Пошук

24.08.2026 18:20   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC

19 кастрычніка распачнецца новая праграма фармацыі, разлічаная на святароў, законных братоў, прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў, а таксама катэхетаў, кіраўнікоў парафіяльных структур і свецкіх, якія супрацоўнічаюць у душпастырскай дзейнасці.

Праграма будзе працягвацца з 19 кастрычніка 2026 года па 19 красавіка 2027 года.

Сёння душпастырскае служэнне патрабуе не толькі вернасці свайму пакліканню і добрай тэалагічнай падрыхтоўкі. Свет змяняецца настолькі хутка, што святар, кансэкраваная асоба, катэхет ці свецкі супрацоўнік у Касцёле ўсё часцей сустракаецца з пытаннямі, на якія складана адказаць толькі на падставе раней набытага досведу. Новыя прававыя сітуацыі, складаныя маральныя дылемы, крызісы ў адносінах, штучны інтэлект, лічбавыя пагрозы і новыя формы камунікацыі ўжо сталі часткай нашай штодзённасці.

Менавіта таму гэтая праграма задумана не проста як чарговы цыкл сустрэч для абмеркавання сучасных пытанняў, але як прастора фармацыі для тых, хто хоча служыць сучаснаму чалавеку кампетэнтна, адказна і па-хрысціянску. Яна дае магчымасць не толькі атрымаць новыя веды, але і навучыцца прымяняць іх у канкрэтных сітуацыях душпастырства, жыцця парафіі і асабістых сустрэч з людзьмі.

Мэта праграмы — паглыбленне ведаў і развіццё практычных кампетэнцый, неабходных для служэння ў Касцёле ва ўмовах сучасных грамадскіх, культурных і тэхналагічных зменаў.

Удзельнікі праграмы

Да ўдзелу запрашаюцца:

  • святары і законныя браты;
  • прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў;
  • катэхеты;
  • кіраўнікі парафіяльных структур;
  • свецкія, якія супрацоўнічаюць у душпастырскай дзейнасці.

Праграма фармацыі будзе складацца з трох асноўных модуляў.

1. Свецкае і кананічнае права

Свецкае права

У межах гэтай часткі будуць разгледжаны наступныя тэмы:

  • права ўласнасці: агульныя палажэнні;
  • асаблівасці заключэння дагавораў куплі-продажу і мены;
  • права ўласнасці на нерухомую маёмасць;
  • права гаспадарчага вядзення;
  • валоданне, карыстанне і распараджэнне маёмасцю;
  • асаблівасці заключэння дагавораў дарэння і рэнты;
  • права ўласнасці на рухомую маёмасць;
  • права аператыўнага кіравання.

Кананічнае права

Частка, прысвечаная кананічнаму праву, будзе засяроджана на актуальных прававых пытаннях жыцця і дзейнасці Касцёла. Удзельнікі разгледзяць кананічныя нормы, якія непасрэдна датычацца штодзённага душпастырскага служэння, функцыянавання парафій і касцёльных структур, правоў і абавязкаў духавенства і свецкіх, а таксама практычнага прымянення касцёльнага заканадаўства ў канкрэтных сітуацыях.

2. Біяэтыка

Другі модуль будзе прысвечаны актуальным пытанням сучаснай біяэтыкі ў святле хрысціянскай антрапалогіі і маральнага вучэння Касцёла.

Праграма модуля прадугледжвае наступныя тэмы:

  • праблематыка, канцэпцыі, крытэрыі і дапаможныя прынцыпы ў біяэтыцы;
  • хрысціянскае разуменне экалогіі, эксперыменты на жывёлах і ГМА;
  • ЭКА;
  • біблійная антрапалогія, чалавечая годнасць і хрысціянскі персаналізм;
  • годнасць чалавечай пракрэацыі;
  • трансплантацыя органаў, межы калечання і ўпрыгожвання чалавечага цела;
  • гендарная ідэалогія;
  • маральны і прававы аспект чалавечага эмбрыёна, праблема аборту;
  • экстрэмальныя сітуацыі невылечна хворых;
  • біяэтыка і чалавечая ідэнтычнасць;
  • генная інжынерыя, дыягностыка і тэрапія;
  • наступствы сексуальнага гвалту;
  • біяэтыка і паліткарэктнасць у служэнні святара;
  • біяэтычныя казусы ў кантэксце споведзі.

Такім чынам, модуль дазволіць не толькі пазнаёміцца з асноўнымі прынцыпамі хрысціянскай біяэтыкі, але і разгледзець канкрэтныя сітуацыі, з якімі святар, кансэкраваная асоба або свецкі душпастырскі супрацоўнік можа сустрэцца ў сваім служэнні.

3. Эфектыўная міжасобасная камунікацыя і бяспека ў лічбавым асяроддзі

Трэці модуль будзе мець выразную практычную накіраванасць і ахопіць пытанні міжасобаснай камунікацыі, выкарыстання штучнага інтэлекту і бяспечнага функцыянавання ў сучасным лічбавым асяроддзі.

У межах модуля будуць разгледжаны:

  • псіхадыягностыка асобаснага патэнцыялу і пашырэнне камунікатыўных межаў;
  • прагматыка, віды і мэты камунікацыі;
  • метады актыўнага слухання, тыпы асобаў і адпаведныя спосабы камунікацыі;
  • вербальны і невербальны ўплыў на людзей розных камунікатыўных тыпаў;
  • канфлікт: тыпалогія канфліктаў, стылі паводзінаў і тыпы канфліктагенных асобаў;
  • метадалогія прачытання сутнасці чалавека RICE і супрацьдзеянне маніпуляцыям;
  • правільныя і памылковыя чаканні ад штучнага інтэлекту, параўнанне і рэкамендацыі адносна бясплатных і платных інструментаў ШІ, іх эфектыўнае выкарыстанне і промпт-інжынірынг;
  • практычныя прыклады выкарыстання ШІ ў душпастырскай дзейнасці: наладжванне інструментаў, праходжанне асноўных этапаў працы з ШІ і рэалізацыя выбраных сцэнарыяў у групах;
  • асновы лічбавай гігіены: файлы cookie, паролі, аўдыт уліковых запісаў і іншыя практычныя пытанні;
  • лічбавая бяспека: сучасныя тэндэнцыі кібератак, бяспека прылад, сацыяльная інжынерыя і выкарыстанне ШІ;
  • кансультацыі па практычных пытаннях у сферы штучнага інтэлекту і кібербяспекі.

Такі фармат дазволіць спалучыць тэарэтычныя веды з практычнай працай і звязаць сучасныя тэхналогіі з канкрэтнымі патрэбамі душпастырскай дзейнасці.

Завяршэнне праграмы

Фармацыя завершыцца 19 красавіка 2027 года выніковай канферэнцыяй на тэму «Тэндэнцыі і выклікі сучаснага свету: духоўны адказ».

Яе тэматыка будзе прысвечана асэнсаванню сучасных выклікаў для чалавека і Касцёла, а таксама пошуку адпаведных душпастырскіх адказаў з улікам прававых, этычных, камунікацыйных і тэхналагічных зменаў.

Арганізатары запрашаюць усіх зацікаўленых не назіраць за зменамі здалёк, а рыхтавацца сустракаць іх з ведамі, разважлівасцю і верай. Гэтая фармацыя можа стаць добрай інвестыцыяй не толькі ва ўласнае развіццё, але перадусім у якасць служэння тым людзям, якіх Касцёл давярае іх апецы.

Заяўку на ўдзел неабходна падаць да 15 кастрычніка 2026 года.

Рэгістрацыя і падрабязная інфармацыя пра ўдзел у праграме па спасылцы ТУТ>>>

Абноўлена 24.08.2026 18:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця