3 чэрвеня ў капліцы Дома ксяндзоў эмерытаў у Ломжы (Польшча) адбылася Імша падзякі Богу з нагоды 60-годдзя святарства ксяндза каноніка Яна Унароўскага.
Ксёндз Ян, якому сёлета споўніўся 91 год, служыў спачатку ў Ломжынскай дыяцэзіі, а пазней, у 2000-2008 гг., у Гродзенскай — у катэдры святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне, затым быў пробашчам парафій Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы і Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Перстуні (Сапоцкінскі дэканат). Ён у значнай меры прычыніўся да развіцця на Гродзеншчыне культу благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай: у Навумавіцкім лесе, дзе благаслаўлёная загінула ў час Вялікай Айчыннай вайны сярод іншых жыхароў Гродна і Ліпска, у гадавіну яе смерці дзякуючы яго старанням стала цэлебравацца Імша.
Літургію з нагоды юбілею святарства ксяндза Яна цэлебраваў біскуп Ломжынскі Януш Стапноўскі. У ёй удзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп эмерыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары з Гродзеншчыны, жыццё якіх тым ці іншым чынам было звязана з юбілярам.
Арцыбіскуп ад імя беларускага каталіцкага епіскапату выказаў юбіляру падзяку за ахвярнае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў ксяндзу Яну доўгіх гадоў жыцця і шчодрых Божых дароў.
Акрамя таго, юбіляру даслаў ліст біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У лісце іерарх таксама піша пра яго ахвярнае служэнне на Гродзеншчыне і дзякуе яму за тую частку жыцця, якую ксёндз Ян ахвяраваў вернікам гэтай дыяцэзіі.





















