Пошук


19 мая на Імшы ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя дзякавалі Богу за дар паклікання і служэння святары, якія 25 гадоў таму прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне.

Прысутнічалі юбіляры з розных беларускіх дыяцэзій, якія скончылі Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, у тым ліку біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Таксама ў літургіі ўдзельнічалі свецкія вернікі, якія такім чынам мелі магчымасць падтрымаць юбіляраў і падзякаваць ім сваёй прысутнасцю за служэнне Богу і людзям.

Цэлебраваў Імшу першы ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, які 25 гадоў таму, у 2001 годзе, удзяліў святарам з Гродзеншчыны пасвячэнне.

Біскуп Уладзімір Гуляй, цяперашні пастыр дыяцэзіі, у гаміліі назваў гэтую літургію «духоўным вяртаннем да вытокаў паклікання, да таго дня, калі Хрыстус паклаў сваю руку на сэрца чалавека і сказаў яму: «Ідзі за Мною», а чалавек, пакідаючы ўласныя планы, уласныя мары і чалавечыя ўпэўненасці, вырашыў даверыць усё Богу».

Біскуп падкрэсліў, што ўся праўда пра святарства заключаецца ў слове «служэнне»:

«Святарства ніколі не было і не будзе шляхам чалавечай кар’еры, спосабам дасягнення асабістай выгоды ці пошуку самога сябе. Святарства — гэта дар і таямніца, жыццё, у якім чалавек ужо належыць не самому сабе, а Хрысту і Касцёлу».

«Пасля дваццаці пяці гадоў вы можаце сказаць: Бог быў верны, — адзначыў іерарх, звяртаючыся да юбіляраў. — Магчыма, былі хвіліны, калі цяжар святарскага крыжа здаваўся занадта вялікім. Але праз усё гэта Хрыстус ішоў побач. І таму сённяшні юбілей — гэта перадусім юбілей Божай вернасці».

«Веліч святарскага жыцця не вымяраецца колькасцю пабудаваных будынкаў, не колькасцю арганізаваных мерапрыемстваў і нават не чалавечымі поспехамі. Сапраўдная веліч святарства вымяраецца вернасцю Божай волі. Святар павінен быць чалавекам, які шукае не сваёй славы, а Божай, патлумачыў біскуп. Касцёл дзякуе вам за вашу вернасць за ўсе гэтыя гады, калі вы былі побач з людзьмі ў найважнейшыя моманты іх жыцця».

Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, які праходзіць цяпер, іерарх назваў «часам разважання пра тое, якім павінен быць Касцёл сёння, якім павінна быць нашае сведчанне веры ў сучасным свеце», і дадаў, што «менавіта святары павінны быць першымі людзьмі сінадальнага духу людзьмі не ўлады і дыстанцыі, а сустрэчы, слухання, адзінства і супольнага шляху».

«Святар павінен умець быць побач з чалавекам. Не над чалавекам – але побач. Павінен умець слухаць не толькі словамі, але сэрцам. Павінен умець несці ў сабе пакуты людзей і разам з тым ніколі не губляць надзеі»,

звярнуў увагу пастыр дыяцэзіі.

Кажучы пра перэгрынацыю абраза Маці Божай Міласэрнасці, якая праходзіць у дыяцэзіі, біскуп заўважыў, што без Панны Марыі «няма сапраўднага святарства», Яна «вучыць святара цішыні, пакоры, вернасці і здольнасці цалкам давяраць Богу нават тады, калі па-чалавечы немагчыма ўсё зразумець»: «Колькі разоў у сваім святарскім жыцці вы, дарагія юбіляры, напэўна, аддавалі сваё служэнне ў рукі Маці Божай».

Па словах біскупа, гэты юбілей нагода для святароў зрабіць рахунак сумлення перад Богам, падумаўшы над пытаннямі: «Ці сапраўды Хрыстус застаўся на першым месцы? Ці не аслабла любоў да малітвы? Ці не стала служэнне толькі абавязкам? Ці не стамілася сэрца? Ці ёсць яшчэ ўнутраны агонь паклікання?» «Але сёння Хрыстус не прыходзіць, каб асудзіць. Ён прыходзіць, каб яшчэ раз сказаць: «Не бойся. Я з Табой». Бо святарства трымаецца не толькі на чалавечых сілах, але на Божай ласцы», дадаў іерарх.

Таксама ён назваў гэты юбілей нагодай памаліцца за ўсіх святароў дыяцэзіі і тых святароў, хто адышоў у вечнасць, аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця, бо «свету сёння вельмі патрэбны святары сапраўдныя — людзі малітвы, веры, чыстага сэрца, якія будуць несці свету не сябе, а Хрыста».

«Святар ніколі не можа ісці сам. Святару патрэбная малітва людзей. Таму сёння прашу вас: маліцеся за сваіх святароў. Не толькі тады, калі яны памыляюцца ці калі вам цяжка іх зразумець. Маліцеся за іх кожны дзень», заклікаў біскуп вернікаў, а юбілярам пажадаў, каб Хрыстус, Вечны і Найвышэйшы Святар, працягваў быць іх сілай, а Дух Святы аднаўляў у іх радасць паклікання.

У канцы літургіі віцэ-канцлер біскупскай курыі ў Гродне ксёндз канонік Антоні Грэмза ад імя ўсіх юбіляраў выказаў падзяку прысутным.

Абноўлена 21.05.2026 23:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця