
У суботу, ва ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, 21 лістапада, у парафіі святога Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася важная падзея: брат Андрэй Багдановіч OFMCap даў вечныя манаскія абяцанні.
Мінула каля пяці гадоў з дня, калі ксёндз Андрэй, маючы за плячыма вопыт святарскага служэння, пастукаў у дзверы маладзечанскага кляштара з намерам распачаць фармацыю ў братэрскай супольнасці Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. І вось (што сімвалічна, ва ўзросце 33 гадоў) надыйшоў час, калі ён канчаткова прыняў рашэнне назаўсёды аддаць сваё жыццё на выключную службу Богу і людзям, злучыўшы сябе з капуцынскай супольнасцю.
Каб стаць удзельнікамі і сведкамі падзеі, падтрымаць брата Андрэя, а таксама падзяліць радасць братоў капуцынаў, на Імшцецу завіталі шматлікія госці, якія добра ведалі брата Андрэя: духоўныя асобы — айцец Сяргей Трысцень OCD, ксёндз Вячаслаў Пялінак, ксёндз канонік Юрый Быкаў, ксёндз канонік Павел Шылак, ксёндз Андрэй Бурак, ксёндз Гжэгаж Балеста, айцец Пэдра Гузьман, бацькі Юрый і Алена, сёстры, а таксама знаёмыя і парафіяне з папярэдніх месцаў служэння брата.
На пачатку святой Імшы кусташ брат Алег Шэнда OFMCap, які ўзначаліў цэлебрацыю, звярнуўся да прысутных з прывітальным словам і, дзякуючы Богу за пакліканне брата Андрэя, прыгадаў праўду пра тое, што логіка хрысціянства, якую асабліва падкрэслівае свята ахвяравання Панны Марыі, заключана ў прынцыпе: каб жыццё захаваць, трэба яго аддаць, ахвяраваць (пар. Ян 12, 25). Брат Алег заахвоціў маліцца за брата Андрэя, каб штодня ён мог плённа супрацоўнічаць з Богам і верна пераймаць навуку і прыклад Езуса Хрыста, да смерці захоўваючы са святой руплівасцю Правіла і лад жыцця меншых братоў капуцынаў.

Ксёндз Вячаслаў Пялінак, які некалі служыў разам з братам Андрэем у Брэсце і быў «сведкам таго, як Дух Святы пачаў бунтаваць яго сэрца жаданнем пайсці ў закон», скіраваў да прысутных словы гаміліі:
«Мы ўсе прыйшлі падзякаваць Духу Святому за тую справу, якую Ён чыніць у сэрцы гэтага чалавека. Вечныя шлюбы для супольнасці — вялікае шчасце. Гэта пацвярджэнне таго, што Дух Святы, які сотні гадоў таму пачаў справу ў сэрцы Францішка, дзейнічае сёння ў гэтай супольнасці. Той самы Святы Дух, які ўзбунтаваў, прыцягнуў, змяніў сэрца маладога чалавека ў далёкай Італіі больш за 800 гадоў таму, дзейнічае тут, паміж намі, у сэрцы гэтага маладога чалавека, у гэтай супольнасці».
Ксёндз Вячаслаў задаўся пытаннем, у чым сутнасць гэтага дзеяння Духа Святога. Ён заўважыў, што ў жыцці Францішка ўсё пачалося «не ад святасці, а ад слабасці»: Бог прамаўляе да яго ў Спалета не праз святасць кагосьці іншага, а праз уласную слабасць цела і духа Францішка, праз хваробу, стомленасцю і няўпэўненасць. Наступны містычны досвед ён меў не ў прыгожай катэдры пры гуках грыгарыянскага харалу, а ў руінах капліцы Сан-Дам’яна. Зноў ён адчуў голас жывога Хрыста ў слабасці — слабасці Касцёла. Іншы паваротны момант — сустрэча з пракажоным. Зноў слабасць, зноў адкінутасць. Зноў тое, што ва ўсіх выклікае агіду, ад чаго кожны бы адвярнуў вочы, для Францішка становіцца досведам любові жывога Бога і крыніцай святасці.
Святар, углядаючыся ў францішканскую харызму, правёў аналогію з дзеяннем Святога Духа ў нашыя дні:
«Ці не хоча Дух Святы сказаць, што ўласная слабасць, ад якой хаваемся, можа стаць крыніцай ласкі, рэсурсам, праз які Бог хоча да нас прамовіць? Ці хочам мы пачуць Таго, хто прамаўляе праз нашыя раны, асабістыя гісторыі і слабасці? Ці не настолькі многа мы апранаем розных масак, каб падавацца адзін аднаму святымі, што ажно страцілі рэальную прысутнасць Езуса ў нашым жыцці?»
Сёння ёсць небяспека залішне захапіцца «фасадам» Касцёла — прыгожымі літургічнымі працэсамі, знешняй эстэтыкай — і стварыць з Касцёла ідала, баючыся ўбачыць яго слабасці, руіны, учыненыя грахом. Але менавіта руіны Касцёла могуць стаць натхненнем для новага жыцця. «Можа там нам Хрыстос хоча сказаць, куды нам неабходна ісці?» — заўважыў прапаведнік.
«Урэшце, колькі сёння ёсць людзей, падобных да таго пракажонага, якія ходзяць па нашых вуліцах? — дадаў святар. — Францішак не казаў пракажоннаму казанні, а абдымаў. Можа гэтыя людзі вакол нас больш патрабуюць таго, каб іх абнялі, прынялі з усёй іх «праказай» і паламаным лёсам, а не прачыталі прыгожую лекцыю, як жыць? Калі хтосьці з нас калі-небудзь быў прыняты, ведае наколькі гэта важна. І гэтага не заменіць ні адна прыгожая пропаведзь».
«Я бачу, што гэты харызмат сёння жывы ў гэтым чалавеку, — падкрэсліў ксёндз Вячаслаў. — Тое, што адбываецца тут, — гэта рэалізацыя Евангелля. Хрыстос працягвае руку і кажа: «Вось мой брат, мая маці». Ён прымае брата Андрэя ў сваю сям’ю, якую некалі пачаў засноўваць праз Францішка. Гэта — не напісаць кнігу. Гэта — аддаць жыццё. Не ён сам аддае, але гэта чыніць у ім Дух Святы».

Потым у капліцы ўсе жадаючыя — ад маленькіх да вялікіх — маглі пагрэцца і праз камандны ўдзел у віктарыне праверыць глыбіню сваіх ведаў у Святым Пісанні, біяграфіі святога Францішка, гісторыі францішканскіх ордэнаў і Касцёла, у школьных прадметах, а таксама патанчыць. Было неяк па-дамашняму проста, утульна і весела.





























































