
30 мая ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя ўрачыста адзначылі два юбілеі біскупа эмэрыта Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча: 50-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння, якое прыпадала ў гэты дзень, і 35-годдзе біскупскага пасвячэння, якое заслужаны іерарх святкаваў 23 мая.
З гэтай нагоды ў катэдральнай святыні Гродзенскай дыяцэзіі на святой Імшы сабраліся шматлікія вернікі і прадстаўнікі духавенства, манаскіх асоб, малітоўных супольнасцей, касцёльных рухаў, евангелізацыйных ініцыятываў, студэнты і выкладчыкі Гродзенскага тэалагічнага каледжа і госці дыяцэзіі, каб падзякаваць свайму пастыру за гады адданага служэння і памаліцца ў яго інтэнцыі.
Урачыстасць распачалася прэзентацыяй новай кнігі пра дастойнага юбіляра пад назвай Езу, давяраю Табе, якую прадставіў канцлер Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз доктар Аляксандр Мацкевіч, які шмат гадоў супрацоўнічаў з біскупам Кашкевічам у гродзенскай курыі. У суаўтарстве з дакладчыкам кнігу напісаў ксёндз доктар Збігнеў Яцунскі з Польшчы. Былі прадстаўлены ключавыя моманты біяграфіі біскупа Кашкевіча, а на слайдах гледачы маглі ўбачыць цікавыя дакументы і фотаздымкі з асабістага архіва героя кнігі.








































Ва ўступным слове, звернутым да сабраных, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй адзначыў, што «сённяшні дзень напаўняе сэрцы асаблівай радасцю, бо мае сапраўды гістарычны характар». 35 гадоў таму, 13 красавіка 1991 года, была заснаваная Гродзенская дыяцэзія і Папам Янам Паўлам ІІ быў прызначаны біскуп, якім стаў Аляксандр Кашкевіч. 23 мая ён прыняў паўнату святарства ў біскупскім пасвячэнні, а затым здзейсніў урачысты інгрэс у гродзенскую катэдру як першы біскуп новаўтворанай дыяцэзіі.
Падкрэсліўшы, што менавіта з асобай біскупа эмэрыта звязанае станаўленне і развіццё дыяцэзіяльнага Касцёла, біскуп Уладзімір выказаў шаноўнаму юбіляру ад імя ўсіх, хто належыць да дыяцэзіі, словы глыбокай пашаны, шчырай сыноўняй удзячнасці і братэрскай любові.
Дастойны юбіляр у сваім уступным слове сказаў, што «радаснае святарства — каштоўны дар не толькі для самога святара, але найперш для людзей, якіх ставіць Бог на шляху яго служэння», і сёння ён удзячны за гэты «незаслужаны дар», атрыманы 50 год таму ў катэдры ў літоўскім Панявежысе.
Біскуп эмэрыт узгадаў, што ў Панявежысе прайшлі яго першыя пяць год святарства ў якасці вікарыя, затым у Вільні чарговыя дзесяць год у якасці пробашча, перш чым ён распачаў сваё служэнне ў якасці біскупа на Гродзеншчыне.
«Шчыра скажу: не думаў, што Божая Міласэрнасць будзе весці мяне такімі цудоўнымі і нечаканымі шляхамі жыцця і паклікання ў прыгожым і заўсёды маладым Касцёле, напоўненым дарамі Духа Святога. Гэты Касцёл, які я шчыра люблю і да якога сам маю гонар належаць, нашмат большы, чым арганізацыя. Гэта жывы арганізм, містычнае Цела Хрыста, галавой і будаўніком якога з’яўляецца наш Збаўца. Крыніца гэтага Касцёла ў сэрцы кожнага ахрышчанага чалавека»,
— дадаў заслужаны іерарх.
Юбіляр падкрэсліў, што з удзячнасцю ўспамінае кожны этап свайго жыццёвага і святарскага шляху, бо заўсёды адчуваў Божую любоў і апеку, дабрыню і спагадлівасць людзей, з якімі даводзілася сустракацца.
«Дзякуй Богу і за тое, што мы сёння называем “штодзённае нясенне крыжа”. Гэта цяжкая школа, але, безумоўна, патрэбная кожнаму з нас»,
— адзначыў прамоўца.
Іерарх дадаў, што любіць думаць пра радасць, гледзячы на Марыю, Маці Міласэрнасці, бо менавіта яна «вучыць нас з радасцю несці Езуса ўсім людзям і з мацярынскай любоўю заступаецца за ўсіх нас».
«Няхай Бог будзе праслаўлены ў таямніцы цудоўнага дару святарства, за які хачу дзякаваць праз Сэрца Марыі ў яго Касцёле і з Касцёлам, а супольнасць гэтага Касцёла напаўняюць вашыя добрыя, любячыя і напоўненыя малітвай сэрцы», — завяршыў свой гімн святарству першы гродзенскі біскуп.
Напрыканцы сваёй прамовы біскуп Аляксандр выказаў падзяку Святому Айцу Льву XIV за віншаванне і апостальскае благаслаўленне, а таксама Апостальскаму нунцыю Іньяцыё Чэффаліа, дастойным іерархам за ўдзел у набажэнстве і віншаванні.
Асаблівыя словы падзякі юбіляр скіраваў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які распачаў яшчэ ў якасці Апостальскага адміністратара справу адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне, і свайму адданаму і рупліваму наступніку на гродзенскай катэдры біскупу Уладзіміру Гуляю, а таксама прадстаўнікам абласной, гарадской і раённай улады, Праваслаўнай Царквы і евангельска-лютэранскай супольнасці.
Таксама словы ўдзячнасці з вуснаў іерарха прагучалі ў адрас святароў Катэдральнага капітула Гродзенскай дыяцэзіі, супрацоўнікаў курыі, усяго дыяцэзіяльнага духавенства, выкладчыкаў і навучэнцаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі і тэалагічнага каледжа ў Гродне, усіх дыяцэзіяльных інстытутаў, пробашча гродзенскай катэдры ксяндза каноніка Яна Кучынскага, дыяканаў, клерыкаў, кансэкраваных асобаў, асабліва з супольнасцяў Святой Сям’і з Назарэта і Дачок Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.
Біскуп Аляксандр падзякаваў вернікам старэйшага пакалення за перадачу веры і сямейных традыцый, сем’ям, моладзі і дзецям за будаўніцтва будучыні Касцёла, запэўніў у сваёй малітве за ўсіх дыяцэзіян, асабліва за хворых і церпячых, і папрасіў ім перадаць словы павагі і блізкасці.
Гамілію падчас юбілейнай урачыстасці прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Заслужаны іерарх Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заклікаў прысутных разам з юбілярам спяваць марыйны гімн Magnificat — «Велічае душа мая Пана» — як знак удзячнасці за яго ахвярнае святарскае і біскупскае служэнне.
Гамілет прыгадаў, што Божы Провід у пэўным сэнсе з’яднаў яго з віноўнікам урачыстасці. Фармацыю да святарства яны атрымалі ў той самай Каўнаскай духоўнай семінарыі і доўгі час працавалі ў Вільні. Праз пэўны час Тадэвуш Кандрусевіч быў вікарыем юбіляра і не мог сабе ўявіць, што потым удзеліць яму біскупскае пасвячэнне.
«Пакліканне да святарства — гэта таямніца. Бог кліча, а пакліканы павінен адказаць. Сімвалічна, што юбіляр даў гэты адказ, працуючы паштальёнам. Разносіў лісты людзям, каб потым несці ім пасланне Евангелля»,
— распавёў гісторыю паклікання юбіляра арцыбіскуп Тадэвуш.
Прамоўца разгледзеў жыццёвы і святарскі шлях біскупа Аляксандра праз прызму трох прынцыпаў хрысціянскага жыцця: веры, надзеі і любові, а яшчэ праз прызму малітвы, якую Папа Леў XIV дадае да гэтых трох у энцыкліцы Magnifica humanitas («Цудоўнае чалавецтва»).
Глыбокая вера, па словах арцыбіскупа Тадэвуша, дапамагала юбіляру ў святарскім і біскупскім служэнні, калі ён не засяроджваўся на зямным, а шукаў «таго, што ў вышынях».
Надзея для першага ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі — гэта ўпэўненасць, што святарскае і біскупскае служэнне маюць сэнс, нават калі яны пазначаныя выпрабаваннямі, бо ў канцы тунэля ёсць святло.
Яго пастырская любоў бачная ў малітве і цэлебрацыі сакрамэнтаў; у клопаце пра фармацыю і жыццё святароў і кансэкраваных асобаў; у дбанні пра пакліканні; у развіцці розных пастырскіх праграм для дзяцей, моладзі, інтэлігенцыі, людзей працы, сем'яў, абароны жыцця, хворых, рухаў, дабрачыннасці, масмедыя і інш.; у будове новых касцёлаў і аднаўленні гістарычных.
На малітве юбіляр чэрпае сілы для выканання сваіх абавязкаў, бо, як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, «вялікія праекты нараджаюцца і праблемы вырашаюцца не за канцылярскім сталом і не падчас дыскусій, а на каленях».
«Святарскае і біскупскае служэнне юбіляра можна параўнаць з забегам на стадыёне жыцця, напрамак якога вызначае Евангелле. Гэта забег, у якім стаўкай з'яўляецца вернасць Хрысту і збаўленне чалавека. У ім нельга затрымацца на паўшляху, а трэба ўпэўнена ісці да мэты. Юбіляр да яе ішоў і працягвае ісці», — адзначыў прамоўца.
З нагоды юбілейнай урачыстасці Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў прысутных паразважаць аб тоеснасці святара і адказаць на пытанне: ці ў секулярным свеце святар яшчэ патрэбны?
«Сёння святарства з'яўляецца прадметам многіх пытанняў, часам непаразуменняў і супярэчлівых чаканняў. З аднаго боку, людзі хочуць бачыць у ім духоўнага айца і правадніка, але, з іншага, праяўляюцца тэндэнцыі звесці яго да ролі сакральнага чыноўніка. У выніку чаго ўзнікае небяспека размыцця дару паклікання. Мы не зможам даць людзям Бога, калі самі не будзем Ім жыць. Тоеснасць святара ў прыпадабненні да Хрыста», — паразважаў пра выклікі да святарства іерарх.
Арцыбіскуп Тадэвуш адзначыў, што ў сваёй душпастырскай дзейнасці біскуп Аляксандр заўсёды кіраваўся здаровай дактрынай і пачуццём sacrum. Для яго святарская тоеснасць — гэта быць alter Christus, «другім Хрыстом». Юбіляр, як святы Францішак, здолеў адрадзіць Касцёл на Гродзеншчыне пасля трох пакаленняў ганенняў.
Гамілію прамоўца завяршыў воклічам:
«Біскуп Аляксандр! Гродзенскі і беларускі Касцёл дзякуе табе за тваё ахвярнае служэнне. Без цябе Касцёл не быў бы такім дынамічным, якім ён ёсць сёння. Божы Провід выбраў цябе як адпаведнага пастыра, у адпаведны час і паставіў у адпаведнае месца. Ты сеяў і працягваеш сеяць, бо верыш, што Бог дасць вялікі плён. І Ён дае, за што праслаўляеш Бога, бо вялікае ўчыніў табе і праз цябе людзям.
Гады ідуць наперад, і нам іх не стрымаць, як не стрымаць цячэння паўнаводнай ракі Нёман, на якой стаіць каралеўскі горад Гродна з яго багатай гісторыяй хрысціянства і Каталіцкага Касцёла. З гадамі зменяюцца нашыя абавязкі. Але з імі не знікае дар святарства, як незмывальная пячатка на душы.
У гэты юбілейны дзень Бог заклікае цябе далей служыць Богу, Касцёлу і людзям і наталяць іх духоўную смагу вадой збаўчай Божай ласкі. Няхай Усемагутны і міласэрны Бог благаславіць цябе, а Божая Маці Міласэрнасці, якая свеціць у Вострай Браме, успамагае на гэтым шляху! Ad multos, prosperos et faecundos annos! На многая, плённая і святая лета, дарагі юбіляр!»
Напрыканцы святой Імшы прагучалі шматлікія віншаванні ў адрас біскупа эмэрыта Аляксандра Кашкевіча.
Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа у сваім віншаванні адзначыў, што біскуп Аляксандр «нястомна вёў Божы народ праз вырашальныя перыяды гісторыі», і дзякуючы яму «гродзенскі Касцёл усё больш усведамляў сваёй місіяй быць знакам дыялогу, адзінства і сведчання».
Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што сведчанне біскупа Кашкевіча нагадвае нам, што сапраўдная сіла Касцёла нараджаецца з малітвы, еднасці і штодзённай вернасці Евангеллю, і пажадаў юбіляру Божага благаслаўлення ў далейшым служэнні ў якасці біскупа эмэрыта.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які прамовіў ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, у сваім віншавальным слове канстатаваў, што дастойны юбіляр шматразова пацвярджаў ганаровы тытул першага біскупа Касцёла на Гродзеншчыне сваімі ўчынкамі, якія адзначаліся «сапраўднай бацькоўскай любоўю, клопатам пра кожнага, хто да яго звяртаецца, прыкладам чалавечнасці і малітоўнай паставай».
Арцыпастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пажадаў заслужанаму іерарху апекі святых заступнікаў Гродзенскай дыяцэзіі: Маці Божай Кангрэгацкай, святога Казіміра і святога Максімільяна Марыі Кольбэ.
Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у сваім віншаванні падзякаваў біскупу Аляксандру за яго служэнне і асабліва за праявы духоўнай лучнасці ў супольнай малітве з братамі грэка-католікамі перад абразамі Маці Божай Жыровіцкай і Маці Божай Барунскай.
Словы віншаванняў скіравалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і евангельска-лютэранскай супольнасці, якія падкрэслілі заслугі біскупа Аляксандра ў будаўніцтве міжканфесійнага міру на Гродзеншчыне.
Падзяку і найлепшыя пажаданні выказалі юбіляру канонікі катэдральнага капітула ў асобе ксяндза каноніка Аляксандра Мацкевіча, канцлера гродзенскай курыі, прадстаўнікі жаночых і мужчынскіх манаскіх супольнасцяў, Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра, сям'я Бяленік з Гродна, прадстаўнікі малітоўнага руху «Маргарытка», францішканскіх тэрцыярыяў, землякі біскупа Аляксандра з Віленшчыны, а таксама прадстаўнік свецкага ордэна «Рыцараў святога Яна Паўла ІІ Вялікага».
Біскуп Аляксандр падзякаваў усім за выказаныя віншаванні і пажаданні і заклікаў быць «радаснымі і трываць моцна ў веры» (пар. Флп 4,4; 1 Кар 16,13).



























































































