Пошук

26.01.2024 16:31   Паводле: КАІ, Gosc.pl / Падрыхтавала: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Кардынал Віллем Якабус Эйк / Фота: Хубэрт Шчыпэк / KAI

Кардынал Віллем Якабус Эйк, арцыбіскуп Утрэхцкі (Нідэрланды), падзяліўся меркаваннем, чаму, на яго думку, жанчыны могуць выкарыстоўваць супрацьзачаткавыя таблеткі ў першыя два дні пасля згвалтавання.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва KAI, іерарх выказаўся на гэту тэму падчас прэзэнтацыі сваёй кнігі «Повязь кахання. Каталіцкая шлюбная мараль і сексуальная этыка», якая праходзіла ў Варшаве 24 студзеня.

«Таблетка на наступны дзень дазволена толькі пасля згвалтавання на працягу 48-і гадзін»

— выказаў сваю думку кардынал Эйк.

Прымас Нідэрландаў, які да прыняцця святарства вывучаў медыцыну і з’яўляецца доктарам медыцынскай біяэтыкі, патлумачыў, чаму Касцёл выступае супраць выкарыстання таблетак на наступны дзень. Іерарх звярнуў увагу на тое, што гэта робіцца не для таго, каб прадухіліць зачацце, а для таго, каб эмбрыён не замацаваўся ў матцы пасля полавага акту, але існуе рызыка забіць толькі што зачатае чалавечае жыццё. 70-гадовы арцыбіскуп Утрэхцкі патлумачыў, што зачатае жыццё — гэта ўжо чалавек з усімі належнымі яму правамі.

Хоць Касцёл выступае супраць кантрацэпцыі, на думку кардынала, дапушчальна, будзе выкарыстаць такую таблетку пасля згвалтавання ў першыя 48 гадзін. Ён патлумачыў гэта тым, што жанчыну нельга прымусіць зацяжарыць: гэта павінен быць яе выбар.

І гэтак жа, як жанчына можа забіць гвалтаўніка ў мэтах самаабароны, яна таксама можа выкарыстаць таблетку пасля згвалтавання, каб не зацяжарыць. Аднак тут важны час: да 48 гадзін будзе дазволена самаабарона жанчыны, а пасля 48 гадзін будзе рызыка забіць новага чалавека, як у выпадку аборту.

Член экспертнай групы Канферэнцыі епіскапату Польшчы па пытаннях біяэтыкі ксёндз Пётр Кеневіч МІС, габілітаваны доктар, пракаментаваў словы кардынала Эйка адносна магчымасці выкарыстання супрацьзачаткавых таблетак у надзвычайных сітуацыях.

Думку эксперта публікуе варшаўскі каталіцкі партал Gosc.pl.

Кс. Пётр Кеневіч МІС / Фота: Gosc.pl

Гаворачы пра публікацыі ў СМІ выказванняў Прымаса Нідэрландаў падчас прэзентацыі яго кнігі «Повязь кахання. Каталіцкая шлюбная мараль і сексуальная этыка», польскі святар звярнуў увагу на тое, што ў іх закралася пэўная недакладнасць.

«Прынцып абсалютнай абароны нявіннага чалавечага жыцця неабходна захоўваць таксама ў адносінах да дзіцяці, зачатага ў выніку згвалтавання яго маці. Гэта азначае, што выкарыстанне посткаітальных супрацьзачаткавых сродкаў для прадухілення апладнення была б апраўданай у выпадку згвалтавання толькі тады, калі б жанчына выкарыстала іх да авуляцыі.

Таму важна ўлічваць не толькі час, які мінуў з моманту згвалтавання, але таксама фазу цыклу плоднасці, у якой знаходзіцца арганізм жанчыны», — патлумачыў эксперт польскага епіскапату.

Ксёндз Пётр Кеневіч падкрэсліў, што згвалтаванне — адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць годнасці асобы.

«Чалавек мае права абараняцца ад несправядлівага агрэсара, і наконт гэтага няма ніякіх сумневаў. Тым не менш, дзіця, зачатае ў выніку згвалтавання, не толькі не з’яўляецца агрэсарам, але само ў пэўнай ступені можа лічыцца ахвярай гвалту. Застаючыся нявіннай чалавечай істотай, яно мае права на абарону свайго жыцця і годнасці, наколькі гэта магчыма. Зрэшты, і сам кардынал Эйк сцвердзіў, што зачатае жыццё — гэта ўжо чалавек з усімі правамі, якія яму належаць», — дадаў марыянін.

Член экспертнай групы па пытаннях біяэтыкі Канферэнцыі епіскапату Польшчы выказаў здагадку наконт таго, што насамрэч меў на ўвазе нідэрландскі кардынал.

«Цяжка дапусціць, што, ідучы за некаторымі падручнікамі па медыцыне, ён палічыў, што зачацце звязанае з пачаткам цяжарнасці, або момантам імплантацыі зародка, паколькі сам сцвердзіў, што дзеянне таблеткі на наступны дзень заключаецца не ў тым, „каб не дайшло да зачацця, але каб пасля сексуальных адносін не дайшло да імплантацыі зародка ў матцы“, прыйшоўшы да высновы, што ў такой сітуацыі фактычна існуе рызыка забойства новазачатага чалавечага жыцця.

Не мае значэння, ці посткаітальны супрацьзачаткавы прэпарат быў выкарыстаны ў сітуацыі згвалтавання ці звычайнага полавага акту. Дзеянне яго аднолькавае», — падкрэсліў ксёндз Пётр Кеневіч.

Абноўлена 26.01.2024 16:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа