Пошук

10.01.2025 15:35   Catholic.by

9 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася калядная канферэнцыя «У імя міру і дабрабыту», арганізаваная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі пры падтрымцы Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, прадстаўнікі беларускага каталіцкага епіскапату і духавенства, у тым ліку дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

У канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы: вікарый Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі біскуп Нясвіжскі Аўксенцій, старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па супрацоўніцтву са свецкімі ўстановамі адукацыі протаіерэй Фёдар Поўны, намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, першы прарэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла» БДУ протаіерэй Сяргей Маўсесян, старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» іерэй Святаслаў Рагальскі і настаяцель храма святога апостала Андрэя Першазванага горада Мінска, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Мікалай Балахоўскі.

Прысутнічалі таксама прадастаўнікі іншых рэлігійных канфэсій, якія дзейнічаюць у нашай краіне: муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч, галоўны равін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч, выканаўчы дырэктар рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Міхаіл Кемераў, прадстаўнік Евангелічна-лютэранскай супольнасці пастыр Уладзімір Татарнікаў.

Дзяржаўныя ўлады на канферэнцыі прадстаўлялі упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, дырэктар Дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Кудрэвіч, намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марына Арцёменка, намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кадлубай, першы намеснік Міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дараховіч, намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Рускевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алег Дзячэнка, намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандр Ільясевіч, першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін.

Былі таксама прадстаўнікі беларускай грамадскасці: старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Максім Місько, старшыня Каардынацыйнай рады грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці Андрэй Нікіцін і генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.

Удзел бралі прадстаўнікі прадпрыемстваў дзяржаўнага і прыватнага сектараў, у тым ліку дырэктар дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Бярэзінскі лясгас» Сяргей Чамко, дырэктар ТАА «А-Лізінг» Рустэм Ісмагілаў, бізнэсмэны Юрый Каштанаў, Андрэй Гольмант, Алеся Данцова.

Прысутнічалі на канферэнцыі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў Беларусі, сярод якіх былі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгерскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь доктар Зіта Ілона Бенчык і аташэ Пасольства Венгрыі Дз’ёрдзьнэ Хорват.

Кажучы пра мэту гэтай каляднай канферэнцыі, арцыбіскуп Станеўскі заўважыў: «Па-першае, хацелася б усіх павіншаваць, усіх хрысціянаў, якія святкуюць Божае Нараджэнне, з Калядамі: Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся. І таму Бог прыходзіць на зямлю, Бог прыходзіць да людзей, каб нам перадаць не толькі словы, але і дзеянні Бога Айца, гэта значыць любоў. Бог Айцец любіць чалавека. Той, які стварыў чалавека, Ён і надалей клапоціцца пра чалавека і прыходзіць да яго, каб, як мы кажам, дакрануцца. А гэты дотык здзяйсняецца ў таямніцы, але менавіта ў канкрэтных справах. Бог дакранаецца да чалавека і просіць, каб ён далей перадаваў тое, што ён атрымаў ад Яго. Гэта любоў, гэта павага, гэта прабачэнне, і таму юбілейны год 2025 ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца пад дэвізам „Пілігрымы надзеі“. У свеце, у якім які ёсць, такі ёсць мір, але мы рухаемся з надзеяй у будучыню. Гэта значыць, ідзем, кб зрабіць гэты свет больш прыгожым, больш Божым, больш чалавечым.

Вось, менавіта, сённяшняя канферэнцыя і наогул год юбілейны — гэта год прабачэння, і Папа звяратецца ў пасланні ўжо 58-ы раз. У гэтым годзе мы святкавалі Дзень малітваў за мір у свеце. Звяртаецца, каб мы ўмелі адно аднаму прабачыць, і зноў жа, каб мы да гэтага моманту, каб мы вялі дыялог з Богам, каб Бог нам прабачыў, каб мы напоўніліся Яго ласкай, і тады нам будзе лягчэй ісці да іншага чалавека з тою Божаю праўдаю аб любові, аб згодзе, аб прабачэнні», — сказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку канферэнцыі упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак звярнуўшыся да прысутных з наступнымі словамі: «У гэтыя калядныя дні мы сабраліся з вамі, каб засведчыць ролю, якую адыгрывае ў гісторыі беларускага народа Рымска-Каталіцкая Царква. На працягу стагоддзяў гісторыя каталіцтва цесна звязана з гісторыяй беларускіх зямель. У XIV стагоддзі яно прыйшло на беларускія землі і ўнесла значны ўклад у фарміраванне культуры і традыцый беларускага народа.

<…> Сёння мы жывем у незалежнай Беларусі, Рымска-Каталіцкая Царква выступае як адзін з духоўных, маральных і сацыяльных арыенціраў нашага грамадства, такім чынам яна адыгравае ролю ў духоўным адраджэнні грамадства, захаванні гісторыка-духоўнай спадчыны і духоўных каштоўнасцей беларускага народа. Праз сваё вучэнне яна спрыяе фармаванню каштоўнасцей, такіх як любоў, спачуванне, прабачэнне і ўзаемная дапамога, якія з’яўляюцца асновай для мірнага суіснавання. <…> Рымска-Каталіцкая Царква і сёння заклікае вернікаў да павагі адзін да аднаго, да прыняцця адрозненняў і да супрацоўніцтва дзеля агульнага дабра. Яна нясе да сэрца кожнага верніка любоў і мудрасць, дапамагае знайсці свой шлях у жыцці, заклікае самааддана служыць айчыне», — падкрэсліў Аляксандр Румак.

Кожны з запрошаных прадстаўнікоў рэлігій і канфесій таксама на пачатку канферэнцыі звярнуўся да прысутных са словамі прывітання.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прадставіў прысутным грунтоўны даклад на тэму «Роля Каталіцкага Касцёла ва ўмацаванні міру і дабрабыту». У сваім выступе іерарх засяродзіўся на шматвяковых духоўных традыцыях і сацыяльным вучэнні Касцёла, які прапануе не толькі багаслоўскія і маральныя прынцыпы пабудовы міру, але і актыўна спрыяе іх практычнаму ўвасабленню.

Грунтуючыся на дакументах Касцёла, такіх як энцыкліка святога Папы Яна ХХІІІ Pacem in Terris («Мір на зямлі»), энцыкліка святога Папы Паўла VI Populorum Progressio («Развіццё народаў»), энцыкліка святога Папы Яна Паўла ІІ Sollicitudo Rei Socialis («Клопат пра сацыяльныя справы»), энцыкліка Папы Бэнэдыкта XVI Deus caritas est («Бог ёсць любоў»), а таксама энцыкліка Папы Францішка Frateli Tutti аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве, біскуп Яшэўскі заўважыў, што гэтыя дакументы «не толькі фармуюць святапогляд вернікаў нашага Касцёла, але таксама спрыяюць яго фармаваню ў людзей добрай волі і робяць значны ўнёсак у рашэнне глабальных выклікаў сучаснасці».

«За апошнія 70 гадоў Каталіцкі Касцёл распрацаваў паслядоўнае вучэнне пра мір, якое дынамічна развіваецца і знайшло сваё адлюстраванне ў ключавых энцыкліках. Гэтыя дакументы не існуюць у ізаляцыі, а ўтвараюць лагічны і тэматычны ланцуг, дзе кожная новая энцыкліка паглыбляе і пашырае ідэі папярэдніх, адказваючы на сучасныя выклікі і аналізуючы рэальны стан сучаснага свету.

Дзякуючы практычнай рэалізацыі гэтых ідэй Касцёл выступае важным мастом паміж духоўным і сацыяльным вымярэннем чалавечага жыцця, што робіць яго ўклад ва ўмацаванне міру і дабрабыту не толькі значным, але ісапраўды незаменным», — сцвердзіў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

З наступным дакладам на тэму «Дзяржаўна-канфесійныя адносіны ў Беларусі: стан і перспектывы развіцця» выступіў намеснік старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алег Дзячэнка, які адзначыў, што дзяржава ажыццяўляе «канструктыўнае супрацоўніцтва з Рыма-Каталіцкай Царквой». Паводле яго, пра спрыяльныя ўмовы, створаныя для развіцця каталіцызму ў Беларусі, сведчыць рост колькасці каталіцкіх супольнасцяў за перыяд з 1991 па 2024 год амаль у два з паловай разы.

«Ва ўзаемаадносінах з рэлігійнымі арганізацыямі дзяржава кіруецца канстытуцыйна замацаванымі прынцыпамі роўнасці ўсіх рэлігій і веравызнанняў перад законам і ўлічвае іх уплыў на фармаванне духоўных і дзяржаўных традыцый беларускага народа», — адзначыў прадстаўнік параламента, падкрэсліўшы, што беларускай дзяржавай рэгламентаваныя ў нацыянальным заканадаўстве асноўныя хрысціянскія каштоўнасці.

«На рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года ў асноўным законе нашай краіны ў артыкуле 32 была замацавана новая норма, ўстанаўліваючая хрысціянскае разуменне шлюбу, сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства. Адпаведнымі нормамі Канстытуцыі замацавана дзяржаўная падтрымка духоўнага і маральнага развіцця моладзі. Уведзены абавязак кожнага грамадзяніна берагчы гісторыка-культурную і духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці», — падкрэсліў Алег Дзячэнка.

Чарговы даклад прадставіў бізнэсмэн Юрый Каштанаў на тэму «Сацыяльная адказнасць нацыянальнага прадпрымальніцтва — уклад у духоўна-рэлігійнае развіццё беларускага грамадства».

Напачатку дакладчык зачытаў прывітанне, якое скіраваў удзельнікам канферэнцыі прадпрымальнік Аляксандр Зайцаў.

Пасля дакладаў адбылося ўручэнне юбілейных медалёў і падзяк ад імя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі за вялізны ўклад ва ўмацаванне адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай у Беларусі, а таксама за вялізны ўклад у аднаўленне і рэстаўрацыю каталіцкіх святынь.

Уручаючы граматы, арцыбіскуп Станеўскі, у прыватнасці, сказаў:

«Сёння мы ўручым граматы і юбілейныя медалі ад Папы Францішка тым, чые намаганні і новыя справы нагадваюць нам, што кожны з нас можа стаць інструментам у руках Божых. Гэтыя ўзнагароды сімвалізуюць наша прызнанне і падзяку.

Дарагія сябры, Хрыстус, які нарадзіўся ў сціплых яслях, адкрыў нам, што веліч заключаецца не ў раскошы і багацці, а ў пакоры і служэнні. Як сказаў Хрыстус, я прыйшоў, каб мелі жыццё, і мелі ў дастатку. Высокі збор, сябры, няхай гэтае Божае Нараджэнне стане для нас часам да разважання, радасці і абнаўлення. Няхай святло, якое сыходзіць ад Немаўляці Хрыста, саграе нашыя сэрцы і натхняе на новыя справы. Разам мы можам дабіцца шмат чаго, калі будзем служыць адзін аднаму з любоўю і спагадай, як вучыў наш Збавіцель.

З любоўю, пажаданні міру, радасці і дабрабыту. Віншую вас з Нараджэннем Хрыстовым. Няхай кожнае імгненне гэты святы час у 2025 юбілейным годзе напаўняе нашыя сэрцы святлом і дабрынёй, а нашыя добрыя справы няхай з’яўляюцца сапраўдным годам веры, які ўмацоўвае наш свет.

Беларусь — гэта агульны скарб: духоўны, культурны, гістарычны, і таму мірнае неба над нашай краінай — гэта наша агульная адказнасць і наш клопат. Адзінства ў разнастайнасці; без адзінства не можа быць ані дзяржаўнага жыцця, ані жыцця людзей. Клопат аб духоўным асяроддзі, культурным і навакольным асяроддзі з’яўляюцца галоўнымі і стратэгічнымі задачамі, бо ад іх залежыць будучыня чалавецтва», — адзначыў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Падзякі з рук іерарха атрымалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгерскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь доктар Зіта Ілона Бенчык, прапрымальнік Аляксандр Зайцаў, дырэктар Дзяржаўнай лесагаспадарчай ўстановы «Бярэзінскі лясгас» Сяргей Чамко, старшыня Каардынацыйнай рады грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці Андрэй Нікіцін, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын, брат Алег Шэнда OFMCap, ксёндз Андрэй Фёдараў, ксёндз канонік Францішак Рудзь, ксёндз канонік Ян Крэміс, ксёндз канонік Ігар Лашук.

Абноўлена 12.01.2025 05:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.