Пошук

08.04.2024 18:10   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

8 красавіка ў Ватыкане быў абнародаваны дакумент Дыкастэрыі веравучэння Dignitas infinita, які ўтрымлівае папскае вучэнне апошняга дзесяцігоддзя.

Як адзначае ў аглядзе новага дакумента Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у тэксце закранаюцца тэмы ад вайны да беднасці, ад насілля ў дачыненні да мігрантаў да насілля ў адносінах да жанчын, ад абортаў да сурагатнага мацярынства і эўтаназіі, ад гендарнай тэорыі да лічбавага насілля.

Першыя тры раздзелы з’яўляюцца асновай для заяваў, якія ўтрымліваюцца ў чацвёртым, прысвечаным «некаторым сур’ёзным парушэнням чалавечай годнасці».

Дакумент прысвечаны 75-й гадавіне Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і пацвярджае «неабходнасць канцэпцыі годнасці чалавечай асобы ў межах хрысціянскай антрапалогіі».

Галоўнай навінкай у тэксце, які стаў вынікам пяцігадовай працы, з’яўляецца ўключэнне шэрагу ключавых тэм з нядаўняга папскага вучэння, звязаных з біяэтычнымі пытаннямі. У прапанаваным спісе, які «не з’яўляецца вычарпальным», вайна, драма беднасці і мігрантаў, а таксама гандаль людзьмі фігуруюць сярод сітуацый парушэння чалавечай годнасці нароўні з абортамі, эўтаназіяй і сурагатным мацярынствам.

Такім чынам, новы дакумент спрыяе пераадоленню падвойнасці ў падыходах, якая існуе паміж тымі, хто засяроджваецца выключна на абароне жыцця, якое нараджаецца або завяршаецца, забываючыся пра шматлікія іншыя замахі на чалавечую годнасць, і, наадварот, тымі, хто засяроджваецца толькі на абароне бедных і мігрантаў, забываючыся пра тое, што жыццё павінна быць абаронена ад зачацця да натуральнай смерці.

Асноўныя прынцыпы

Першыя тры часткі Дэкларацыі нагадваюць асноўныя прынцыпы. «Касцёл у святле Аб’яўлення абсалютна падкрэслівае і пацвярджае анталагічную годнасць чалавека, створанага на вобраз і падабенства Бога і адкупленага ў Езусе Хрысце» (1). Гэтая «неад’емная годнасць», якая «адпавядае чалавечай прыродзе, незалежная ад усіх культурных змен» (6) і з’яўляецца «атрыманым дарам», а таму ім валодае, напрыклад, «ненароджанае дзіця, асоба, пазбаўленая пачуццяў, пажылы чалавек у агоніі» (9).

«Касцёл абвяшчае роўную годнасць усіх людзей, незалежна ад іх жыццёвага стану і асаблівасцяў» (17) і робіць гэта на падставе біблійнага Аб’яўлення.

Жанчыны і мужчыны створаныя паводле вобразу Божага; Уцелаўленнем Хрыстус «пацвердзіў годнасць цела і душы» (19), а, уваскрэснуўшы з мёртвых, адкрыў нам, што найвышэйшай «прычынай чалавечай годнасці з’яўляецца пакліканне чалавека да ўдзелу ў жыцці Бога» (20).

Годнасць кожнага чалавека

У дакуменце падкрэсліваецца непаразуменне, якое вынікае з пазіцыі прыхільнікаў выразу «годнасць асобы», а не «годнасць чалавека», паколькі яны разумеюць пад асобай выключна «істоту, здольную карыстацца розумам».

Такім чынам, як яны сцвярджаюць, ненароджанае дзіця не будзе мець асабістай годнасці, як і залежны пажылы чалавек або чалавек з псіхічнымі адхіленнямі.

У адрозненне ад гэтага Касцёл падкрэслівае, што годнасць кожнай чалавечай асобы, менавіта таму, што яна мае характар істотны, застаецца «незалежнай ад усялякіх абставінаў» (24).

Сцвярджаецца, што «канцэпцыяй чалавечай годнасці таксама злоўжываюць, каб апраўдаць адвольнае памнажэнне новых правоў, многія з якіх часта супярэчаць першапачаткова вызначаным і фундаментальнаму праву на жыццё, як быццам магчымасць выказваць і рэалізоўваць любыя індывідуальныя перавагі або суб’ектыўныя жаданні павінна быць гарантавана» (25).

Пералік сітуацый знявагі годнасці

Потым Дэкларацыя прадстаўляе пералік «некаторых сур’ёзных парушэнняў чалавечай годнасці», а менавіта «ўсё, што шкодзіць самому жыццю, напрыклад, усе віды забойстваў, генацыду, абортаў, эўтаназіі і добраахвотнага самагубства»; але і «ўсё, што парушае цэласнасць чалавечай асобы, напрыклад, калецтва, катаванні цела і душы, спробы псіхалагічнага прымусу» і «ўсё, што абражае чалавечую годнасць, напрыклад, бесчалавечныя ўмовы жыцця, адвольныя арышты, дэпартацыя, рабства, прастытуцыя, гандаль жанчынамі і моладдзю; і бесчалавечныя ўмовы працы, пры якіх да работнікаў ставяцца як да інструмента атрымання прыбытку, а не як да свабодных, адказных асобаў».

У дакуменце таксама згадваецца смяротнае пакаранне, якое «парушае неад’емную годнасць кожнай чалавечай асобы, незалежна ад усіх абставінаў» (34).

Беднасць, вайна і гандаль людзьмі

У тэксце гаворка ідзе і пра «драму беднасці», «адну з найвялікшых несправядлівасцяў у сучасным свеце» (36). Потым згадваецца вайна — «трагедыя, якая адмаўляе чалавечую годнасць» і заўсёды з’яўляецца «паражэннем для чалавецтва» (38) да такой ступені, што «сёння вельмі цяжка падтрымліваць рацыянальныя крытэрыі, якія былі распрацаваныя ў папярэднія стагоддзі для размовы пра магчымасць „справядлівай вайны“» (39).

Далей гаворыцца пра «цяжкасці мігрантаў», чыё «жыццё знаходзіцца ў небяспецы, таму што яны больш не маюць сродкаў для стварэння сям’і, працы і харчавання» (40).

Гаворка заходзіць і пра «гандаль людзьмі», які набывае «трагічныя маштабы» і акрэсліваецца як «агідная практыка, ганьба для нашых грамадстваў, якія лічаць сябе цывілізаванымі», і ўтрымліваецца заклік да «эксплуататараў і кліентаў» правесці сур’ёзны аналіз свайго сумлення (41).

Таксама гучыць заклік да барацьбы з такімі з’явамі, як «гандаль чалавечымі органамі, сексуальная эксплуатацыя непаўналетніх, рабская праца, уключаючы прастытуцыю, гандаль наркотыкамі і зброяй, тэрарызм і міжнародная арганізаваная злачыннасць» (42).

Гаворка заходзіць пра «сексуальны гвалт», які пакідае «глыбокія шнары ў сэрцы таго, хто пакутуе». Гэта «пакута, якая можа доўжыцца ўсё жыццё і якую не можа выправіць ніякае пакаянне» (43).

Далей гаворыцца пра дыскрымінацыю і насілле ў адносінах да жанчын, пры чым згадваецца «прымусовы аборт, які закранае як маці, так і дзіця, часта дзеля задавальнення эгаізму мужчын», а таксама пра «практыку палігаміі» (45). Асуджаецца забойства жанчын (46).

Аборт і сурагатнае мацярынства

Ясна асуджаецца аборт:

«Сярод усіх злачынстваў супраць жыцця, якія чалавек можа здзейсніць, перарыванне цяжарнасці мае асаблівасці, якія робяць яго выключна цяжкім і годным асуджэння» (47).

Таксама рашуча адкідаецца сурагатнае мацярынства, «у выніку якога дзіця, што з’яўляецца надзвычай каштоўным, становіцца толькі аб’ектам». У аснове гэтай з’явы часта ляжыць выкарыстанне цяжкага матэрыяльнага становішча маці. Дзіця — гэта заўсёды дар, ніколі не прадмет дамовы (48).

Далей згадваюцца эўтаназія і дапаможнае самагубства, якія некаторыя законы памылкова вызначаюць як «смерць з годнасцю».

Аўтары дакумента нагадваюць, што «пакуты не прыводзяць да страты хворым чалавекам годнасці, бо яна належыць яму неад’емным і неадчужальным чынам» (51).

Тут важная паліятыўная дапамога і пазбяганне «любой упартай тэрапіі або непрапарцыянальнага ўмяшання», бо «права — гэта жыццё, а не смерць, якую трэба прымаць, а не навязваць» (52). Да сур’ёзных парушэнняў чалавечай годнасці адносіцца таксама «адмова» ад інвалідаў (53).

Гендарная тэорыя

Сцвярджаючы, што неабходна пазбягаць «любых прыкмет несправядлівай дыскрымінацыі, і асабліва любых форм агрэсіі і гвалту» ў дачыненні да гомасексуальных асоб, асуджаючы «як супярэчны чалавечай годнасці» той факт, што ў некаторых месцах «нямала людзей падвяргаюцца турэмнаму зняволенню, катаванням і нават пазбаўляюцца выгод жыцця толькі з прычыны сваёй сексуальнай арыентацыі» (55), дакумент крытыкуе «надзвычай небяспечную» гендарную тэорыю, «паколькі яна ліквідуе адрозненні на падставе таго, што ўсе роўныя» (56).

Касцёл нагадвае, што «чалавечае жыццё ва ўсіх яго элементах, фізічных і духоўных, з’яўляецца Божым дарам, які трэба прыняць з удзячнасцю і паставіць на службу дабру», а «хацець распарадзіцца сабой, як рэкамендуе гендарная тэорыя, незалежна ад гэтай фундаментальнай праўды пра чалавечае жыццё як дар, азначае не што іншае, як паддацца вечнай спакусе чалавека стаць Богам» (57). Гендарная тэорыя «імкнецца адмаўляць найбольшую магчымую розніцу, якая існуе паміж жывымі істотамі — палавыя адрозненні» (58).

«Таму ўсе тыя спробы, якія затушоўваюць указанне на невыкараняльнае палавое адрозненне паміж мужчынам і жанчынай, павінны быць адкінуты» (59).

Крытычна ацэньваецца таксама змена полу, якая «ў прынцыпе з’яўляецца рызыкай і пагражае ўнікальнай годнасці, якую чалавек атрымаў з моманту зачацця», нават калі гэта «не выключае магчымасці таго, што чалавек, які пакутуе ад анамалій палавых органаў, бачных ужо пры нараджэнні або тых, якія развіліся пазней, можа выбраць медыцынскую дапамогу для ліквідацыі такіх анамалій» (60).

Лічбавае насілле

Дапаўняе спіс «лічбавае насілле». Адзначаецца, што сёння праз сацыяльныя сеткі распаўсюджваюцца «новыя формы насілля, такія як кібер-булінг, і што «інтэрнэт таксама з’яўляецца каналам для распаўсюджвання парнаграфіі і эксплуатацыі людзей у сексуальных мэтах або ў азартных гульнях» (61).

У заключэнне Дэкларацыя заклікае да таго, каб «павага да годнасці чалавечай асобы, незалежна ад абставін, была ў цэнтры абавязацельстваў па забеспячэнні агульнага дабра і любой прававой сістэмы» (64).

Абноўлена 08.04.2024 18:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа