Пошук

16.11.2026 12:55   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Аляксандра Шчыглінская, Вольга Сяліцкая / Catholic.by

14 лістапада ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адбылася цырымонія заканчэння Першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі, які быў скліканы ў 2017 годзе біскупам Аляксандрам Кашкевічам і праходзіў пад дэвізам «Жыць Евангеллем».

Мэтай Сіноду было вызначыць аблічча мясцовага Касцёла і садзейнічаць узрастанню яго супольнасці ў веры і любові. У гэтым кансультатыўным сходзе ўдзельнічалі святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі дыяцэзіі, у яго межах дзейнічалі шаснаццаць камісій і дзве падкамісіі.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй запрасіў на цырымонію ўсіх вернікаў дыяцэзіі, святароў і кансэкраваных асобаў. На запрашэнне адказалі многія, катэдра была напоўнена. Сярод прысутных былі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа і сакратар нунцыятуры ксёндз Чарльз Луанга Ссуна, старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, выкладчыкі і навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі і Тэалагічнага каледжа святога Казіміра ў Гродне, прадстаўнікі Праваслаўнай і Евангелічна-Лютэранскай Цэркваў, свецкіх уладаў.

У пачатку цырымоніі біскуп Гродзенскі падпісаў дэкрэт аб афіцыйным заканчэнні Сіноду.

Генеральны сакратар Сіноду ксёндз канонік Антоні Грэмза распавёў прысутным пра яго дзейнасць, адзначыў, што ў яе ўключылася шмат духоўных і свецкіх асобаў, удзельнічаючы ў апытаннях, выказваючы прапановы і заўвагі. Ксёндз Антоні расказаў аб працы кожнай з сінадальных камісій, іх ідэях і прапановах, якія знайшлі адлюстраванне ў выдадзеных «Статутах Першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі».

«Сінод прынёс канкрэтныя плёны»

Ініцыятар склікання Сіноду біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў: «Ужо сёння мы можам канстатаваць, што Сінод прынёс канкрэтныя, адчувальныя плёны ў выглядзе распрацаваных прававых нормаў і рашэнняў, дастасаваных да сітуацыі і патрэбаў нашага мясцовага Касцёла. Сінод споўніў свае задачы, і гэты факт схіляе нас да ўдзячнасці Богу і з’яўляецца падставай асабістага задавальнення».

Іерарх падзякаваў свайму наступніку біскупу Уладзіміру Гуляю за тое, што ўзяў на сябе і давёў да канца працу Сіноду, падзякаваў генеральнаму сакратару, членам камісій і ўсім, хто ўдзельнічаў у яго дзейнасці.

Затым адбылася Імша падзякі Богу за дар Сіноду, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі.

«Час выйсці за межы і дзяліцца атрыманымі дарамі»

У пачатку літургіі да прысутных звярнуўся Апостальскі нунцый.

«Сінод адбыўся ў асабліва значны момант, — падкрэсліў нунцый. — Ён быў скліканы не для таго, каб проста адзначыць ужо дасягнутае ці стварыць дакументы для архіваў.

Дыяцэзіяльны Сінод не з’яўляецца толькі сходам, пакліканым разважаць пра сучаснасць або планаваць будучыню. Гэта час слухання, малітвы і касцёльнага распазнавання, у якім Божы народ, з’яднаны са сваім пастырам, імкнецца больш выразна распазнаць волю Пана адносна жыцця і місіі Касцёла. Ён нараджаецца з усведамлення таго, што Касцёл належыць Хрысту, і з упэўненасці, што Дух Святы працягвае падтрымліваць і весці яго праз выклікі і магчымасці любога часу».

«Слова “сінод” азначае “ісці разам”, — дадаў нунцый. — Аднак сумесны шлях – не столькі арганізацыйны метад, колькі глыбока евангельская рэчаіснасць. Вучні ідуць разам таму, што ідуць за Хрыстом. (…) Таму першая задача кожнага сапраўды сінадальнага шляху — дапамагчы вернікам зноў паставіць Хрыста ў цэнтр свайго жыцця».

«Кожнае сапраўднае хрысціянскае сведчанне ў штодзённым жыцці спрыяе місіі Касцёла і робіць Хрыста прысутным у канкрэтных рэаліях грамадства. У гэтым сэнсе Сінод можна разглядаць не як пункт прыбыцця, а як пункт адпраўлення. Ён завяршае этап слухання і распазнання, але адкрывае новы перыяд касцёльнай суадказнасці. Усе мы пакліканыя ўдзельнічаць у гэтай місіі, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Цяпер Пан просіць Гродзенскую дыяцэзію выйсці за ўласныя межы і дзяліцца атрыманымі дарамі з іншымі».

«Тэарэтычны этап Сіноду за намі, наперадзе рэалізацыя»

У гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй назваў гэты Сінод «падзеяй шматвымернай, якая мае вялікае гістарычнае, грамадскае і культурнае значэнне».

«Сінод — сумесны шлях, якім мы ідзём разам як адна супольнасць мясцовага Касцёла, — сказаў біскуп. — Не ігнаруючы адрозненняў паміж духавенствам, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі ў місіі, якую яны павінны спаўняць у Касцёле, і ў спосабах рэалізацыі іх паклікання, мы ўсвядомілі, што ўсе мы, хто ўтварае адну сям’ю дыяцэзіяльнага Касцёла, дапаўняем адзін аднаго, узбагачаем, з’яўляемся адзін для аднаго дарам і выклікам, нясём адзін за аднаго адказнасць».

«У сэрцы нараджаецца жаданне дзякаваць Богу за тое, што наш мясцовы Касцёл праявіў немалую адвагу і сталасць, каб стаць на шлях сінадальнасці. Мы пазбеглі спакусы, перад якой нас перасцерагаў Папа Францішак: з-за страху невядомага схавацца за адгаворкамі тыпу “не трэба” i “мы заўсёды рабілі гэта так” (10.10.2021), — адзначыў біскуп. — Гэтая адвага глядзець наперад і шукаць новыя кірункі рэалізацыі сваёй місіі ў зменлівым дынамічным свеце зусім не азначае парывання з традыцыяй ці духоўным набыткам папярэдніх пакаленняў. (…) Недаацэньванне такога цудоўнага скарбу традыцыі або парыванне з ім было б падобным да падпільвання каранёў».

«Мы святкуем заканчэнне Сіноду, але на самой справе толькі распачынаем яго, — падкрэсліў іерарх. — За намі першы этап, больш “тэарэтычны”, які засноўваўся на перыядычных сустрэчах сінадальных камісій і працы па наданні пастановам Сіноду формы прававых актаў. Перад намі “практычны” этап, які засноўваецца на рэалізацыі Сіноду, значыць яго ўвасабленні ў жыццё, дзякуючы чаму мы як супольнасць дыяцэзіяльнага Касцёла яшчэ больш будзем “жыць Евангеллем”, згодна з сінадальным дэвізам».

У канцы літургіі біскуп уручыў дэканам усіх дэканатаў дыяцэзіі і прадстаўнікам вернікаў статуты Сіноду, каб з імі можна было знаёміцца ў парафіях.

«Пасля Сіноду пачынаецца сумеснае дзеянне»

Звяртаючыся да прысутных ад імя епіскапату, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі, назваў заканчэнне Сіноду «сапраўдным адкрыццём новай старонкі ў гісторыі Касцёла на Гродзеншчыне». «Святы Айцец Францішак, тлумачачы сутнасць Сіноду Біскупаў у Ватыкане, часта паўтараў: “Сінод — не парламент, дзе галасуюць за большасць, гэта прастора, дзе дзейнічае Святы Дух”. Вы сабраліся менавіта дзеля таго, каб пачуць голас Святога Духа, і сёння мы бачым, як гэты голас ператвараецца ў канкрэтныя рашэнні для вашай супольнасці, — сказаў арцыбіскуп тым, хто ўдзельнічаў у дзейнасці Сіноду. — Ваш сінадальны шлях стаў адлюстраваннем таго вялікага закліку да супольнасці, удзелу і місіі, з якім жыве зараз увесь Каталіцкі Касцёл».

Арцыбіскуп дадаў, што на плечы сённяшняга пастыра Гродзенскай дыяцэзіі кладзецца «адказная місія — перанесці напісанае на паперы ў рэальнае жыццё парафій, у сэрцы вернікаў». «Словамі Яна Паўла ІІ хачу паўтарыць: “Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!” — менавіта з такой адвагай Вы будзеце весці Касцёл на Гродзеншчыне наперад, увасабляючы сінадальныя пастановы ў жыццё», — сказаў іерарх, звяртаючыся да біскупа Гродзенскага.

«Чаму пастановы гэтага Сіноду такія важныя для Касцёла на Гродзеншчыне? Калісьці я меў магчымасць сказаць гэта і паўтару сёння: “Сінод — не кропка ў гісторыі, а двукроп’е, пасля якога пачынаецца сумеснае дзеянне — адзінства ў разнастайнасці”. Прынятыя пастановы вызначылі кірунак катэхізацыі, літургічнага жыцця, працы з моладдзю і сужэнствамі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Яны дапамогуць быць Касцёлам блізкім, чулым і адкрытым», — патлумачыў арцыбіскуп.

У канцы цырымоніі біскуп Гродзенскі падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у працы Сіноду, рыхтаваў да выдання яго дакументы, браў удзел у апытаннях, дасылаў лісты, падтрымліваў дзейнасць Сіноду малітвай і ахвярай.

«Сінод, бясспрэчна, духоўна ўзбагаціць наш малады Касцёл на Гродзеншчыне і зробіць яго місію яшчэ больш паспяховай», — падкрэсліў біскуп Уладзімір Гуляй.

Абноўлена 16.11.2026 13:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.