
19 кастрычніка ў Беларусі распачнецца новая праграма фармацыі, разлічаная на святароў, законных братоў, прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў, а таксама катэхетаў, кіраўнікоў парафіяльных структур і свецкіх, якія супрацоўнічаюць у душпастырскай дзейнасці.
Праграма будзе працягвацца з 19 кастрычніка 2026 года па 19 красавіка 2027 года.
Сёння душпастырскае служэнне патрабуе не толькі вернасці свайму пакліканню і добрай тэалагічнай падрыхтоўкі. Свет змяняецца настолькі хутка, што святар, кансэкраваная асоба, катэхет ці свецкі супрацоўнік у Касцёле ўсё часцей сустракаецца з пытаннямі, на якія складана адказаць толькі на падставе раней набытага досведу. Новыя прававыя сітуацыі, складаныя маральныя дылемы, крызісы ў адносінах, штучны інтэлект, лічбавыя пагрозы і новыя формы камунікацыі ўжо сталі часткай нашай штодзённасці.
Менавіта таму праграма задумана не проста як чарговы цыкл сустрэч для абмеркавання сучасных пытанняў, але як прастора фармацыі для тых, хто хоча служыць сучаснаму чалавеку кампетэнтна, адказна і па-хрысціянску.
Яна дае магчымасць не толькі атрымаць новыя веды, але і навучыцца прымяняць іх у канкрэтных сітуацыях душпастырства, жыцця парафіі і асабістых сустрэч з людзьмі.
Пра тое, навошта сёння патрэбная пастаянная фармацыя, з якімі праблемамі сутыкаюцца яе ўдзельнікі і чаму ў праграме з’яўляюцца настолькі розныя тэмы — ад камунікацыі і працы з дзецьмі і моладдзю да штучнага інтэлекту, — распавядаюць арганізатары і выкладчыкі фармацыйнай праграмы.
Ксёндз канонік д-р Віктар Гайдукевіч SDB, каардынатар фармацыйнай праграмы: «Фармацыя павінна суправаджаць чалавека на працягу ўсяго яго служэння»

— Ксёндз Віктар, калі Вы толькі распачыналі гэтую ініцыятыву, на якую патрэбу Касцёла Вы найперш хацелі ёй адказаць? А ці змянілася гэтая патрэба сёння?
— Калі мы пачыналі фармацыйную праграму, мне здавалася вельмі важным стварыць прастору для сістэмнай дадатковай фармацыі людзей, якія ўжо нясуць адказнасць у Касцёле. Бо сёння аднаго добрага тэалагічнага фундаменту, атрыманага калісьці падчас базавай фармацыі, часта ўжо недастаткова. Святар, кансэкраваная асоба ці свецкі супрацоўнік Касцёла сутыкаюцца з пытаннямі права, псіхалогіі, камунікацыі, кіравання, этыкі, новых тэхналогій — і павінны ўмець кампетэнтна на іх адказваць.
Ці змянілася гэтая патрэба? Думаю, яна стала яшчэ больш відавочнай. Свет змяняецца вельмі хутка, і разам з ім змяняюцца пытанні, з якімі людзі прыходзяць у Касцёл. Таму фармацыя сёння не можа заканчвацца атрыманнем дыплома або пасвячэннем. Яна павінна суправаджаць чалавека на працягу ўсяго яго служэння.
— Праграма ахоплівае шырокае кола тэм і кірункаў. Што аб’ядноўвае іх у адзіную сістэму фармацыі?
— Усе гэтыя кірункі, нягледзячы на іх разнастайнасць, аб’ядноўвае адно — чалавек і адказнасць за чалавека.
Мы не ставілі перад сабой задачу зрабіць з удзельніка адначасова кананіста, псіхолага, менеджара, спецыяліста па камунікацыі і штучным інтэлекце. Гэта было б і нерэальна, і непатрэбна. Нам важней навучыць чалавека бачыць сітуацыю шырэй, разумець межы ўласнай кампетэнцыі, умець задаваць правільныя пытанні і прымаць адказныя рашэнні.
Сучаснае служэнне патрабуе менавіта такой інтэгральнай кампетэнтнасці. За канкрэтнай юрыдычнай, псіхалагічнай, этычнай ці арганізацыйнай праблемай заўсёды стаіць жывы чалавек. І калі гэта застаецца ў цэнтры, розныя дысцыпліны перастаюць быць асобнымі тэмамі і становяцца элементамі адной сістэмы фармацыі.
— Адной з асаблівасцяў стала тое, што разам у фармацыйнай праграме ўдзельнічаюць святары, кансэкраваныя асобы і свецкія. Што гэта прынесла самой праграме і ці чакалі Вы такога выніку на пачатку?
— Мы ад пачатку хацелі, каб гэта не была праграма выключна для духавенства. Але, думаю, толькі ў працэсе мы да канца ўбачылі, наколькі каштоўным можа быць такое спалучэнне.
Святары, кансэкраваныя асобы і свецкія прыходзяць з розным досведам, па-рознаму бачаць адну і тую ж праблему і задаюць розныя пытанні. І часам менавіта пытанне чалавека з іншым жыццёвым або прафесійным досведам прымушае паглядзець на рэч, якая здавалася відавочнай, зусім інакш.
Мне здаецца, гэта адзін з важных вынікаў праграмы: мы не толькі праходзім фармацыю разам, але і вучымся адзін ад аднаго. І ў пэўным сэнсе гэта таксама вельмі канкрэтны досвед сінадальнасці — не як тэорыі, а як здольнасці слухаць, размаўляць і разам шукаць адказы.
— Які плён праграмы Вы ўжо сёння бачыце не ў колькасці праведзеных сустрэч або выдадзеных сертыфікатаў, а ў рэальным жыцці і служэнні яе ўдзельнікаў?
— Для мяне галоўны плён цяжка вымераць статыстыкай. Ён бачны тады, калі чалавек пасля ўдзелу ў фармацыйнай праграме пачынае інакш ставіць пытанні, больш уважліва аналізаваць сітуацыю, не спяшаецца з простымі адказамі там, дзе праблема насамрэч складаная.
Я бачу, што ўдзельнікі выкарыстоўваюць досвед ў сваёй канкрэтнай працы: у душпастырстве, працы з людзьмі, у кіраванні, у прыняцці рашэнняў. Але яшчэ больш важным мне здаецца фарміраванне пэўнай культуры адказнасці: разумення, што добрых намераў недастаткова, што служэнне патрабуе таксама кампетэнтнасці, прафесіяналізму і пастаяннага развіцця.
Калі праграма дапамагае чалавеку не проста больш ведаць, але больш адказна дзейнічаць, тады яна сапраўды дасягае сваёй мэты.
— Пачынаецца новы фармацыйны год. Каму Вы асабліва параілі б далучыцца да фармацыйнай праграмы і што гэты чалавек можа атрымаць, калі вырашыць прысвяціць ёй свой час?
— Я б найперш параіў яе тым, хто ўжо нясе нейкую адказнасць за іншых: святарам, кансэкраваным асобам, катэхетам, супрацоўнікам касцёльных структур, выкладчыкам, свецкім, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла.
Асабліва тым, хто адчувае, што сучасныя выклікі патрабуюць ад яго больш шырокіх кампетэнцый, чым тыя, якія ён атрымаў падчас сваёй першапачатковай адукацыі.
Што можна атрымаць? Не думаю, што галоўнае — яшчэ адзін сертыфікат. Значна важней атрымаць інструменты для мыслення і дзеяння, сустрэцца з кампетэнтнымі спецыялістамі, пачуць вопыт іншых людзей і выйсці за межы ўласнай прафесійнай або касцёльнай «бурбалкі».
І, магчыма, самае важнае — захаваць здольнасць змяняцца. Бо сёння чалавек, які нясе адказнасць за іншых і перастае вучыцца сам, даволі хутка пачынае адказваць на новыя пытанні старымі адказамі. А Касцёлу патрэбныя людзі, якія захоўваюць вернасць таму, што істотнае, але адначасова здольныя кампетэнтна разумець свет, у якім яны служаць.
Сястра Ірына Барцэвіч FMA, адна са спікераў фармацыйнай праграмы: «Быць уважлівымі да праблем дзяцей і моладзі»

— З якімі рэальнымі праблемамі і пытаннямі сутыкаюцца сёння ўдзельнікі фармацыйнай праграмы?
— Тэмы, якія мы закранаем у межах фармацыйнай праграмы, няпростыя. Часта гэта пытанні, пра якія ў штодзённым жыцці мы стараемся не думаць і не гаварыць, пакуль не сутыкнёмся з імі непасрэдна.
Шмат пытанняў узнікае ўжо падчас самой фармацыйнай праграмы. На пачатку многія ўдзельнікі нават не ўяўляюць, наколькі складанымі могуць быць сітуацыі, з якімі сутыкаюцца дзеці і моладзь, і наколькі важнай у такіх выпадках з’яўляецца правільная рэакцыя дарослага.
— Што Вы стараецеся даць удзельнікам, акрамя саміх ведаў? Што важна вынесці з гэтай часткі фармацыйнай праграмы?
— Перш за ўсё важна дапамагчы нам самім быць чулымі і ўважлівымі да болю і пакут тых, хто побач. Не баяцца складаных тэм і не закрывацца ад іх.
Важна ўмець заўважаць, калі дзіцяці патрэбна дапамога, ведаць, як паводзіць сябе ў няпростай сітуацыі і да каго можна звярнуцца.
Дзяцінства — гэта перыяд фарміравання асобы, назапашвання вопыту і ведаў, неабходных у будучыні. Таму важна задаваць сабе пытанне: як мы, дарослыя, дапамагаем дзецям пражываць дзяцінства ў радасці і гармоніі?
У межах фармацыйнай праграмы мы разглядаем канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі і разважаем, як правільна на іх рэагаваць. Усяго мы вырашыць не можам, але можам навучыцца не заставацца абыякавымі, падтрымліваць чалавека і ведаць, дзе шукаць прафесійную дапамогу.
— Ці здаралася, што пытанні або досвед саміх удзельнікаў прымушалі і Вас як выкладчыка паглядзець на тэму па-новаму?
— Успамінаючы ўласнае дзяцінства, удзельнікі часам зазіраюць у самае патаемнае і задаюць пытанні ўжо самім сабе. Было некалькі асабістых сведчанняў з мінулага, і мы разам разважалі над тым, як належыць паводзіць сябе ў няпростых жыццёвых абставінах.
Гэта таксама важная частка фармацыйнай праграмы, бо тэарэтычныя веды пачынаюць суадносіцца з рэальным жыццёвым досведам чалавека.
— Па чым Вы разумееце, што фармацыйная праграма сапраўды прыносіць плён?
— Калі ёсць пытанні, абмеркаванні і дыскусія — гэта добры знак, што ўдзел у фармацыйнай праграме не праходзіць дарэмна.
Мне важна, каб чалавек не толькі памятаў пачутае, але і паглядзеў на тое асяроддзе, у якім сам жыве і служыць. Таму ўдзельнікі атрымліваюць і практычныя заданні: даведацца, куды ў іх горадзе ці населеным пункце можна звярнуцца па дапамогу ў складанай сітуацыі, якія існуюць спецыялізаваныя цэнтры і што робіцца ў іх парафіі для стварэння бяспечнага асяроддзя для дзяцей і моладзі.
Удзельнікі неабыякава ставяцца да гэтых пытанняў, актыўна ўключаюцца ў дыскусію і, што асабліва важна, гатовыя штосьці змяняць у сваіх парафіях, каб ствараць больш бяспечнае і ўважлівае да чалавека асяроддзе.
Глушакоў Уладзімір Яўгеньевіч, адзін са спікераў фармацыйнай праграмы, кандыдат сацыялагічных навук: «Камунікацыя ў хрысціянскім служэнні»

— Чым праца з удзельнікамі гэтай фармацыйнай праграмы адрозніваецца ад працы са звычайнай акадэмічнай аўдыторыяй?
— Святары, кансэкраваныя асобы, свецкія — гэта, па-першае, аўдыторыя з хрысціянскім светапоглядам; па-другое, людзі, якія хочуць лепш разумець сучасныя сацыяльныя праблемы; і, па-трэцяе, быць адпаведнымі ў сваёй місіі новай евангелізацыі.
Для свецкай акадэмічнай аўдыторыі камунікацыі найчасцей з’яўляюцца інструментам маніпуляцыі, у той час як для ўдзельнікаў нашай фармацыйнай праграмы камунікацыя — гэта сродак разумення, які вядзе да еднасці з Хрыстом.
— Наколькі важна ў такой фармацыйнай праграме не толькі атрымліваць веды, але і абменьвацца асабістымі меркаваннямі, досведам і разам шукаць рашэнні?
— Вопыт зацікаўленай, жывой, узаемапаважлівай размовы, безумоўна, узбагачае ўсіх. Ты аддаеш значна менш, чым атрымліваеш ад іншых. Бо нават у аснове інтуіцыі, гэта значыць хуткага вырашэння складаных пытанняў, ляжаць добрая адукацыя, якая фарміруе эрудыцыю, здольнасць чуць іншых і магчымасць выбіраць рашэнне з шырокага поля альтэрнатыў. А гэта заўсёды вынік дыялогу, мазгавога штурму і іншых актыўных формаў камунікацыі.
— Чаму ведаў, атрыманых калісьці ў семінарыі, універсітэце або падчас базавай фармацыі, сёння ўжо недастаткова?
— Мы жывем у час лічбавага інфармацыйнага выбуху, які кардынальна змяняе сістэму жыццёвых прыярытэтаў і каштоўнасцяў. Пакаленне дзяцей не разумее бацькоў не таму, што яны дрэнныя, а таму, што яны іншыя. Розная ментальнасць, розная мова, рознае разуменне таго, што такое «добра» і што такое «дрэнна».
Сучаснае грамадства, дзе разбураюцца базавыя маральныя каштоўнасці і адкідаецца святасць чалавечага жыцця, святы Ян Павел ІІ назваў «цывілізацыяй смерці». Таму трэба вельмі шмат і пра многае ведаць, каб разумець пакаленні, якія сёння складаюць хрысціянскія супольнасці.
— Навошта, на Ваш погляд, Касцёлу ў Беларусі неабходная такая фармацыйная праграма на пастаяннай аснове?
— У камунікацыі ёсць такія прыёмы, як падстройка, адлюстраванне, выкарыстанне «залатых слоў». Гэтыя і іншыя сродкі дазваляюць нам пастаянна вучыцца і адвучвацца, пераасэнсоўваючы досвед, які хутка састарэвае.
Толькі пастаянны працэс самапазнання, рэфлексіі і пазнання іншых дазволіць нам лепш навучыцца слухаць, чуць, разумець, уплываць на людзей і весці іх да Езуса, бо Ён сказаў вучням: «без Мяне не можаце рабіць нічога» (Ян 15, 5).
Не будзем жа прымушаць розных людзей сілай садзіцца з намі ў карабель хрысціянскай веры. Давайце лепш падорым ім мару пра мора, мора бясконцай любові, і тады яны самі напоўняць ветразі.
Адзін са спікераў фармацыйнай праграмы — Андрэй Місан, сузаснавальнік каталіцкага інтэрнэт-праекта Imsha.by і IT-спецыяліст: пра служэнне і месца штучнага інтэлекту ў жыцці Касцёла

— Андрэй, Вы актыўна ўдзельнічаеце ў жыцці Касцёла, развіваеце каталіцкі інтэрнэт-праект, маеце сям’ю і прафесійны досвед. Чаму, на Ваш погляд, сёння свецкаму чалавеку важна не заставацца толькі ўдзельнікам парафіяльнага жыцця, але таксама пастаянна развівацца і вучыцца?
— Нават сам удзел у парафіяльным жыцці — гэта ўжо вялікая праца. Скажу шчыра, я, напэўна, менш актыўна задзейнічаны ў ім, чым тыя парафіяне, якіх я ведаю і якія сапраўды шмат удзельнічаюць у жыцці парафіі. Таму такая дзейнасць сама па сабе ўжо з’яўляецца служэннем.
Гаворачы пра служэнне, я хацеў бы адзначыць дзве рэчы.
Першая заключаецца ў тым, што ў пэўны момант свайго жыцця я, як чалавек, які шукаў Бога, зразумеў: для таго каб жыць гарманічна, неабходна захоўваць баланс. У жыцці павінны прысутнічаць не толькі праца і сям’я, але таксама служэнне. Гэта адна з важных складовых хрысціянства і евангелізацыі.
Каб прыйсці да гэтага, мне самому давялося прайсці пэўны шлях. Ісці па гэтым шляху няпроста — гэта факт.
Другая важная рэч заключаецца ў тым, што служэнне вельмі шмат дае самому чалавеку. Прайшоўшы гэты шлях, я ўбачыў, колькі дароў яно прыносіць. Гэта новыя сустрэчы і знаёмствы, розныя цуды і сведчанні. Вельмі многае адбываецца менавіта падчас служэння, і паступова пачынаеш разумець яго сапраўдную каштоўнасць.
Для мяне гэта падобна да брыльянта, у якога шмат граней. Служэнне, сям’я, праца, асабістае жыццё, спорт і іншыя сферы — кожная з іх мае ўласнае адценне і па-свойму адлюстроўвае святло.
Нельга цалкам выключыць якую-небудзь з гэтых важных складовых. Каб жыць больш-менш гарманічна, чалавеку неабходна захоўваць іх у сваім жыцці і імкнуцца да паўнаты.
— У межах фармацыйнай праграмы Вы закранаеце тэму штучнага інтэлекту. Дзе ШІ ўжо сёння можа рэальна дапамагчы святару, катэхету, парафіі або каталіцкай ініцыятыве — не ў тэорыі, а ў штодзённай працы?
— Магчымасцяў для прымянення штучнага інтэлекту вельмі шмат. Але, каб разумець, як правільна яго выкарыстоўваць, спачатку неабходна разабрацца, што штучны інтэлект уяўляе сабой на сённяшні дзень: якія яго моцныя і слабыя бакі, дзе ён працуе добра, а дзе можа памыляцца.
Прывяду некалькі практычных прыкладаў.
Напрыклад, неабходна знайсці даступны спосаб растлумачыць дзецям складаныя біблійныя тэмы або асобныя вершы са Святога Пісання. Штучны інтэлект можа дапамагчы падабраць зразумелыя фармулёўкі, прапанаваць параўнанні і падкінуць ідэі. Гэта адзін з самых простых прыкладаў яго выкарыстання.
Другі прыклад звязаны з выявамі. Напрыклад, мы знайшлі прыдатную карцінку на польскай або іншай мове, але яе трэба хутка перакласці на беларускую і крыху змяніць. Пры гэтым у нас няма зыходнага файла для Photoshop. Сёння такую задачу таксама можна вырашыць з дапамогай штучнага інтэлекту.
Яшчэ адзін кірунак — пошук і сістэматызацыя інфармацыі. Калі святар рыхтуе казанне, а катэхет — матэрыял для катэхезы, у іх ужо ёсць асноўная думка і каркас будучага матэрыялу. Аднак для яго дапаўнення могуць спатрэбіцца факты, цытаты са Святога Пісання, выказванні Айцоў Касцёла і іншыя крыніцы. Штучны інтэлект можа дапамагчы сабраць і ўпарадкаваць гэтую інфармацыю.
Таму прыкладаў выкарыстання сапраўды вельмі шмат. Аднак важна разумець, што штучны інтэлект — гэта ўсяго толькі інструмент. Неабходна ведаць, чым ён з’яўляецца і чым не з’яўляецца, якія задачы яму можна давяраць, а якія нельга. Толькі тады яго прымяненне будзе ўсвядомленым і карысным.
— Штучны інтэлект адных захапляе, у іншых выклікае насцярожанасць. Дзе, на Ваш погляд, праходзіць мяжа паміж разумным выкарыстаннем новых тэхналогій і сітуацыяй, калі чалавек пачынае перакладаць на іх тое, што павінен рабіць і вырашаць сам?
— Гэта добрае пытанне — дзе праходзіць мяжа выкарыстання штучнага інтэлекту.
На мой погляд, гэтая мяжа адначасова вельмі ясная і вельмі складаная. Перш за ўсё неабходна разумець, што з’яўляецца выключна чалавечым. Адно з галоўных адрозненняў чалавека — здольнасць мысліць. І менавіта працэс мыслення нельга цалкам дэлегаваць штучнаму інтэлекту.
Напэўна, гэта самае простае вызначэнне таго, што можна і чаго нельга перадаваць тэхналогіі. Калі мы пачынаем дэлегаваць сам працэс мыслення, творчасць і пошук рашэнняў, мы паступова перастаём развіваць уласныя здольнасці. Гэта падобна да мышцаў: калі іх не трэніраваць, яны атрафіруюцца. Тое самае адбываецца і з нашым мозгам.
Чалавек пастаянна праходзіць пэўную мысленчую і кагнітыўную трэніроўку: аналізуе, параўноўвае, сумняваецца, прымае рашэнні. Калі ўсю гэтую працу перадаць штучнаму інтэлекту, мы будзем усё менш самастойна мысліць і ў пэўным сэнсе ўсё менш праяўляць тое, што робіць нас людзьмі.
За гэтым стаіць шмат розных пытанняў, але я хацеў бы асобна падкрэсліць яшчэ адзін важны момант: нельга дэлегаваць адказнасць.
Штучны інтэлект — гэта інструмент. Усё, што я з яго дапамогай ствараю, публікую або расказваю іншым людзям, застаецца маёй адказнасцю. Не мае значэння, была выява згенеравана адной, дзвюма або трыма мадэлямі штучнага інтэлекту. Важна, што менавіта я прыняў рашэнне яе выкарыстаць і апублікаваць.
Тое самае датычыцца тэкстаў, ідэй і любых іншых матэрыялаў. Калі я камусьці нешта расказваю або прапаную пэўнае рашэнне, я павінен разумець, на чым яно заснавана, і быць гатовым за яго адказваць.
У сваёй працы я часам бачу, як спецыялісты прыносяць нейкае рашэнне і кажуць: «Мне так параіў штучны інтэлект». Але гэта і ёсць перакладанне адказнасці. Калі ты прынёс рашэнне, значыць, гэта ўжо тваё рашэнне. Не мае значэння, якім інструментам ты карыстаўся: пошукам, праграмай або штучным інтэлектам.
Чалавек павінен валодаць тым матэрыялам, які ён прыносіць іншым, разумець яго і несці за яго адказнасць. Таму для мяне існуюць дзве асноўныя мяжы: нельга дэлегаваць штучнаму інтэлекту ўласнае мысленне і нельга перакладаць на яго адказнасць за прынятыя рашэнні.
— Вы самі адначасова з’яўляецеся спікерам і чалавекам, які жыве звычайным сямейным і парафіяльным жыццём. Што фармацыйная праграма можа даць свецкаму чалавеку, які думае: «Я не святар і не тэолаг — ці патрэбна гэта мне?»
— Калі казаць пра саму фармацыйную праграму, то яе сэнс, напэўна, звязаны з усім, пра што я казаў раней.
Касцёл і хрысціяне заўсёды стараліся ісці ў нагу з часам. Асабліва гэта датычыцца Каталіцкага Касцёла, які на працягу гісторыі імкнуўся асэнсоўваць новыя з’явы і адказваць на выклікі кожнай эпохі. Сёння мы ўваходзім у эпоху штучнага інтэлекту.
Каб упэўнена і эфектыўна дзейнічаць у новых умовах, неабходна разумець сучасныя тэхналогіі і ўмець імі карыстацца. Гэта асабліва важна для працы з моладдзю, якая ўжо вельмі добра знаёмая з лічбавым асяроддзем і актыўна выкарыстоўвае штучны інтэлект.
Нядаўна я праводзіў сустрэчу для маладых людзей і быў уражаны тым, наколькі шырока яны ўжо прымяняюць інструменты штучнага інтэлекту. На жаль, далёка не заўсёды яны робяць гэта правільна і ўсвядомлена.
Менавіта гэтым пытанням таксама надаецца ўвага ў межах фармацыйнай праграмы.
Мы не проста гаворым пра штучны інтэлект у тэорыі, а дзелімся ўласным прафесійным досведам: паказваем, як гэтыя тэхналогіі працуюць, чаму яны працуюць менавіта так і як іх можна прымяняць на практыцы.
Пры гэтым мы разглядаем тэму не толькі з прафесійнага, але і з духоўнага пункту гледжання. Для нас важна зразумець, як выкарыстоўваць новыя тэхналогіі адказна, захоўваючы хрысціянскі погляд на чалавека, яго свабоду, мысленне і адказнасць.
Таксама хачу крыху анансаваць яшчэ адну падзею. У гэтым годзе адбудзецца чарговая канферэнцыя IT for Christ, на якой мы яшчэ глыбей звернемся да тэмы штучнага інтэлекту. У прыватнасці, будзем гаварыць пра яго практычнае прымяненне і пра тое, як ён уплывае на розныя сферы жыцця і дзейнасці чалавека.
Новы этап фармацыйнай праграмы

Праграма фармацыі будзе складацца з трох асноўных модуляў: «Свецкае і кананічнае права», «Біяэтыка» і «Эфектыўная міжасобасная камунікацыя і бяспека ў лічбавым асяроддзі».
У межах першага модуля ўдзельнікі разгледзяць пытанні права ўласнасці, нерухомай і рухомай маёмасці, заключэння дагавораў, а таксама актуальныя нормы кананічнага права, якія датычацца штодзённага душпастырскага служэння, функцыянавання парафій і касцёльных структур.
Другі модуль будзе прысвечаны актуальным пытанням сучаснай біяэтыкі ў святле хрысціянскай антрапалогіі і маральнага вучэння Касцёла.
Трэці модуль будзе мець выразную практычную накіраванасць і ахопіць міжасобасную камунікацыю, канфлікты і супрацьдзеянне маніпуляцыям, выкарыстанне штучнага інтэлекту ў душпастырскай дзейнасці, лічбавую гігіену і кібербяспеку.
Фармацыйная праграма завершыцца 19 красавіка 2027 года выніковай канферэнцыяй на тэму «Тэндэнцыі і выклікі сучаснага свету: духоўны адказ».
Да ўдзелу ў фармацыйнай праграме запрашаюцца святары і законныя браты, прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў, катэхеты, кіраўнікі парафіяльных структур і свецкія, якія супрацоўнічаюць у душпастырскай дзейнасці.
Заяўку на ўдзел неабходна падаць да 15 кастрычніка 2026 года.
Арганізатары запрашаюць усіх зацікаўленых не назіраць за зменамі здалёк, а рыхтавацца сустракаць іх з ведамі, разважлівасцю і верай. Гэтая фармацыйная праграма можа стаць добрай інвестыцыяй не толькі ва ўласнае развіццё, але перадусім у якасць служэння тым людзям, якіх Касцёл давярае іх апецы.
Рэгістрацыя і падрабязная інфармацыя пра ўдзел у праграме па спасылцы.










































