Пошук


Фота: grodnensis.by

У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне семінарысты разам з айцом Сяргеем Гусарам OFMCap шукалі, як развіваць атрыманыя ад Бога дары і заставацца вернымі свайму пакліканню. 

16 лістапада, калі ў Гродзенскай дыяцэзіі святкавалася ўрачыстасць яе Апякункі, Панны Марыі Вастрабрамскай, у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання. Духоўныя практыкаванні правёў айцец Сяргей Гусар OFMCap. У цэнтры яго разважанняў былі два аспекты святарскага служэння — крэатыўнасць і сталасць як два крылы святарскага служэння. 

Разважаючы пра святарства, айцец Сяргей засяродзіўся на тым, як можна адкрываць і развіваць дары, атрыманыя ад Бога, і выкарыстоўваць іх у служэнні. 

Рэкалекцыяніст адзначыў, што крэатыўнасць дапамагае шукаць спосабы найбольш поўна рэалізаваць сваё пакліканне, а сталасць — адказна і верна жыць ім. Гэтыя якасці важныя не толькі ў святарскай дзейнасці, але і ў працэсе фармацыі, калі семінарыст вучыцца глыбей разумець сябе і свой шлях. 

Адпраўным пунктам для разважання стаў апостальскі ліст папы Францішка «Patris corde» («Бацькоўскім сэрцам»), прысвечаны святому Юзафу. Спасылаючыся на гэты дакумент, святар заахвоціў семінарыстаў адказаць сабе на пытанні: «Чым Бог мяне адарыў?», «Якое пакліканне майго паклікання?», «Чым я адрозніваюся ад іншых?» 

На думку рэкалекцыяніста, гэтыя пытанні дапамагаюць убачыць асабістыя дары і непаўторнасць паклікання: не толькі разважаць пра тое, да чаго чалавек пакліканы, але і шукаць, якім чынам ён можа адказаць на Божы заклік менавіта са сваімі дарамі, здольнасцямі і асаблівасцямі.

Усведамленне ўласнай непаўторнасці дапамагае семінарысту лепш зразумець, дзе і як яго служэнне будзе найбольш плённым. 

Таксама ў межах канферэнцый айцец Сяргей распавёў пра ўласны шлях да святарства. Падчас размовы юнакі змаглі запытацца ў айца пра яго асабістае перажыванне паклікання. 

Падсумоўваючы разважанні, рэкалекцыяніст заахвоціў будучых святароў адкрыць, у якой галіне кожны з іх можа найлепш служыць і рэалізоўваць свае дары. 

Удзельнікі адзначылі, што дзень засяроджання стаў для іх нагодай задумацца, паразважаць над уласным пакліканнем і глыбей прыгледзецца да таго, як Бог вядзе кожнага з іх. 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця