Пошук

16.12.2022 12:20   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

15 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя першага выдання Codex iuris canonici (Кодэкса кананічнага права) са зменамі, унесенымі ў апошні час Святым Пасадам у галоўны збор юрыдычных норм Касцёла лацінскага абраду, і з перакладам на беларускую мову.

У прэзентацыі ўнікальнага выдання ўзялі ўдзел іерархі Касцёла на Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламаты, святары, спецыялісты ў галіне канічнага і дзяржаўнага права з нашай краіны і з-за мяжы, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, іншых канфесій і рэлігій.

Мерапрыемства, арганізаванае апостальскай нунцыятурай у Рэспубліцы Беларусь, адбывалася пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

На пачатку ўсіх сабраных у канферэнц-зале галоўнага кнігасховішча краіны прывітаў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі адзначыў, што Кодэкс кананічнага права — адзін з асноўных прававых дакументаў Каталіцкага Касцёла, які быў абнародаваны ў Ватыкане Папам Янам Паўлам ІІ амаль 40 гадоў таму, 25 студзеня 1983 года. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі пры падтрымцы Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь пераклала Кодэкс лацінскага абраду на беларускую мову, каб духавенства і ўсе зацікаўленыя маглі атрымаць доступ да кананічнага заканадаўства на сваёй мове. Кодэкс быў выдадзены ў арыгінальнай лацінскай версіі і ўключае ў сябе ўсе абнаўленні, якія Каталіцкі Касцёл унёс за апошнія гады, асабліва падчас цяперашняга пантыфікату Папы Францішка. Нунцый Ёзіч нагадаў, што ў лютым гэтага года Святы Пасад змяніў або перагледзеў 151 канон Кодэкса, даручыўшы каталіцкім біскупам больш кампетэнцый.

Прадстаўнік Святога Айца выказаў падзяку ўсім спецыялістам, якія ўдзельнічалі ў перакладзе Кодэкса на беларускую мову і яго выданні, а таксама тым, хто матэрыяльна падтрымаў праект, у прыватнасці нямецкай дабрачыннай арганізацыі Renovabis.

«Святы Пасад жывіць надзею, што гэта важнае дасягненне палегчыць вывучэнне і прымяненне касцёльнага заканадаўства, а таксама стане доказам імкнення Каталіцкага Касцёла ўключацца ў рэчаіснасць, у якой ён жыве, узбагачаючы яе хрысціянскім духам для дабра ўсяго беларускага народа», — сказаў нунцый Антэ Ёзіч.

Пасля яго да сабраных звярнуўся Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацынальнасцяў Аляксандр Румак.

У сваёй прамове прадстаўнік дзяржаўнай улады падкрэсліў, што родная мова мае асаблівае значэнне для самавызначэння народа, для захавання яго ўласнай тоеснасці, і заахвоціў каталіцкае духавенства шырэй карыстацца беларускай мовай у ажыццяўленні душпастырскай дзейнасці.

Упаўнаважаны выказаў упэўненасць, што гэтаму будзе спрыяць таксама з’яўленне беларускага перакладу Кодэкса, які будзе выкарыстоўвацца у парафіях, а таксама ў працэсе навучання і падрыхтоўкі будучых святароў.

Намеснік Міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч зачытаў прывітальны адрас, які з нагоды прэзентацыі Кодэкса кананічнага права з беларускім перакладам скіраваў Сяргей Алейнік. Новапрызначаны кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі адзначыў у ім важнасць рэалізаванага пры падтрымцы Апостальскай нунцыятуры праекту для паглыблення і развіцця ўзаемадзеяння дзяржавы і Касцёла.

Быў зачытаны таксама прывітальны адрас Старшыні Дыкастэрыі заканадаўчых тэкстаў арцыбіскупа Філіпо Янонэ, скіраваны на імя Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча.У ім высокі ватыканскі іерарх падзякаваў нунцыю за дасланы экзэмпляр выдання, а таксама выказаў віншаванне беларускаму каталіцкаму епіскапату з паспяхова здзейсненым перакладам асноўнага заканадаўчага тэксту Касцёла, асабліва адзначыўшы ўсіх кампетэнтных спецыялістаў, якія прычыніліся да гэтай справы.

Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі зачытаў прывітальны адрас Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. У ім кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату назваў пераклад Кодэкса кананічнага права на беларускую мову «неардынарнай і адметнай падзеяй для жыцця каталіцкага Касцёла ў Беларусі».

«Гэта нагода для гонару, а перадусім для ўдзячнасці Богу і Яго Провіду, які дазволіў вернікам каталіцкай супольнасці адной з самастойных краін у цэнтры Еўропы нарэшце адчуваць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі паўсюднага Касцёла таксама і ў прававой галіне. Можна лічыць гэта яшчэ адным крокам і знакам на шляху адраджэння Касцёла ў Беларусі пасля эпохі атэістычнага пераследу, вяртання да нармальнасці ў выкананні сваіх функцый і абавязкаў», — напісаў біскуп Алег Буткевіч, які асабіста не змог узяць удзелу ў прэзентацыі.

Другая частка мерапрыемства была прысвечана вопыту падрыхтоўкі Кодэкса ў 1983 годзе і яго першых перакладаў у былых савецкіх рэспубліках.

Прысутныя паглядзелі відэазварот монсеньёра Бруно Фабіё Пігіна, прафесара з Папскага ўніверсітэта кананічнага права ў Венецыі (Італія), які назваў галоўнага перакладчыка Кодэкса на беларускую мову, ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага, «адным са сваіх лепшых вучняў».

Рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу (Расія) монсеньёр Сяргей Цімашоў распавёў прысутным пра вопыт перакладу тэксту Кодэкса на рускую мову, які рабіўся пры актыўным удзеле былога Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Івана Юркавіча і цяперашняга нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча падчас іх працы ў Маскве. Пра асаблівасці перакладу Кодэкса на літоўскую мову, праца над якім вялася больш за пяць гадоў, распавёў удзельнікам прэзентацыі монсеньёр Рамуальдас Зданіс з Панявежыса.

Гэтыя два пераклады сталі першымі, зробленымі на тэрыторыі былога СССР, а беларускі пераклад стаў трэцім у гэтым шэрагу.

Пра працу над ім распавялі два святары, якія супольнымі намаганнямі яго здзейснілі. Прамову ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага з Мінска дапоўніў кансультант Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па юрыдычных пытаннях ксёндз канонік Андрэй Зноска з Ліды, які актыўна падключыўся да праекту і паспрыяў яго завяршэнню ў рэкордна кароткі тэрмін.

Пра значэнне беларускага перакладу Кодэкса для партыкулярнага Касцёла ў Беларусі сказаў у сваім выступе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, пасля чаго адбылася сімвалічная перадача Кодэксаў прадстаўнікам касцёльных і свецкіх інстытутаў Беларусі.

Надрукаваныя ў Вільні кнігі атрымалі, між іншым, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства юстыцыі, Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі і тэалагічных каледжаў у Мінску і Гродне, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і Супольнасці прагрэсіўнага юдаізму, а таксама Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава, якая, дзякуючы за дар, выказала задавальненне тым, што прэзентацыя такога важнага для беларускай прававой культуры выдання адбываецца менавіта ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Кодэкс кананічнага права з беларускім перакладам будзе на бязвыплатнай аснове перададзены ў касцёльныя структуры і бібліятэкі Беларусі.

На заканчэнне ўрачыстага мерапрыемства Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч яшчэ раз падзякаваў усім, хто прычыніўся да выхаду ў свет выдання, і ўручыў Апостальскае благаслаўленне Папы Францішка рэдактару беларускага тэксту — загадчыцы кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладчыцы беларускай мовы ў Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне Алене Садоўскай.

Абноўлена 07.04.2024 19:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.