
У Ватыкане былі прадстаўлены лагатып і дэвіз Апостальскага падарожжа Льва XIV у Іспанію. Яно пройдзе з 6 па 12 чэрвеня і будзе ўключаць наведванне Мадрыда, Барселоны і Канарскіх астравоў.
Пілігрымка пройдзе пад дэвізам: «Alzad la mirada» («Падыміце вашыя вочы»). Гэтыя словы з Евангелля паводле святога Яна (4, 35) з’яўляюцца «заклікам узняць позірк ад штодзённых клопатаў, каб нанова адкрыць прысутнасць Бога і адкрыцца на іншых».
«Гэта запрашэнне да надзеі і сузірання, заклік не закрывацца ў саміх сабе, але нанова адкрыць для сябе адзінства, прыгажосць і любоў як канкрэтныя знакі супольнага жыцця. У жэсце "ўзняцця вачэй" выяўляецца таксама дух, з якім Касцёл у Іспаніі прымае візіт Святога Айца: з адкрытым сэрцам і гатоўнасцю ісці разам»,
— гаворыцца ў афіцыйным камюніке Залы Друку Апостальскай Сталіцы.
Лагатып візіту Святога Айца ў Іспанію мае форму адкрытага круга ў руху, утворанага чалавечымі фігурамі, злучанымі паміж сабой і скіраванымі ўгару. Кампазіцыя выражае супольнасць, сустрэчу і ўзаемную падтрымку: гаворка ідзе не толькі пра тое, каб быць разам, але пра тое, каб ісці разам да агульнай мэты.
Панна Марыя, змешчаная ў цэнтры, сімвалізуе сэрца гэтага руху: мацярынская прысутнасць, якая прымае і накіроўвае позіркі да Бога — знак адзінства і надзеі для ўсяго народа.







