
19 кастрычніка распачаўся новы фармацыйны год 2026–2027 для святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, якія здзяйсняюць розныя формы служэння ў Касцёле. Праграма зноў аб'яднала ўдзельнікаў з розных дыяцэзій Беларусі, якія імкнуцца паглыбляць свае веды, удасканальваць практычныя навыкі і разам шукаць адказы на выклікі сучаснасці. Сярод удзельнікаў праграмы — не толькі святары і свецкія супрацоўнікі, але і біскупы.
Новы фармацыйны год распачаўся з агульнай сустрэчы ўдзельнікаў, выкладчыкаў і экспертаў, падчас якой былі прадстаўлены сёлетняя праграма, змест навучальных модуляў і арганізацыя навучальнага працэсу.
Пасля прадстаўлення праграмы ад імя выкладчыкаў і экспертаў да прысутных звярнуўся дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Іерарх выказаў радасць з нагоды таго, што фармацыйная ініцыятыва зноў сабрала людзей, зацікаўленых у паглыбленні ведаў, асабістым развіцці і плённым супрацоўніцтве дзеля дабра Касцёла.

Біскуп заахвоціў удзельнікаў не абмяжоўвацца пасіўным слуханнем лекцый, а актыўна ўключацца ў навучальны працэс: задаваць пытанні, дзяліцца ўласным досведам, абмяркоўваць складаныя сітуацыі і разам з выкладчыкамі шукаць шляхі іх вырашэння.
Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на значэнне супольнага навучання і супрацоўніцтва святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў. Паводле яго слоў, такія сустрэчы ствараюць ўмовы для далейшага развіцця касцёльнага жыцця.
«Менавіта тут і цяпер, праз супольнае навучанне, дыялог і супрацоўніцтва, у тым ліку будуецца будучыня Касцёла ў Беларусі»,
— падкрэсліў біскуп Андрэй Зноска.
З прывітальным словам да прысутных выступіў і старшыня арганізацыйнага камітэта ксёндз канонік доктар Віктар Гайдукевіч SDB.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў, ён адзначыў, што пры падрыхтоўцы сёлетняй праграмы арганізатары кіраваліся найперш рэальнымі патрэбамі тых, хто працуе і служыць у касцёльных супольнасцях.
«Мы стараліся найперш улічваць рэальныя патрэбы тых, хто працуе і служыць у нашых касцёльных супольнасцях, каб навучанне не абмяжоўвалася тэорыяй, а давала канкрэтныя веды і практычныя інструменты, якія дапамогуць больш упэўнена дзейнічаць, вырашаць складаныя пытанні і якасней выконваць свае абавязкі»,
— адзначыў святар. Ён таксама падкрэсліў асаблівую каштоўнасць супольнай фармацыі святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, якая дае магчымасць не толькі вучыцца ў выкладчыкаў, але і абменьвацца досведам, абмяркоўваць актуальныя пытанні і разам шукаць рашэнні.
Завяршаючы выступленне, ксёндз Віктар Гайдукевіч пажадаў удзельнікам плённага фармацыйнага года, каб атрыманыя веды і навыкі дапамагалі ім больш упэўнена дзейнічаць, знаходзіць добрыя рашэнні і яшчэ лепш выконваць сваю працу і служэнне.
Пасля гэтага прысутныя даверылі новы фармацыйны год Божай апецы. Супольную малітву ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, які таксама ўдзяліў удзельнікам пастырскае благаслаўленне. Затым удзельнікі распачалі заняткі ў выбраных навучальных модулях.
Тры модулі — адна мэта
Сёння служэнне ў Касцёле патрабуе не толькі духоўнай падрыхтоўкі і пастырскага досведу, але і кампетэнцый у розных сферах чалавечага жыцця. Часткай штодзённай дзейнасці святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх супрацоўнікаў Касцёла ўсё часцей становяцца пытанні біяэтыкі, кананічнага і свецкага права, міжасобасных адносін, лічбавай бяспекі і штучнага інтэлекту.
Менавіта гэтым актуальным тэмам прысвечана фармацыйная праграма 2026-2027, якая спалучае тэарэтычныя веды з практычным падыходам да вырашэння канкрэтных сітуацый, што ўзнікаюць у касцёльным жыцці.
«Біяэтыка

Модуль, прысвечаны пытанням абароны чалавечага жыцця і годнасці, сучасным медыцынскім і біятэхналагічным выклікам, а таксама маральнай адказнасці пры прыняцці складаных рашэнняў.
«Кананічнае і свецкае права: актуальныя пытанні»

Модуль, у межах якога разглядаюцца прававыя аспекты дзейнасці Касцёла, правы і абавязкі вернікаў, пытанні касцёльнай маёмасці, канфідэнцыяльнасці і стварэння бяспечнага асяроддзя. Асаблівая ўвага надаецца практычным сітуацыям, з якімі ўдзельнікі сутыкаюцца ў сваім служэнні.
«Эфектыўныя міжасобасныя камунікацыі і бяспека ў лічбавым асяроддзі»

Модуль, які аб'ядноўвае пытанні пабудовы здаровых адносін, вырашэння канфліктаў, лічбавай гігіены, кібербяспекі і адказнага выкарыстання штучнага інтэлекту.
Нягледзячы на разнастайнасць тэм, усе тры модулі маюць агульную мэту — дапамагчы ўдзельнікам лепш разумець сучасныя выклікі, набываць неабходныя кампетэнцыі і больш свядома, прафесійна і адказна здзяйсняць сваё служэнне.
«Супольнае навучанне дапамагае лепш зразумець адно аднаго»
Пра тое, што дае фармацыйная праграма яе ўдзельнікам, і як атрыманыя веды дапамагаюць у штодзённым служэнні, мы запыталіся ў тых, хто ўжо мае досвед такога навучання.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, удзельнік фармацыйнай праграмы: «Фармацыя — сродак, каб данесці праўду Евангелля»
— Ваша Эксцэленцыя, наколькі важная сёння пастаянная фармацыя для тых, хто здзяйсняе служэнне ў Касцёле?
— Сучасны свет вельмі імкліва развіваецца, няспынна ствараючы новыя магчымасці і ўмовы для жыцця і дзейнасці чалавека. Касцёл і надалей мае сваё заданне — евангелізацыю і абвяшчэнне Добрай Навіны аб збаўленні, якое ўсклаў на яго наш Збаўца Езус Хрыстус.
Паспяховае выкананне гэтага задання залежыць ад двух асноўных фактараў:
- па-першае, гэта духоўнае жыццё і асабістае сведчанне тых, хто здзяйсняе служэнне ў Касцёле, іх асабістая малітва і сувязь з Богам;
- па-другое, гэта ўмелае выкарыстанне сучасных тэхнічных сродкаў, перадусім медыйных, для абвяшчэння Добрай Навіны аб збаўленні.

Асабліва важна гэта сёння, у эпоху штучнага інтэлекту, які не толькі стварае новыя магчымасці, але і часта пераймае пэўныя функцыі чалавечай дзейнасці. Аднак ён ніколі не зможа замяніць чалавека і заняць яго месца. Таму ўмелае выкарыстанне гэтага здабытку чалавецтва патрабуе адукацыі, якую папа Леў XIV у сваёй энцыкліцы Magnifica humanitas называе нават крытычна важнай.
Такім чынам, фармацыя, асабліва інтэлектуальная, сёння з'яўляецца неабходным сродкам для таго, каб у сучасным свеце паспяхова даносіць да чалавека праўду Евангелля і дапамагаць яму не згубіцца сярод выклікаў сучаснасці.
— Якія выклікі сучаснасці, на Ваш погляд, патрабуюць ад святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў новых ведаў і кампетэнцый?
— Важнае месца тут займае штучны інтэлект. Яго ўмелае выкарыстанне павінна суправаджацца разуменнем магчымых пагроз, каб пазбягаць рознага роду маніпуляцый і злоўжыванняў у розных сферах чалавечай дзейнасці, а перадусім — не дапускаць абясцэньвання чалавечай працы і годнасці. На гэта асаблівую ўвагу звяртае таксама папа Леў XIV.
Яшчэ адным, магчыма, не столькі новым, колькі заўсёды актуальным выклікам застаецца пытанне абароны чалавечага жыцця ад моманту зачацця да натуральнай смерці. Веды ў галіне біяэтыкі дапамагаюць нам сёння глыбей зразумець гэтыя праблемы і шукаць адпаведныя адказы на пытанні, надзвычай важныя для сучаснага чалавека.
Не менш істотным выклікам застаюцца міжасобасныя адносіны і трываласць сучасных сем'яў, якія, як мы ведаем, сёння нярэдка перажываюць крызіс. Адказам на гэта павінны стаць паглыбленне духоўнага жыцця чалавека і вяртанне да маральных нормаў і традыцыйных каштоўнасцяў. Свой пазітыўны ўнёсак у вырашэнне гэтых праблем можа зрабіць таксама псіхалогія і веды ў гэтай галіне.
Іван Лубінскі, актыўны парафіянін, удзельнік фармацыйнай праграмы: «Трэба шукаць новыя сродкі камунікацыі»
— Іван, Вы ўжо год удзельнічаеце ў фармацыйнай праграме. Што за гэты час стала для Вас найбольш карысным і ці змяніўся Ваш погляд на служэнне ў Касцёле?
— Так, ужо цэлы год праходжу фармацыю ў Акадэміі супольнага служэння. Цікавым момантам стала тое, што разам з намі навучаюцца не толькі святары, але і біскуп Алег, і свецкія вернікі. Гэта даволі цікавы эксперымент супольнага навучання, нават у тым плане, што можна зразумець пазіцыі і погляды адно аднаго.
І гэта ўжо прынесла пэўную карысць, таму што я пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі — тымі, хто шмат робіць у Касцёле і хто яшчэ шмат можа зрабіць. Я бачу ў гэтым вялікую карысць такіх супольных фармацыйных праграм.
Таксама змяняецца погляд на служэнне ў Касцёле.
Становіцца відавочным, што трэба вельмі аператыўна рэагаваць на сучасныя выклікі, бо яны змяняюцца нават кожны месяц, кожны тыдзень.
Трэба гэта заўважаць і разумець, дзе неабходна неадкладна рэагаваць, а дзе — прымаць больш стратэгічныя рашэнні.
Напрыклад, я з'яўляюся ўдзельнікам руху «Сужэнскія сустрэчы», і нам вельмі важна разумець, што многія сучасныя тэндэнцыі негатыўна адбіваюцца на сям'і. Калі мы будзем дзейнічаць паводле праграм і напрацовак XX стагоддзя, то, зразумела, проста не зможам адказаць на многія сучасныя выклікі.
Таму адным з пазітыўных бакоў гэтай праграмы з'яўляецца тое, што яна дапамагае зразумець, як адказваць на сучасныя выклікі.
— Ці ўдалося Вам прымяніць атрыманыя веды на практыцы — у парафіяльным жыцці або па-за яго межамі?
— Веды, якія мы атрымліваем, часта маюць не толькі прыкладны, але і тэарэтычны характар. Мы разбіраемся ў асновах, у сэнсах, якія нясуць такія паняцці, як лідарства, сучасныя камунікацыі, пэўныя псіхалагічныя выклікі.
Калі браць, напрыклад, тыя ж «Сужэнскія сустрэчы», то я лепш зразумеў, як наладжваць камунікацыю і даносіць інфармацыю ў сённяшнім грамадстве.
У працы з маладымі сем'ямі цяпер ужо недастаткова таго, што плакат будзе вісець на інфармацыйным стэндзе каля касцёла. Многія сёння проста не звяртаюць на гэта ўвагі.
Трэба шукаць новыя сродкі камунікацыі ў інтэрнэце, сацыяльных сетках, каб знаходзіць маладых людзей і маладыя сем'і.
Брат Вадзім Войцік OFMCap, удзельнік фармацыйнай праграмы: «Важныя не толькі веды, але і атмасфера братэрства»
— Брат Вадзім, што заахвоціла Вас зноў прыняць удзел у фармацыйнай праграме?
— Магу з упэўненасцю сказаць, што менавіта досвед папярэдніх двух курсаў, у якіх я ўдзельнічаў, паўплываў на маё рашэнне трэці раз далучыцца да фармацыйнай праграмы.
На працягу паўтара года я меў магчымасць і радасць удзельнічаць у курсе павышэння кампетэнцый настаяцеляў і лідараў супольнасцяў, а ў гэтым годзе ўдзельнічаў у курсе біяэтыкі.
Для мяне гэта былі вельмі карысныя, узбагачальныя, добра падрыхтаваныя і якасна праведзеныя курсы, з якіх я шмат скарыстаў і ў якіх удзельнічаў з вялікім задавальненнем. Другі фактар, апроч таго, што рэчы, якія мы абмяркоўваем падчас праграмы, карысныя для маёй фармацыі, для жыцця і штодзённасці, — гэта атмасфера братэрства і прыязнасці, якая пануе ў гэтым цэнтры, калі мы сустракаемся кожны трэці панядзелак.
Сама магчымасць сустрэчы, сам факт таго, што мы збіраемся з рознымі людзьмі, з розных дыяцэзій, з кансэкраванымі асобамі, святарамі і свецкімі вернікамі, абменьваемся ідэямі і пытаннямі — гэта для мяне вызначальны фактар і цудоўная рэч.
— Наколькі тэмы фармацыі ў гэтым навучальным годзе актуальныя для Вашага штодзённага служэння і якія пытанні Вас цікавяць найбольш?
— Цяпер я выбраў кананічнае права. Гэта перш за ўсё пытанні таго, як Касцёл сябе акрэслівае. Мне хочацца крыху глыбей пазнаць і яшчэ раз звярнуцца да тэм, звязаных з функцыянаваннем Касцёла, малітвай, а таксама сакрамэнтамі.

Напрыклад, удзяленне сакрамэнтаў хросту і сужэнства. Узнікаюць розныя пытанні: ці могуць праваслаўныя быць сведкамі, ці не? Гэта практычныя пытанні, з якімі я сустракаюся штодня.
Таксама цікавяць пытанні маёмасці, яе набыцця, уласнасці — як гэта выглядае з пункту гледжання Касцёла, кананічнага права і свецкага заканадаўства дзяржавы, у якой мы жывём.
Таму гэты курс я бачу для сябе вельмі карысным і патрэбным, каб больш упэўнена і канкрэтна ведаць як законы нашай касцёльнай супольнасці, так і законы дзяржавы, а таксама разумець, як усё гэта спалучаць.
Менавіта таму я выбраў модуль кананічнага права і разумею, што ён будзе патрэбны і для майго душпастырскага служэння людзям, і для таго, каб самому яшчэ раз усё прыгадаць і гэтым жыць.
Фармацыя, якая аб'ядноўвае
Фармацыйная праграма працягвае аб'ядноўваць людзей з розным досведам і формамі служэння, але з агульным жаданнем — лепш разумець сучасны свет і больш плённа працаваць на карысць Касцёла.

Хоць новы фармацыйны год 2026–2027 ужо распачаўся, але далучыцца да навучання яшчэ не позна. Арганізатары запрашаюць святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, зацікаўленых у паглыбленні сваіх ведаў і развіцці практычных навыкаў, скарыстацца гэтай магчымасцю.
Больш падрабязна з праграмай навучання і ўмовамі ўдзелу ў ёй можна азнаёміцца ў адпаведным артыкуле на catholic.by.
Рэгістрацыя на фармацыйную праграму па спасылцы ТУТ>>>.






























