Пошук

08.10.2026 16:03   Catholic.by
Фота: Уладзіслаў Зарэцкі

19 кастрычніка распачынаецца новы этап фармацыйнай праграмы для святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх, прысвечанай актуальным пытанням біяэтыкі, кананічнага і свецкага права, міжасобаснай камунікацыі, штучнага інтэлекту і лічбавай бяспекі.

Служэнне ў Касцёле сёння ўсё часцей ставіць перад чалавекам пытанні, на якія недастаткова адказаць толькі зыходзячы з асабістага досведу ці добрых намераў. Новыя магчымасці медыцыны, складаныя прававыя сітуацыі, адказнасць за людзей і маёмасць, канфлікты і міжасобасныя адносіны, штучны інтэлект і лічбавая бяспека патрабуюць ведаў, кампетэнтнасці і ўмення прымаць адказныя рашэнні.

Менавіта гэтым выклікам прысвечаны новы этап фармацыйнай праграмы, які распачынаецца ў панядзелак, 19 кастрычніка. Праграма прызначана для святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх, якія ў розных формах нясуць служэнне ў Касцёле.

Яна складаецца з трох тэматычных модуляў. Іх мэта — не проста перадаць тэарэтычныя веды, але дапамагчы ўдзельнікам лепш арыентавацца ў рэальных сітуацыях і пытаннях, з якімі яны сустракаюцца ў сваім служэнні.

Модуль I. «Біяэтыка»

Сучасная медыцына і біятэхналогіі адкрываюць магчымасці, якія яшчэ нядаўна цяжка было ўявіць. Разам з імі ўзнікае фундаментальнае пытанне: ці ўсё, што тэхнічна магчыма, маральна дапушчальна? Дзе праходзіць мяжа паміж лячэннем чалавека і ўмяшаннем у саму яго прыроду?

Падчас першага модуля ўдзельнікі будуць працаваць з актуальнымі тэмамі, звязанымі з абаронай чалавечага жыцця і годнасці ад зачацця да натуральнай смерці.

Размова пойдзе пра трансгуманізм і гендэрную ідэалогію, статус чалавечага эмбрыёна і аборт, экстракарпаральнае апладненне і сучасныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі, генную інжынерыю і генетычную тэрапію, трансплантацыю органаў і межы дапушчальнага ўмяшання ў чалавечае цела.

Не застануцца па-за ўвагай пытанні годнага памірання, суправаджэння невылечна хворых і эўтаназіі, а таксама экалагічная праблематыка і навуковая этыка ў біямедыцыне і біятэхналогіях.

Асобнае месца зойме біяэтыка ў пастырскім служэнні: як гаварыць пра складаныя і спрэчныя пытанні, захоўваючы вернасць праўдзе і адначасова павагу да годнасці і канкрэтнай жыццёвай сітуацыі чалавека.

Рэгістрацыя на фармацыйную праграму па спасылцы ТУТ>>>

Модуль II. «Кананічнае і свецкае права: актуальныя пытанні»

Другі модуль будзе прысвечаны прававым сітуацыям, з якімі даводзіцца сутыкацца як у жыцці Касцёла, так і ў штодзённай дзейнасці. Важнай асаблівасцю стане практычны падыход і, дзе гэта магчыма, паралельны разгляд кананічнага і дзяржаўнага права.

У частцы кананічнага права ўдзельнікі будуць працаваць з пытаннямі касцёльнай маёмасці і адказнага кіравання ёю, улады, паслухмянасці і адказнасці ў Касцёле, правоў вернікаў і адказнасці тых, каму даручана служэнне.

Размова пойдзе пра кампетэнцыі і межы паўнамоцтваў, распараджэнне касцёльнай маёмасцю і фінансавую празрыстасць, канфідэнцыяльнасць, права на добрае імя і прыватнасць, персанальныя даныя і бяспечнае асяроддзе (safeguarding). Будуць закрануты таксама пытанні ўзаемаадносін паміж дыяцэзіяй і манаскім інстытутам.

Важнае месца зойме праца з рэальнымі пастырскімі сітуацыямі: пытаннямі, звязанымі з хростам і хроснымі бацькамі, падрыхтоўкай да сужэнства, парафіяльнай дакументацыяй, пахаваннем, ахвяраваннямі, інтэнцыямі святых Імшаў і іншымі выпадкамі штодзённага парафіяльнага жыцця. Мэта — не толькі ведаць нормы, але ўмець правільна ацаніць сітуацыю, разумець межы ўласнай кампетэнцыі і ведаць, як дзейнічаць далей.

У частцы свецкага права ўдзельнікі звернуцца да практычных пытанняў права ўласнасці і дагаворных адносін, працоўнага і спадчыннага права, а таксама права гаспадарчага вядзення і аператыўнага кіравання. Асаблівая ўвага будзе нададзена сітуацыям, з якімі можна рэальна сутыкнуцца ў касцёльнай дзейнасці і штодзённым жыцці.

Рэгістрацыя на фармацыйную праграму па спасылцы ТУТ>>>

Модуль III. «Эфектыўныя міжасобасныя камунікацыі і бяспека ў лічбавым асяроддзі»

Трэці модуль аб’яднае дзве сферы, якія сёння ўсё мацней пераплятаюцца: адносіны паміж людзьмі і дзейнасць чалавека ў лічбавым асяроддзі.

Удзельнікі будуць працаваць з пытаннямі міжасобаснай камунікацыі, актыўнага слухання, розных тыпаў асобы і адпаведных спосабаў камунікацыі.

Значная ўвага будзе нададзена канфліктам: прычынам іх узнікнення, распазнаванню канфліктагенных паводзінаў, прадухіленню эскалацыі і пошуку шляхоў да пагаднення. Практычная частка закране таксама вербальную і невербальную камунікацыю, распазнаванне маніпуляцый і спосабы супрацьстаяння ім.

Другі напрамак будзе звязаны з лічбавым асяроддзем. Удзельнікі пазнаёмяцца з асновамі лічбавай гігіены і кібербяспекі, спосабамі абароны акаўнтаў і прылад, сучаснымі відамі кібератак і сацыяльнай інжынерыяй.

Асобная ўвага будзе нададзена штучнаму інтэлекту і яго практычнаму выкарыстанню: магчымасцям і абмежаванням сучасных AI-інструментаў, іх правільнаму выбару, асновам промпт- і кантэкст-інжынірынгу, а таксама працы з тэкстамі і дакументамі, стварэнню відэа, аўдыя і іншага медыякантэнту.

Важным прынцыпам стане формула: «Штучны інтэлект дапамагае ствараць — чалавек правярае і адказвае».

Новыя тэхналогіі могуць істотна пашыраць магчымасці чалавека і дапамагаць у працы і служэнні, але не павінны замяняць яго мысленне, крытычную ацэнку і асабістую адказнасць за канчатковы вынік.

Рэгістрацыя на фармацыйную праграму па спасылцы ТУТ>>>

Веды, якія дапамагаюць служыць

Біяэтыка, права, камунікацыя і лічбавыя тэхналогіі на першы погляд могуць здавацца вельмі рознымі сферамі. Аднак у штодзённым служэнні яны ўсё часцей сустракаюцца ў адной кропцы — там, дзе неабходна прыняць адказнае рашэнне адносна канкрэтнага чалавека і канкрэтнай сітуацыі.

Як размаўляць з чалавекам, які сутыкнуўся са складанай біяэтычнай дылемай? Хто мае права прыняць тое ці іншае рашэнне ў касцёльнай структуры? Як дзейнічаць у нестандартнай пастырскай або прававой сітуацыі? Як не дапусціць, каб канфлікт разбурыў адносіны? Як выкарыстоўваць магчымасці штучнага інтэлекту, не адмаўляючыся ад уласнага мыслення і адказнасці?

Гэта ўжо не пытанні будучыні. Яны ўзнікаюць сёння — у парафіях і супольнасцях, касцёльных установах і сем’ях, у асабістых размовах і лічбавай прасторы.

Таму фармацыя сёння — гэта не толькі паглыбленне ведаў. Гэта таксама здольнасць распазнаваць, ацэньваць і адказна дзейнічаць.

Запрашаем святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх, якія нясуць служэнне ў Касцёле, далучыцца да праграмы, каб разам паглыбляць веды, набываць практычныя навыкі і шукаць кампетэнтныя адказы на выклікі, з якімі мы ўжо сёння сустракаемся ў сваім служэнні.

Рэгістрацыя на фармацыйную праграму адкрыта. Для ўдзелу неабходна запоўніць рэгістрацыйную форму па спасылцы ТУТ>>>

Абноўлена 08.10.2026 16:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.