
20 гадоў таму, 2 красавіка 2005 года, адышоў у вечнасць Папа Ян Павел ІІ. Яго жыццё і служэнне сталася для многіх натхненнем і надзеяй на тое, што ў нашым, поўным супярэчнасцяў, свеце магчыма будаваць «цывілізацыю любові». Касцёл прызнаў яго жыццё шляхам да святасці, абвяшчаючы Яна Паўла ІІ 1 мая 2011 года благаслаўлёным, а 27 красавіка 2014 года — святым.
Для Беларусі святы Папа стаўся сімвалам барацьбы з ідэалогіяй атэізму, а таксама стваральнікам новых адміністратыўных касцёльных структур. Так, у 1991 годзе Папа ўтварыў Мінска-Магілёўскую і Гродзенскую дыяцэзіі, адрадзіў Пінскую дыяцэзію ў новых межах, а ў 1999 годзе з Мінска-Магілёўскай вылучыў новаўтвораную тады Віцебскую дыяцэзію.

Святы Ян Павел ІІ пакінуў пасля сябе вялізарную духоўную спадчыну тэалагічнага вучэння, заснаванага на Святым Пісанні, Традыцыі Касцёла і вучэнні яго папярэднікаў на Святым Пасадзе.
Папа звяртаўся да розных узроставых, прафесійных, нацыянальных і рэлігійных катэгорый людзей, несучы ўсім святло надзеі і супакою.
Мы сабралі найбольш яскравыя цытаты святога Папы, якія прадстаўляем вашай увазе.
13 снежня 1994 года ў «Лісце да дзяцей» Пантыфік пісаў, звяртаючыся да наймалодшых членаў Касцёла: «(...) Жадаю, каб вы асаблівым чынам спазналі любоў вашых бацькоў, вашых братоў і сясцёр і ўсёй сям'і. Няхай гэтая любоў, дзякуючы вам, дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, распаўсюдзіцца на вашае асяроддзе і на ўвесь свет. Няхай гэтая любоў дасягне ўсіх тых, хто найбольш яе патрабуе: асабліва церпячых і забытых.
Дзіця — гэта найпрыгажэйшы дар для сям'і, для народа».

Звяртаючыся да моладзі, сабранай у 2002 годзе ў Таронта (Канада) на 17-х Сусветных днях моладзі, Папа заклікаў прадстаўнікоў маладых людзей з усяго свету: «(…) няхай святло Хрыста асвятляе ваша жыццё. Не чакайце, пакуль вы станеце старэйшымі, каб ступіць на шлях святасці.
Святасць заўсёды маладая, як і вечнасць Бога.Пакажыце ўсім прыгажосць адносін з Богам, які надае сэнс вашаму жыццю. У пошуку справядлівасці, абароне міру, у вашай братэрскай і салідарнай самаахвярнасці няхай ніхто не будзе лепш за вас!»

У гаміліі, звернутай да працаўнікоў і працадаўцаў, сабраных на святой Імшы ў Гданьску (Польшча) 12 чэрвеня 1987 года, Ян Павел ІІ вучыў: «Гэта праўда, што за працу трэба плаціць, але гэта яшчэ не ўсё. Праца — гэта значыць чалавек. Працуючы чалавек. Такім чынам, калі мы гаворым аб справядлівых адносінах паміж працай і заробкам, мы ніколі не можам вызначыць гэта адэкватна, калі не зыходзім з чалавека як суб'екта працы.
Праца не можа разглядацца — ніколі і нідзе — як тавар, таму што чалавек не можа быць таварам для чалавека, але павінен быць суб'ектам.Ён уваходзіць у сваю творчасць з усёй сваёй чалавечнасцю і ўсёй сваёй суб'ектнасцю. Праца адкрывае цэлае вымярэнне чалавечай суб'ектнасці ў грамадскім жыцці, а таксама суб'ектнасці грамадства, якое складаецца з людзей працы. Таму неабходна бачыць усе правы чалавека ў сувязі з яго працай і ўсе іх задавальняць».

У энцыкліцы Christifideles laici («Свецкія вернікі») Папа, звяртаючыся да старэйшых асоб, адрасаваў ім такія словы: «Вы не з’яўляецеся і не павінны лічыць сябе людзьмі, якія жывуць на ўскраінах Касцёла, пасіўнымі элементамі свету, што жыве занадта хутка, але актыўнымі суб’ектамі, якія перажываюць плённы з духоўнага і чалавечага пункту гледжання этап жыцця. У вас яшчэ ёсць місія для выканання, вам яшчэ ёсць што ахвяраваць.
Згодна з Божым планам, кожны чалавек з’яўляецца жыццём, якое працягвае расці, пачаўшы ад першай іскрынкі існавання ажно да апошняга дыхання».

Святы Ян Павел ІІ — першы ў гісторыі Папа, які прамовіў да беларусаў на іх роднай мове. Першы раз гэта адбылося 17 кастрычніка 1998 года на плошчы святога Пятра ў Рыме. Тады Пантыфік сказаў пілігрымам з Беларусі: «Сёння вы дзякуеце Пану Богу за дар веры, за адвагу, з якой баранілі хрысціянскую традыцыю. Прыходзіце таксама, каб шукаць падтрымкі на дарозе, якая наперадзе вас.
Таму сузірайце заўсёды Хрыста; як вы прынялі Пана Езуса Хрыста, так паступайце ў Ім, укаранёныя і збудаваныя ў Ім, умацаваныя вераю.Глядзіце, каб ніхто не захапіў вас у палон філасофіяй і марным падманам паводле чалавечай традыціі, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста (пар. Клс 2, 6–8)».

Словы святога Яна Паўла ІІ — каштоўны скарб для кожнага верніка. Праз 20 гадоў пасля смерці іх аўтара яны застаюцца актуальнымі. Заданнем усіх, хто захоўвае памяць аб Вялікім Папе, як яго назвалі адразу пасля смерці, з’яўляецца захоўваць гэтыя словы Пантыфіка і рэалізаваць іх у сваім жыцці.