
У Ватыкане выйшлі два даведнікі Каталіцкага Касцёла: «Annuario Pontificio» на 2026 год і «Annuarium Statisticum Ecclesiae» за 2024 год. Апрацоўкай даных займалася Цэнтральная статыстычная служба Каталіцкага Касцёла.
З апублікаваных даных вынікае, што на планетарным узроўні колькасць католікаў павялічылася з каля 1,406 мільярда ў 2023 годзе да крыху больш за 1,422 мільярда ў 2024 годзе, што азначае рост на 1,14%. Гэты прырост прыкладна супастаўны з прыростам насельніцтва планеты. Доля католікаў у свеце застаецца стабільнай на ўзроўні каля 17,8%.
У 2024 годзе ў Афрыцы налічвалася каля 288 мільёнаў католікаў, што на 7 мільёнаў больш, чым годам раней. Гэта — 20,3% ад агульнай колькасці католікаў у свеце. Такім чынам, Афрыка ўпершыню абагнала Еўропу: доля еўрапейскіх католікаў — 20,1% ад агульнай колькасці вызнаўцаў каталіцтва ў свеце. У Афрыцы католікі складаюць амаль 20% насельніцтва кантынента, у Еўропе — амаль 40%.
У Паўночнай і Паўднёвай Амерыках католікі складаюць 64% ад усіх жыхароў. Тут пражывае 47,7% — амаль палова — усіх членаў Каталіцкага Касцёла ў свеце. У Акіяніі католікі складаюць каля 25,9%. У Азіі — каля 3,3%.
Паводле апошніх звестак, якія адносяцца да 2024 года, колькасць каталіцкага духавенства ў свеце складала 465 048 чалавек, з іх 5 525 — біскупы, 407 421 — святары, 52 102 — пастаянныя дыяканы. Колькасць законных братоў, якія не з’яўляюцца святарамі — 48 511 чалавек, а законных сясцёр — 589 423. Каля 2,9 мільёна чалавек у 2024 годзе былі катэхетамі.
Колькасць семінарыстаў на сусветным узроўні скарацілася з 106 495 у 2023 годзе да 103 604 у 2024 годзе, што азначае адноснае змяншэнне на 2,72%. Скарачэнне закранае ўсе кантыненты, за выключэннем Афрыкі, дзе колькасць семінарыстаў павялічылася на 2,25% — з 34 924 да 35 710 чалавек. Агульная доля семінарыстаў у свеце размеркавана наступным чынам: 34,5% прыпадае на Афрыку, далей ідуць Азія — 26,7%, Амерыка — 26,2%, Еўропа — 11,7% і Акіянія – 0,9%.







