Пошук

16.11.2026 20:33   Тэкст і фота: Кс. Юрый Жэгарын / Catholic.by

З 13 па 15 лістапада ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) прайшоў Альфа-ўікэнд для ўдзельнікаў восеньскага А-курса. Мерапрыемства адбылося ў гістарычным рэкалекцыйным доме пры касцёле Святога Арханёла Міхала. У рэкалекцыях узялі ўдзел 35 чалавек.

Трохдзённая духоўная ініцыятыва «Выходныя з Духам Святым» прайшла ў фармаце Альфа-ўікэнда. Яна аб’яднала слухачоў А-курса, якія імкнуліся глыбей пазнаць сваю веру і адкрыць сэрцы для дзеяння Духа Святога — Трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы.

Духоўныя практыкаванні правёў пробашч навагрудскай парафіі Святога Арханёла Міхала ксёндз Юрый Жэгарын. Праграма была складзена так, каб кожны ўдзельнік мог паступова і асэнсавана перажыць унутраныя змены і асабістую сустрэчу з Езусам у Духу Святым.

Субота стала цэнтральным днём рэкалекцый, напоўненым разнастайнымі формамі малітвы і духоўнымі разважаннямі. Удзельнікі слухалі канферэнцыі, прысвечаныя таямніцы і дзейнасці Духа Святога. Разважанні, дапоўненыя жывым сведчаннем, знайшлі водгук у сэрцах тых, хто шукае Божай волі.

У нядзелю ўдзельнікі дзяліліся сведчаннямі пра тое, наколькі важнымі і духоўна насычанымі сталі для іх гэтыя выходныя. Сустрэча завяршылася супольнай нядзельнай Эўхарыстыяй.

Альфа-курс, у межах якога прайшлі рэкалекцыі, — гэта не проста серыя сустрэч, а прадуманая катэхетычная ініцыятыва, заснаваная на керыгме — абвяшчэнні асноў Евангелля. Яна дапамагае не толькі сістэматызаваць веды пра веру, але і перажыць асабістую сустрэчу з Божай любоўю, якая ажыўляе і паглыбляе веру.

Сёння Альфа-курс актыўна развіваецца ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі як адзін са спосабаў новай евангелізацыі. Ён з’яўляецца адказам мясцовага Касцёла на заклікі Другога Ватыканскага Сабору і папаў канца XX і XXI стагоддзяў да новай евангелізацыі. Альфа-супольнасці дзейнічаюць ужо ў многіх гарадах краіны: Гродне, Віцебску, Глыбокім, Крупках, Мінску, Навагрудку, Оршы і Нароўлі. Дзякуючы ім Божае слова знаходзіць шлях да сэрцаў новых людзей.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.