7 студзеня, ва ўспамін святога Раймунда Пеньяфорцкага, прэзбітэра, які лічыцца апекуном касцёльных юрыстаў і правазнаўцаў, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, скіроўвае віншаванне ўсім, хто займаецца каталіцкай юрыспрудэнцыяй у Касцёле на Беларусі.
Паважаны ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB,
Старшыня Беларускай асацыяцыі касцёльнага права,
дарагія сёстры і браты!
Віншуючы вас з патранальным святам з нагоды ўспаміну святога апекуна касцёльных юрыстаў, запрашаю думкамі перанесціся ў далёкі 1230 год, калі Папа Грыгорый IX запрасіў у Рым айца Раймунда, дамініканіна, які на працягу чатырох гадоў працаваў над упарадкаваннем кананічнага права. Як ведаем, вынікам гэтай велізарнай працы з’яўляюцца так званыя Дэкрэталіі Грыгорыя IX, якія лічацца першым упарадкаваным Кодэксам кананічнага права ў Касцёле.
Папа Францішак, прамаўляючы да касцёльных юрыстаў, звярнуў увагу на тое, што іх праца патрабуе не толькі ведаў і ўменняў, але таксама чуласці і эмпатыі да людзей, якія звяртаюцца па дапамогу і падтрымку. Святы Айцец даў правазнаўцам такі наказ: «Заахвочваю вас выконваць свае абавязкі не як працу ці, што яшчэ горш, як уладу, але як служэнне душам, асабліва найбольш параненым». Таму, на думку Папы, «пастаяннае навучанне і пашырэнне нашага кругагляду неабходныя для таго, каб мы маглі эфектыўна падтрымліваць людзей у іх духоўных і прававых патрэбах».
Паважаныя правазнаўцы, жадаю вам, згодна з мэтай Асацыяцыі, з надзеяй здзяйсняць папулярызацыю і развіццё касцёльнага права ў Беларусі праз навуковую дзейнасць, стварэнне трывалай асновы для плённага супрацоўніцтва паміж дыяцэзіямі і манаскімі супольнасцямі дзеля павышэння кваліфікацыі, а таксама праз падтрыманне каштоўнага абмену вопытам паміж спецыялістамі ў галіне касцёльнага права.
Жадаю плённай працы і яе выканання ў духу канона 1752 Кодэкса кананічнага права 1983 года, які пастанаўляе, што «збаўленне душаў <…> у Касцёле заўсёды павінна быць вярхоўным законам».
З малітвай за вас,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі