
Каталіцкая манахіня з Рыма, сястра Марыя Анджэла Голья, пасмяротна атрымала ганаровае званне «Праведніцы народаў свету», якое надаецца дзяржавай Ізраіль і мемарыяльным цэнтрам Яд-Вашэм. Цырымонія прайшла ў пасольстве Ізраіля ў Італіі.
Падчас Другой сусветнай вайны сястра Марыя Анджэла была настаяцельніцай рымскага кляштара сясцёр Кампасіяністак Служак Марыі — манаскай супольнасці, духоўнасць якой грунтуецца на спачуванні да людзей, асабліва да бедных і пакутуючых.
У гады нацысцкай акупацыі Італіі ў 1943 годзе манахіня схавала ў сваім кляштары некалькі яўрэйскіх сем’яў, якія шукалі ратавання ад дэпартацыі і смерці. Сярод іх былі сем’і з Вены і Заграба.
Хоць яны прад’явілі фальшывыя дакументы, сястра Марыя Анджэла хутка зразумела іх сапраўдную тоеснасць і вырашыла іх абараніць, рызыкуючы ўласным жыццём, — за дапамогу яўрэям нацысты маглі пакараць смерцю.
Людзі пражылі ў кляштары некалькі месяцаў, атрымаўшы там належную падтрымку і дапамогу.
Падчас цырымоніі пасмяротнага прысуджэння сястры Марыі Анджэлы звання «Праведніцы народаў свету», якая прайшла 24 чэрвеня 2026 года, падкрэслівалася, што яна дала прыклад вялікай мужнасці і чалавечнасці. Удзельнікі падзеі адзначалі, што яе гісторыя нясе вельмі каштоўнае пасланне: нават у самыя цёмныя часы адзін чалавек можа выратаваць іншыя жыцці, калі не застаецца абыякавым перад абліччам нянавісці і несправядлівасці.







