага Патрыярхату Ерузалема і Кустодыі Святой Зямлі забарона была названа «яўна неабгрунтаванай і непрапарцыйнай мерай». «Гэта паспешлівае і ў корані памылковае рашэнне, заснаванае на неправамерных меркаваннях, уяўляе сабой сур’ёзнае парушэнне асноватворных прынцыпаў разумнасці, свабоды веравызнання і status quo», — гаворыцца ў паведамленні.

Кардынала Піцабалу і айца Эльпу спынілі па дарозе, калі яны накіроўваліся ў прыватным парадку, без працэсіі ці цырымоніі, а потым прымусілі вярнуцца назад. Адзначаецца, што ўпершыню за шмат стагоддзяў кіраўнікам мясцовага Касцёла было забаронена цэлебраваць святую Імшу ў Базыліцы Гроба Пана ў Пальмовую нядзелю.

«Гэты інцыдэнт стварае сур’ёзны прэцэдэнт і ігнаруе пачуцці мільярдаў людзей ва ўсім свеце, якія на працягу гэтага тыдня скіроўваюць позірк да Ерузалема»,

— гаворыцца ў заяве.

У паведамленні таксама адзначаецца, што на працягу ўсяго гэтага часу кіраўнікі Касцёлаў заўсёды прытрымліваліся патрабаванняў уладаў і абмежаванняў, уведзеных у сувязі з ваенным канфліктам, і дзейнічалі з поўнай адказнасцю: публічныя сходы былі адменены, удзел у іх забаронены, былі прыняты меры па трансляцыі ўрачыстасцей для сотняў мільёнаў вернікаў ва ўсім свеце, якія ў гэтыя велікодныя дні скіроўваюць позірк на Ерузалем і Базыліку Гроба Пана.

«Лацінскі патрыярхат Ерузалема і Кустодыя Святой Зямлі выказваюць глыбокі жаль хрысціянскім вернікам у Святой Зямлі і ва ўсім свеце ў сувязі з тым, што такім чынам стала немагчымай малітва ў адзін з самых святых дзён хрысціянскага календара»,

— гаворыцца ў заяве.

Адмена Імшы ў Базыліцы Гроба Пана стала не першым выпрабаваннем гэтай Пальмовай нядзелі. Яшчэ некалькі дзён таму па тых жа прычынах, звязаных з узброеным канфліктам, вырашылі адмяніць традыцыйную працэсію з Елеонскай гары ў Ерузалем. Тады кардынал Піцабала адзначыў, што «да цяжару ваеннага часу, які закранае ўсіх нас, сёння дадаецца і немагчымасць годна адсвяткаваць Вялікдзень разам». Гэтая новая рана, паводле яго слоў, накладваецца на многія іншыя, нанесеныя канфліктам. І ўсё ж, падкрэсліў іерарх, «ніякая цемра, нават змрок вайны, не мае апошняга слова». У духу гэтых слоў увечары 29 сакавіка кардынал Піцабала ўзначаліў малітву аб міры ў санктуарыі Dominus Flevit на Аліўнай гары і ўдзяліў благаслаўленне Святому гораду.

Інцыдэнт выклікаў шырокі міжнародны рэзананс: палітычныя і дыпламатычныя лідэры, у тым ліку прадстаўнікі Францыі, ЗША, Германіі і Партугаліі, асудзілі яго як парушэнне свабоды веравызнання. Італьянскія ўлады выказалі салідарнасць з хрысціянамі Святой Зямлі, а старшыня мясцовага епіскапата кардынал Матэа Дзупі назваў меры «цяжкімі і неразумнымі», заклікаўшы да велікоднага перамір'я.

У адказ ізраэльскі бок патлумачыў дзеянні меркаваннямі бяспекі на фоне пагрозаў з боку Ірана, падкрэсліўшы адсутнасць злога намеру і паабяцаўшы выпрацаваць рашэнні для правядзення набажэнстваў. 30 сакавіка прэм'ер-міністр Нетаньяху абвясціў, што лацінскі Патрыярх Піцабала атрымае «поўны і неадкладны доступ» да ​​святых месцаў.

Дзяржсакратар абмеркаваў з паслом Ізраэля інцыдэнт у Ерузалеме

Фота: ANSA

30 сакавіка 2026 года кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін, якога суправаджаў сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сустрэўся з паслом Ізраэля пры Апостальскай Сталіцы Яронам Сідэманам. 

«Падчас размовы было выказана шкадаванне з прычыны здарэння, адносна якога былі дадзены тлумачэнні, а таксама прынята да ведама пагадненне, дасягнутае паміж Лацінскім Патрыярхам Ерузалема і мясцовымі ўладамі адносна ўдзелу ў набажэнствах Пасхальнага Трыдуума ў Базыліцы Гроба Пана ў Ерузалеме»,

— гаворыцца ў ватыканскім камюніке.

Святкаванне Вялікадня ў Базыліцы Гроба Пана ўсё ж адбудзецца

Дэталь інтэр'ера ў Святыні Гроба Пана ў Ерузалеме. Фота: Vatican News EN

Лацінскі Патрыярхат Ерузалема і Кустодыя Святой Зямлі заяўляюць, што з ізраэльскімі ўладамі дасягнута дамоўленасць аб забеспячэнні святкавання Вялікадня ў Базыліцы Гроба Пана. Аднак абмежаванні, звязаныя з працяглым канфліктам, застаюцца ў сіле, і літургіі будуць трансліравацца для вернікаў па ўсім свеце.

У сумеснай заяве Лацінскі Патрыярхат Ерузалема і Кустодыя Святой Зямлі пацвярджаюць, што «ўсе пытанні, якія тычацца Вялікага тыдня і святкавання Вялікадня ў Базыліцы Гроба Пана, былі разгледжаны і вырашаны ў каардынацыі з адпаведнымі органамі».

«Па ўзгадненні з ізраэльскай паліцыяй быў забяспечаны доступ для прадстаўнікоў Касцёлаў для правядзення літургій і цырымоній, а таксама для захавання старажытных велікодных традыцый у Святыні Гроба Пана»,

— дадаецца ў заяве.

У сумеснай заяве таксама гаворыцца, што «ў святле цяперашняга ваеннага становішча існуючыя абмежаванні на публічныя сходы застаюцца ў сіле». Па гэтай прычыне Касцёлы будуць забяспечваць прамую трансляцыю літургій і малітваў, дазваляючы вернікам у Святой Зямлі і ва ўсім свеце духоўна ўдзельнічаць у іх.

Рэлігійныя ўлады далей выказваюць падзяку Ісааку Герцагу, прэзідэнту Дзяржавы Ізраэль, за яго своечасовае і рашучае ўмяшанне, а таксама дзякуюць кіраўнікам дзяржаў і чыноўнікам, якія дзейнічалі аператыўна, многія з якіх асабіста выказалі сваю блізкасць і падтрымку.

У заяве рашуча падкрэсліваецца, што «рэлігійная вера з'яўляецца найвышэйшай чалавечай каштоўнасцю, якую падзяляюць усе рэлігіі: юдэі, хрысціяне, мусульмане, друзы і іншыя. Асабліва ў часы цяжкасцей і канфліктаў, такіх як тыя, што мы перажываем цяпер, абарона свабоды веравызнання застаецца фундаментальным і агульным абавязкам».

Касцёльныя ўлады выказваюць надзею, што будуць і надалей знойдзены адпаведныя рашэнні, «якія дазволяць праводзіць малітвы ў месцах пакланення, асабліва ў святых месцах усіх рэлігій», балансуючы паміж патрэбамі бяспекі і правам на рэлігійную практыку, якое з'яўляецца фундаментальным для соцень мільёнаў вернікаў ва ўсім свеце.

Абноўлена 01.04.2026 08:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.