Пошук

26.07.2025 11:17   Тэкст: Кс. Яўген Баланёў / Паводле: catholicminsk.by
Першы Нікейскі сабор. Фрэска з базылікі Святога Мікалая з горада Дэрма (сённяшняя Турцыя). Выява: britannica.com

25 ліпеня 325 года ў Нікеі завяршыўся першы Паўсюдны сабор, які сфармуляваў хрысціянскае вучэнне аб Хрысце. Пра яго ролю ў гісторыі распавядае ксёндз Яўген Баланёў, святар з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Гэтыя словы шмат каму вядомыя з дзяцінства:

«Веру ў адзінага Бога, Айца Усемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, з Айца народжанага перад ўсімі вякамі; Бога ад Бога, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу, праз якога ўсё сталася… Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які з Айца і Сына паходзіць; якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала; які прамаўляў праз прарокаў. Веру ў адзіны святы каталіцкі і апостальскі Касцёл».

Вышэйназваныя праўды веры хрысціяне пачалі вызнаваць, пачынаючы ад сабора біскупаў паўсюднага Касцёла, які адбыўся ў горадзе Нікея Рымскай імперыі. Дзяржава ў той час атрымала новую сталіцу ў Канстанцінопалі. Яна была названая ў гонар імператара Канстанціна, які склікаў сабор, запрасіўшы біскупаў, святароў, дыяканаў і усіх зацікаўленых.

Першы Нікейскі сабор, гэта цудоўная падзея ў першую чаргу падкрэслівае паўсюдную накіраванасць хрысціянскай веры і евангельскай навіны аб збаўленні ўсіх людзей. Па-другое, сам імператар прымаў актыўны ўдзел у падрухтоўцы і правядзенні сабору, то было зусім не звычайна, таму што дагэтуль амаль 280 гадоў трываў пераслед хрысціян. Канстанцін адмовіўся ад мяча перасладніка веры, каб узяць у рукі крыж. Незадоўга да сваёй вырашальнай бітвы з галоўным ворагам Ліцыніем ў 312 годзе ён прыняў хрысціянства.

Нікея азнаменавала сабой новы час для хрысціянства. Пераследаваныя паслядоўнікі Збаўцы нашага Езуса Хрыста, якія насілі ільняное адзенне, сталі паважанымі дарадцамі імператараў, апранутых у пурпурныя мантыі. Некалі пагарджаная рэлігія была на шляху да таго, каб стаць дзяржаўнай рэлігіяй, духоўным цэментам адзінага грамадства, у якім грамадскае і прыватнае жыццё было аб’яднанае хрысціянскай дактрынай. Аднак для таго, каб хрысціянства стала цэментуючым фактарам жыцця імперыі, яно павінна было стаць адзіным сваёй верай. Таму імператары склікалі касцёльныя саборы, такія як Нікейскі. Горад Нікея быў невялікім мястэчкам, якое размяшчалася на берагах праліва Басфор, — таго самага, які злучае Чорнае і Міжземнае мора.

Чаму сабор быў скліканы?

Галоўнай прычынай склікання Нікейскага сабора стала распаўсюджванне арыянства — ерасі, якая аспрэчвала Боскую натуру Езуса Хрыста. Святар Арый з Александрыі вучыў, што Сын Божы быў створаны і не з’яўляецца адзінасутным Айцу. Гэта выклікала сур’ёзны тэалагічны крызіс і пагрозу падзелу Касцёла.

Імператар Канстанцін Вялікі, які імкнуўся да грамадскага і касцёльнага адзінства, склікаў біскупаў з усяго хрысціянскага свету для вырашэння ўзніклай спрэчкі.

Якія рашэнні прыняў сабор?

  • Быў прыняты Сімвал веры. На Першым Нікейскім саборы быў прыняты першы варыянт Нікейскага Сімвала веры — кароткага, але дакладнага выкладу асноўных дагматаў хрысціянскай веры. Ён стаў краевугольным каменем нашай веры і да гэтага часу вызнаецца падчас кожнай урачыстай святой Імшой.
  • Адбылося асуджэнне ерасі Арыя. Вучэнне Арыя было прызнана ерэтычным, сам ён і яго прыхільнікі былі адлучаныя ад Касцёла. Гэтае рашэнне стала пэўным узорам для ўсіх наступных сабораў у пытаннях барацьбы з ерассю: Касцёл не проста адхіляе ілжывае вучэнне, але ясна фармулюе праўду веры.
  • Здзейснілася ўсталяванне касцёльнай дысцыпліны. Сабор прыняў 20 канонаў (правілаў), якія датычацца касцёльнага жыцця: былі разгледжаны пытанні пасвячэння біскупаў і святароў, пакаяння, захавання пастоў, становішча духоўных і свецкіх, былі таксама зацверджаны правілы паводзінаў у адносінах да ерэтыкоў.
  • Была вызначана дата святкавання Вялікадня.
Спаленне кніг Арыя па загаду імператара Канстанціна. Выява: britannica.com

Якое значэнне мае І Нікейскі сабор?

Першы паўсюдны сабор стаў гістарычнай падзеяй, якая акрэсліла Хрыста як Бога і Збаўцу.

Ён паказаў, што супольнасць верных Богу людзей здольная разам — з удзелам біскупаў з розных краін — сфармуляваць праўды веры і абараняць іх ад скажэнняў.

Нікейскі сабор даў пачатак традыцыі Сусветных сабораў, падчас якіх фармуецца дагматычнае і кананічнае вучэнне Каталіцкага Касцёла. Прынцып саборнасці (ці як сёння прынята казаць — сінадальнасці) як выраз адзінства супольнасці ў Духу Святым стаў асновай для пазнейшага выпрацавання веравучэння адзінага, святога, апостальскага Каталіцкага Касцёла.

Касцёл — гэта жывое Цела Хрыста, у якім праўда выяўляецца праз сумеснае вызнанне веры і згоду святых Айцоў, а таксама іерархічная структура, у якой дзейнічае дысцыпліна для ўсіх вернікаў.
Абноўлена 29.07.2025 14:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа