
31 мая ў магілёўскай катэдры адбылася святая Імша з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Разам з іерархам маліліся святары, законныя сёстры і некалькі сотняў вернікаў. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі прайшлі агульнамагілёўскай працэсіяй Божага Цела вакол катэдры. Урачыстасць была падрыхтаваная пробашчам катэдры ксяндзом Уладзімірам Русаком.
Святую Імшу біскуп цэлебраваў з асаблівай інтэнцыяй — аб новых пакліканнях да святарства і манаства з магілёўскай зямлі, каб Пан узбудзіў у сэрцах вернікаў жаданне служыць Яму пры алтары і каб Касцёлу заўсёды хапала верных слуг Эўхарыстыі.
Падчас прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў, што супольнае святкаванне двух вялікіх падзей — урачыстасці Найсвяцейшай Тройцы і працэсіі Божага Цела — становіцца асаблівым сведчаннем веры магілёўскай зямлі. «Гэта дзень, калі Бог адкрывае нам сваё аблічча і сваю блізкасць, а мы — адкрываем свету, каму належым і каго нясём у сваіх сэрцах», — сказаў ён.
Разважаючы над першым чытаннем з кніга Зыходу, біскуп нагадаў пра Майсея, які ўзыходзіць на гару Сінай «з пустымі рукамі, але з поўным сэрцам». Бог аб’яўляе сябе як «міласэрны, літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы» (Зых 34, 6). Прамоўца падкрэсліў, што шлях да Божай міласэрнасці пачынаецца са шчырасці: «Майсей не хавае граху народа. Ён кажа адкрыта: “Народ гэты цвёрдага карку”. І менавіта ў праўдзе адкрываецца шлях да Божай міласэрнасці».
«Так і ў нашых сем’ях: Бог не патрабуе ідэальнасці — Ён патрабуе праўды і адкрытасці. Там, дзе гучыць слова “прабач”, Бог будуе новае»,
— дадаў іерарх.
Асобны фрагмент гаміліі біскуп Яшэўскі прысвяціў моладзі: «Бог, які называе сябе доўгацярплівым і шматміласцівым, — гэта Бог, які верыць у вас. Ён не глядзіць на тое, кім вы былі ўчора — Ён бачыць, кім вы можаце стаць заўтра». Ён нагадаў словы святога Яна Боско: «Дастаткова, каб вы былі маладымі — і я ўжо люблю вас».
Разважаючы над Евангеллем (Ян 3, 16–17), іерарх нагадаў, што Бог паслаў Сына не для асуджэння, але для збаўлення: «І сёння, калі мы будзем несці Найсвяцейшы Сакрамэнт па вуліцах нашага горада, мы будзем несці менавіта гэтую праўду: Бог не асуджае Магілёў. Бог благаслаўляе Магілёў. Бог ідзе па нашых вуліцах, каб быць блізка да кожнага чалавека».
«Эўхарыстыя — гэта не сімвал. Гэта Бог, які ўваходзіць у нашы раны і робіць іх месцам ласкі»,
— падкрэсліў пастыр магілёўскай часткі архідыяцэзіі.
Пасля Імшы вернікі разам з Эўхарыстычным Панам выйшлі з катэдры і прайшлі агульнамагілёўскай працэсіяй. На чатырох алтарах былі прачытаныя фрагменты Евангелля, а горад і ўся Магілёўшчына былі благаслаўлёныя Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Першую стацыю працэсіі падрыхтавала катэдральная парафія на чале з ксяндзом Уладзімірам Русаком. У разважанні пробашч нагадаў словы Езуса, які пасылае вучняў «да пэўнага чалавека», каб у ягоным доме зрабіць пасху.
Святар падкрэсліў, што Евангелле свядома не называе імя гэтага чалавека, бо ім можа быць кожны, каго ведае і каму давярае Хрыстус.
«Сёння гэты чалавек стаіць на пляцы каля катэдры. Сёння ён носіць імя Іван, Марыя, Мікіта, Соф’я… Сёння гэты чалавек — кожны з нас», — адзначыў ксёндз Русак. Ён дадаў, што Хрыстус і сёння звяртаецца да чалавека з асабістым запрашэннем: «У тваім сэрцы Я хачу перажыць пасху — трываць з табою ў тваёй пустыні і прывесці да крыніцы, дзе Найдаражэйшая Кроў абмывае, а Найсвяцейшае Цела наталяе».
Другі алтар быў падрыхтаваны парафіяй святога Антонія. Айцец Віталій Чабатар CMF у духу харызмы свайго заснавальніка засяродзіў увагу на місіянерстве і хрысціянскім сведчанні. Разважаючы над словамі Езуса: «Вы дайце ім есці», святар падкрэсліў, што Хрыстус давярае сваім вучням удзел у Яго місіі і заклікае кожнага хрысціяніна адказваць на патрэбы бліжніх канкрэтнымі ўчынкамі любові.
«Езус хоча, каб мы не заставаліся назіральнікамі, але станавіліся тымі, хто нясе падтрымку і дабрыню. І рабіць гэта можна ўсюды — дома, на працы, у вучобе, у штодзённых сустрэчах. Кожны з нас можа стаць тым, хто “дае есці” — праз слова, малітву і служэнне»,
— адзначыў айцец Віталій.
Трэці алтар быў падрыхтаваны парафіямі святога Казіміра і святой Ядвігі. Вікарый катэдральнай парафіі ксёндз Аляксандр Улас нагадаў, што ўрачыстасць Божага Цела звяртае ўвагу вернікаў на цэнтральную таямніцу веры — Эўхарыстыю, «крыніцу і вяршыню хрысціянскага жыцця».
Святар падкрэсліў, што ў Эўхарыстыі прысутнічае сам Хрыстус, а кожная святая Імша робіць Ахвяру Крыжа актуальнай у жыцці Касцёла. Таму алтар становіцца для вернікаў сакрамэнтальнай Галготай, дзе Бог адкрывае сваю любоў.
Ксёндз Аляксандр дадаў, што Эўхарыстыя — гэта таксама сакрамэнт еднасці: праз Камунію чалавек прыпадабняецца да Хрыста і атрымлівае «задатак будучай хвалы». Працэсія Божага Цела — гэта публічнае вызнанне веры ў таго, хто застаецца з намі «аж да сканчэння вякоў».
Чацвёрты алтар быў падрыхтаваны грэка-каталіцкай парафіяй Маці Божай Бялыніцкай. Падчас разважання пробашч айцец Васіль Ягораў засяродзіў увагу на вернасці Эўхарыстыі і неабходнасці захоўваць чыстасць веры ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
«Перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам мы пакліканыя да стойкасці і яснасці веры. Эўхарыстыя — гэта не знак, але сам Хрыстус, які прыходзіць да нас у пакоры хлеба. Таму наш абавязак — прымаць Яго і бараніць гэтую праўду ад сумневаў»,
— адзначыў святар.
Айцец Васіль дадаў, што сведчанне веры пачынаецца з унутранай вернасці Богу ў малітве і штодзённым жыцці. Працэсія Божага Цела нагадвае, што Пан ідзе разам са сваім народам і не пакідае яго ні ў радасці, ні ў выпрабаваннях.
На завяршэнне біскуп Аляксандр выказаў удзячнасць усім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі ўрачыстасці і працэсіі: святарам, законным сёстрам, парафіяльным супольнасцям, моладзі, дзецям, хору, валанцёрам і ўсім, хто сваім служэннем і прысутнасцю ўзмацніў прыгажосць гэтага дня.
«Найсвяцейшая Тройца, благаславі наш горад, нашу вобласць і кожнае сэрца, якое сёння адкрываецца Табе. Няхай Эўхарыстычны Езус, які прайшоў у працэсіі (...), пройдзе таксама па нашых душах і зробіць іх сваёй жывой святыняй. І сёння мы неслі Яго, каб Ён благаславіў: нашых дзяцей і моладзь, нашых старэйшых, нашых хворых, нашыя сем’і, нашых святароў і кансэкраваных асоб, нашага губернатара і ўсіх прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, наш горад і ўсю магілёўскую зямлю».













































