
8 снежня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе слова да вернікаў.
Бог узлюбіў Цябе, Маці, і ўчыніў святою,
Адамаў грэх моц страціў, Пані, над Табою…
(з Гімна на Ютрань «Гадзінак аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі»)
Любыя браты і сёстры,
Час вельмі хуткаплынны, вось ужо распачалася другая нядзеля Адвэнту, які можна лічыць асаблівым Марыйным перыядам. І не толькі таму, што ён адметны правядзеннем Раратаў — адмысловых набажэнстваў на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі, якія традыцыйна адбываюцца ў нашых святынях на досвітку і сімвалізуюць чаканне святла Хрыста. Таксама не толькі таму, што ў гэты час каталіцкія вернікі па ўсім свеце адзначаюць розныя Марыйныя святы і ўрачыстасці: у снежні мы адзначаем успамін Маці Божай Ларэтанскай, Маці Божай Гвадэлупскай і ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Адвэнт — час, які належыць Марыі галоўным чынам таму, што кожны дзень натхняе нас да роздуму над задумай Божага Провіду, далучае нас да перажыванняў Найсвяцейшай Панны, якая адважна рыхтавалася выканаць волю Божую — нарадзіць Збаўцу свету.
Мае дарагія! Сёння паўсюдны Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Божы Провід спаслаў Марыі, сваёй Абранніцы, гэты надзвычайны прывілей таямніцы чысціні, таямніцы святла, каб Яна стала Маці Сына Божага, і захаваў Яе ад першароднага граху. З Бібліі мы ведаем, што праз першы грэх, першародны грэх, чалавек аддаліўся ад Бога. Такім чынам, сувязь людзей з Богам была разарвана. З таго часу ўсе людзі носяць у сваіх сэрцах гэты знак непаслухмянасці Богу. Мы ўсе нараджаемся і з'яўляемся «па прыродзе дзецьмі гневу» (Эф 2, 3). І вось сёння мы разважаем пра падзею, якая сведчыць, што праз дар Беззаганнага Зачацця, асаблівай ласкі і прывілею, Бог паказвае выразны знак будучага прымірэння і паяднання. Гэта падзея, як і ўсе вялікія таямніцы веры, адбываецца ў матчыным улонні святой Ганны, у таемнасці, у цішыні. Таму ўжо ў VII стагоддзі на Усходзе адзначалася свята «зачацця Ганны», бо з самага пачатку існавання Касцёла хрысціяне верылі ў тое, што Марыя з першага моманту свайго існавання па Божай волі была поўная ласкі, гэта значыць, святая і беззаганная. Гэта вера цалкам адпавядае таму, што гаворыцца пра Марыю ў Святым Пісанні. Таму Папа Пій IX урачыста пацвердзіў шматвяковую хрысціянскую традыцыю ў 1854 годзе, абвясціўшы дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.
Адметна, што сама Марыя пацвярджала праўду пра сваё Беззаганнае Зачацце ў многіх прыватных аб’яўленнях. Упершыню гэта адбылося задоўга да абвяшчэння дагмату, у 1830 годзе, калі Найсвяцейшая Панна з'явілася ў Парыжы сястры Кацярыне Лябурэ з Кангрэгацыі дачок Міласэрнасці. Марыя папрасіла святую Кацярыну адчаканіць медальён, які мы называем цудадзейным. На гэтым медальёне Яна прасіла змясціць надпіс: «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае». Шматлікія аздараўленні і цуды, якія праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі спазналі тыя, хто насіў медальён, больш вядомы пад назваю «цудадзейны медалік», паспрыялі падрыхтоўцы да прыняцця гэтага важнага дагмату.
Наступнае пацвярджэнне Марыяй дагмату аб Яе Беззаганным Зачацці адбылося ў 1858 годзе падчас аб'яўленняў у Люрдзе. Многія тэолагі падкрэсліваюць, што сама Марыя пацвердзіла праўдзівасць гэтага дагмату, калі ў адказ на пытанне святой Бэрнадэты Субіру: «Хто Вы, прыгожая Пані?» Яна адказала: «Я — Беззаганнае Зачацце». Марыя аб'яўлялася як Беззаганная Панна таксама ў Гетшвалдзе ў 1877 годзе. Апошняе пацвярджэнне гэтага тытулу адбылося і падчас аб'яўленняў у Фаціме ў 1917 годзе, дзе Маці Божая спасылалася на прывілей Беззаганнага Зачацця, кажучы пра сваё Беззаганнае Сэрца.
Умілаваныя браты і сёстры! Папа Бэнэдыкт ХVI 8 снежня 2011 года звярнуўся да вернікаў: «Сёння Касцёл урачыста адзначае Беззаганнае Зачацце Марыі. Як абвясціў благаслаўлёны Пій IX у сваім Апостальскім лісце Ineffabilis Deus (лац. Невымоўны Бог), абвешчаным 8 снежня 1854 года, «паводле асаблівай ласкі і прывілею Усемагутнага Бога, дзеля будучых заслуг Езуса Хрыста, Збаўцы чалавечага роду, Марыя была захавана ад усялякай плямы першароднага граху». Гэтая праўда веры змяшчаецца ў словах прывітання, скіраваных да Яе арханёлам Габрыэлем: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28). Выраз «поўная ласкі» азначае цудоўную справу любові Бога, што пажадаў праз свайго ўцелаўлёнага Адзінароднага Сына, які памёр і ўваскрос, вярнуць нам жыццё і свабоду, страчаныя праз грэх. Таму з другога стагоддзя на Усходзе і Захадзе Касцёл заклікае і ўшаноўвае Дзеву Марыю, якая сваім «так» зблізіла Неба і зямлю, становячыся «Багародзіцай і карміцелькай нашага жыцця».
Святы Максімільян Марыя Кольбэ, служэнне якога звязана з нашай краінай, быў вялікім шанавальнікам Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён праз сваё служэнне, праз друкаванае слова і місіі, асабліва праз часопіс «Рыцар Беззаганнай» распаўсюджваў набажэнства да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, арганізаваў Рыцарства Беззаганнай і распаўсюджваў цудадзейны медалік.
Сапраўды, наш край пазначаны мучаніцтвам тых, хто, верны свайму пакліканню, Хрысту і Марыі, аддаў сваё жыццё, не адступіўшыся ад Бога. Благаслаўлёныя мучаніцы сёстры Ева Наішэўская і Марта Валоўская са Слоніма, якія належалі да Кангрэгацыі сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, благаслаўлёныя мучанікі Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч з Кангрэгацыі ксяндзоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк — усе яны спрычыніліся да шанавання нашай нябеснай Панны і Багародзіцы, распаўсюджанню Яе культу на нашай зямлі.
Сёння радуемся, што ў некаторых краінах Еўропы — Аўстрыі, Іспаніі, Партугаліі, Італіі — свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі з'яўляецца дзяржаўным. У гэты дзень, па традыцыі, Папа моліцца каля статуі Беззаганнага Зачацця Марыі на плошчы Іспаніі ў Рыме, прысвячаючы Найсвяцейшай Багародзіцы Касцёл і ўвесь свет.
Акрамя незвычайных дароў, якія Панна Марыя атрымала, Яна па Божай волі з'яўляецца ідэалам хрысціянскага жыцця, да якога мы павінны імкнуцца. Яе называлі — «першай Хрысціянкай». Святы Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы Маці Адкупіцеля нагадвае нам, што «Марыя прысутнічае ў таямніцы Касцёла як прыклад». Калі Марыя — прыклад, то мы павінны імкнуцца «адлюстроўваць» гэты прыклад у сваім жыцці, гэта значыць наследаваць Яе ў розных сферах. Перш за ўсё, мы павінны імкнуцца, ідучы за Яе прыкладам, насіць у сабе Езуса Хрыста, жыць для Яго і дзяліцца Ім з іншымі.
Любыя браты і сёстры! Езус Хрыстус, для якога Бог праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Дзевы падрыхтаваў годнае жыллё, знаходзіцца сярод нас у Эўхарыстыі. Ён стаў для нас разламаным Хлебам, які мы атрымліваем з рук святара. Ён прагне пасяліцца ў нашым сэрцы, дзяліць наш лёс і праз нас аддаваць сябе іншым. Гэта і Яго жаданне, і жаданне Яго Маці. Таму папа Францішак неаднаразова паўтараў: «Той хто дазваляе Хрысту дакрануцца свайго сэрца, то становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста, Які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету». Давайце паабяцаем выканаць, наколькі хопіць нам сілы, гэтае жаданне як мага лепш. Калі гэта адбудзецца, тады ўрачыстасць, якую мы адзначаем сёння, прынясе ў нашым жыцці шчодрыя плады збаўлення, неабходныя нам для шчаслівай вечнасці.
Папа Леў XIV на адной з аўдыенцый заклікаў вернікаў, каб «у свеце, які прагне справядлівасці і спакою, [яны] умацоўвалі хрысціянскую духоўнасць, каб падчас Юбілейнага года сталі крыніцаю аднаўлення і навяртання». Святы Айцец даверыў усіх апецы Марыі, якая вядзе да Хрыста, адзінага Збаўцы свету.
«Шлях Марыі вядзе да Езуса, а шлях Езуса вядзе да кожнага чалавека, асабліва да ўбогіх, зраненых і грэшнікаў. Таму сапраўдная марыйная духоўнасць чыніць прысутнай у Касцёле чуласць Бога і Яго мацярынства»,
— падкрэсліў Папа Леў XIV (з аўдыенцыі 12.10.25).
У сённяшнюю ўрачыстасць у многіх святынях і капліцах з 12-й да 13-й гадзіны праводзіцца набажэнства, якое называецца «Гадзіна ласкі для свету». Гэтая практыка звязана з аб’яўленнямі Багародзіцы італьянскай містычцы П'ерыне Джылі. Маці Божая сказала дзяўчыне: «Я — Беззаганнае Зачацце. Я — Марыя, поўная ласкі, Маці майго Боскага Сына, Езуса Хрыста. Прыходзячы сюды, у Мантык’яры, жадаю, каб кожны год 8 снежня, апоўдні, адзначалася Гадзіна ласкі для ўсяго свету. Праз гэтае набажэнства Я выпрошваю незлічоныя ласкі для цела і душы». У гэты час ласкі чытаецца Акт прысвячэння Касцёла, краіны і свету Маці Божай, а таксама асабістае прысвячэнне Багародзіцы, молімся на Ружанцы і праводзіцца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Нагадаю таксама, што працягваецца дзевяцігадовая Няспынная навэнна да Маці Божай цудоўнага медаліка, прысвечаная 200-й гадавіне (у 2030 г.) аб’яўленняў Маці Божай св. Кацярыне Лябурэ, якая распачалася 27 лістапада 2021 г. па ініцыятыве сясцёр Кангрэгацыі дачок Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля.
Браты і сёстры! Марыя з'яўляецца выключным прыкладам для вернікаў, якія перажываюць гэты Юбілейны год, Яна, па словах Пантыфіка з’яўляецца ўвасабленнем цноты надзеі. «У Юбілейны год, які сканцэнтраваны на тэалагічнай цноце надзеі, мы павінны глыбока асэнсаваць, што Марыя ўвасобіла гэтую цноту асаблівым чынам праз сваю веру ў тое, што Бог выканае свае абяцанні. Гэтая надзея дала Ёй сілу і мужнасць добраахвотна прысвяціць сваё жыццё Евангеллю і цалкам даверыцца Божай волі». Напрыканцы Святога Юбілейнага года, папа Леў XIV заахвочвае нас, каб юбілейныя святыні былі для нас рухавіком адновы і перамены. Каб гэты час быў перыядам навяртання і перапрашэння, роздуму і вызвалення ад усяго, што нас знявольвае. Папа жадае ўсім, каб «Найсвяцейшая Дзева Марыя, наша надзея, заступалася за нас і яшчэ раз зноў і назаўсёды вяла нас да Езуса, укрыжаванага Пана. Бо ў Ім збаўленне для ўсіх».
Мае дарагія! Няхай словы святога Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора: «Марыя — гэта самы просты, самы кароткі і самы дасканалы шлях да Езуса Хрыста» — будуць нашым дэвізам на адвэнтавае чуванне з Найсвяцейшай Паннай Марыяй у чаканні Божага Нараджэння — чарговага прыйсця Езуса Хрыста ў гэты свет і ў нашыя сэрцы.
Давяраючы заступніцтву Беззаганнай Панны Марыі, Яе чулай апецы на перыяд падрыхтоўкі да прыйсця нашага Збаўцы, ад усяго сэрца благаслаўляю:
У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 3 снежня 2025 г.
Ва Успамін святога Францішка Ксавэрыя, прэзбітэра







