Пошук


Біскуп эмэрыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч напрыканцы мая адзначае дзве юбілейныя даты: 30 мая — 50-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння і 23 мая — 35-годдзе біскупскага пасвячэння. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе паважанаму юбіляру свае віншаванні.

Ваша Эксцэленцыя,
найдастойнейшы біскуп Аляксандр!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў дзень 50-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння і з нагоды 35-годдзя біскупскага пасвячэння, якое Вы адзначылі 23 мая, прыміце самыя шчырыя словы пажаданняў і падзякі за Вашу адвагу, вернасць Хрыстоваму пакліканню, а таксама за прыклад вытрываласці, мудрасці і разважлівай паставы вучня Хрыста ў рэалізаванні волі Божай.

Кожны юбілей — гэта добрая нагода для таго, каб выказаць перад Богам і людзьмі словы ўдзячнасці і ўзнесці малітву за дар жыцця і паклікання, за дар служэння і ахвяры.

Дзякую Богу за дар жыцця Вашай Эксцэленцыі, якое Вы атрымалі праз любоў вашых бацькоў, прыйшоўшы на свет 23 верасня 1949 года ў вёсцы Падгайдзі, што на тэрыторыі Эйшышскай парафіі Віленскай архідыяцэзіі. Дзякую таксама за дар веры і Вашу супрацу з Божай ласкай праз прыняцце, нягледзячы на атэістычнае супрацьстаянне, сакрамэнтаў хрысціянскай ініцыяцыі, якія дапамаглі Вам развівацца ў духоўным жыцці.

Сёння разам з Вамі дзякую за дар Вашага паклікання. Скончыўшы Вышэйшую духоўную семінарыю ў літоўскім Каўнасе, Вы 30 мая 1976 года прынялі сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату. Пасля пяцігоддзя служэння вікарыем у парафіі ў Панявежысе Вы ў 1981 годзе былі прызначаны пробашчам парафіі Святога Духа ў Вільні, дзе плённа працавалі на працягу дзесяці гадоў, да 13 красавіка 1991 года, калі тагачасны Папа святы Ян Павел ІІ прызначыў Вас біскупам новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі. Ваша біскупскае пасвячэнне адбылося 23 мая 1991 года ў Гродне. У якасці біскупскага закліку Вы абралі словы Іesu in Te сonfido — «Езу, давяраю Табе» — словы, якія сведчаць пра Ваш асаблівы давер Езусу Хрысту ў таямніцы Яго Міласэрнасці. З Вамі да нас на Беларусь завітала і Маці Божая Вастрабрамская, Маці Міласэрнасці, якая з’яўляецца галоўнай заступніцай Гродзенскай дыяцэзіі.

Ваша Эксцэленцыя, дастойны юбіляр! Вы ўвайшлі ў гісторыю як першы біскуп Касцёла на Гродзеншчыне. Гэты ганаровы тытул Вы шматразова пацвярджалі Вашымі ўчынкамі, якія адзначаліся сапраўднай бацькоўскай любоўю, клопатам пра кожнага, хто да Вас звяртаецца, прыкладам чалавечнасці і малітоўнай паставай.

Жадаем, каб і надалей Вы вялі актыўны дыялог з Панам, які няспынна яго з намі падтрымлівае.

Няхай наступныя гады вашага пастырскага служэння будуць пад чулай апекай Маці Божай Кангрэгацкай. Святы Казімір, каралевіч, і святы Максімільян Кольбэ няхай дапамагаюць Вам у пераадоленні ўсіх цяжкасцяў, якія сустракаюцца на Вашым пастырскім шляху, а Ваш нябесны заступнік святы Аляксандр выпрошвае для Вас патрэбных Божых ласкаў, здароўя, духоўных і фізічных сілаў на далейшым шляху жыцця і пастырскага служэння на доўгія і святыя гады.

З пашанай,
Ваш брат у пастырскім служэнні

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 30 мая 2026 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.