Пошук

01.06.2026 19:37   Фота: Кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

31 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую святую Імшу ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), дзе служэнне нясуць айцы кармэліты босыя.

Напачатку святой Імшы, пасля цёплых слоў прывітання ад пробашча парафіі і кусташа санктуарыя айца Аркадзя Куляхі OCD, наймалодшыя прадстаўнікі супольнасці вернікаў — дзеці — павіншавалі дастойнага госця з юбілеем 45-годдзя святарскага пасвячэння, якое ён адзначаў у гэты дзень.

У гаміліі ён падкрэсліў, што мы праслаўляем аднаго Бога ў Трох Асобах — Бога Айца, Бога Сына і Бога Духа Святога. «Адзін Бог, але кожная Асоба таксама Бог. Ці магчыма, каб адзін раўналася тром? Гэта абсурд для чалавечага розуму, але не для Бога. Яго думкі не нашыя, і нашыя думкі не Яго».

Для лепшага зразумення прыроды Найсвяцейшай Тройцы арцыбіскуп запрапанаваў прыклад канюшыны з трайным лістом. Кожны яго пялёстак розны, але адначасова кожны з’яўляецца канюшынай.

«Чалавечы розум не можа да канца зразумець таямніцу Найсвяцейшай Тройцы. Мы павінны яе прыняць як аб’яўленую Богам праўду нашай веры», — сказаў арцыпастыр.

У гэты дзень гудагайская парафія таксама адзначала адпуст Адведзінаў Марыяй святой Альжбеты.

У сувязі з гэтым дастойны іерарх падкрэсліў, што падобна таму, як Марыя ў адказ на прывітанне Альжбеты праспявала свой славуты гімн Magnificat, таксама і мы павінны яго паўтараць, бо нам і нашай Бацькаўшчыне Бог учыніў вялікія рэчы: пасля трох пакаленяў ганенняў на веру мы атрымалі свабоду веравызнання, якую нашыя продкі доўга чакалі.

Іерарх таксама адзначыў, што хоча паўтараць гэты гімн, бо ў гэтым годзе ён адзначае 80-годдзе з дня свайго нараджэння, а менавіта ў гэты дзень 45-ю гадавіну святарскага пасвячэння.

«Кожная круглая дата — гэта стасоўны момант вярнуцца да крыніцы паклікання, якой ёсць Езус Хрыстус. Гэта добрая нагода дзякаваць Богу за дар паклікання і служэння, прасіць прабачэння за недахопы ў служэнні і Божай дапамогі на далейшае служэнне»,

— канстатаваў арцыбіскуп Тадэвуш.

Іерарх падкрэсліў, што гудагайскі санктуарый займае асаблівае месца на рэлігійнай мапе Беларусі. У ім мы дакранаемся да глыбіні веры нашага народа і яе абнаўляем, што з'яўляецца выклікам ў часы «цунамі» крызісу веры. Аб ім сведчыць рэлігійная абыякавасць і тэндэнцыя змяняць Божы закон у адпаведнасці з секулярнымі выклікамі сучаснасці. У выніку гэтага чалавек дэтранізуе Бога і сам займае Яго месца.

«У выніку мы перажываем крызіс сям'і як падмурку кожнага грамадства. Ускладняецца дэмаграфічная сітуацыя. Назіраецца маральная дэградацыя чалавека, асабліва моладзі, якая жыве, быццам Бог не існуе. Нездаровай з'яўляецца тэндэнцыя ўзбагачэння любым коштам і карупцыя. Як дражджавое цеста расце эгаізм і геданізм, якія разбураюць міжасабовыя адносіны. У многіх частках свету адбываюцца ўзброеныя канфлікты, гінуць нявінныя людзі, разбураюцца гарады і вёскі. Час ад часу адбываюцца акты вандалізму ў месцах рэлігійнага культу і абражаюцца рэлігійныя пачуцці вернікаў. Штучны інтэлект з яго пазітыўнымі элементамі крые ў сабе шмат пагроз і вядзе да дэгуманізацыі створанага па вобразу і падабенству Божаму чалавека», — папярэдзіў арцыпастыр.

Прычына ўсяго гэтага, паводле папы Францішка, крыецца ў ідэалогіях і культурных тэндэнцыях суб'ектыўнай праўды, у якіх няма месца для Бога; у камфортным ладзе жыцця без Божых запаведзяў і маральных прадпісанняў; у ідалапакланенні матэрыяльным каштоўнасцям.

«Мы не можам быць абыякавымі да крызісу веры і заплюшчваць на яго вочы. Нельга глядзець на сумную рэальнасць сучаснасці, быццам нічога не адбываецца. Маўчанне з'яўляецца згодай са злом і здрадай Бога. Выслоўе "мая хата з краю" непрымальная ў маральных справах. Таму неабходна супрацьстаяць усяму таму, што вядзе да грахоўнага зняволення. Мы можам быць свабоднымі толькі ў Езусе Хрысце!»

— сказаў арцыбіскуп Тадэвуш.

Па яго словах, збаўленне магчыма толькі праз веру. Таму неабходна яе аднавіць і вярнуцца да Бога. «Бог у Хрысце любіць нас і хоча дапамагчы, але Яму патрэбна наша супрацоўніцтва. Ён паважае нашу свабоду і наш выбар. Калі мы выбіраем зло, то асуджаем Яго на крыж і пакуты. Калі адкрываемся Яму, то Ён становіцца нашай сілай і благаслаўляе нас».

«Марыя як прыклад веры дапамагае нам у гэтым працэсе, — працягваў прамоўца. —Сваю веру Яна выказала падчас Звеставання згодай з Божай воляй, потым пацвердзіла на Галгоце, калі стаяла пад крыжам і суцярпела разам са сваім Сынам. Марыя сёння прысутнічае на нашай зямлі і абвяшчае сваю веру. Яна наведвае нас, як наведала Альжбету. Нясе нам Езуса і Ягоную ласку, як прынесла яе ў дом Захарыі і Альжбеты. Яна — наша духоўная Маці, якая ніколі не пакідае нас з нашымі праблемамі і заўсёды спяшаецца за Ёй і разважаць над яе непахіснай верай».

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў заклікам:

«Дарагія шанавальнікі Гудагайскай Божай Маці! Бог выбраў Марыю, каб праз яе ажыццявіць таямніцу Богаўцелаўлення, як пачатак рэалізацыі плану збаўлення чалавека. Бог выбраў нас і паставіў на нашай зямлі, каб мы збераглі веру падчас вельмі небяспечных выклікаў секулярызацыі, дэхрысціянізацыі і амаральнасці. Бог выбраў Гудагай, як месца асаблівага культу Марыі, якая сваімі адведзінамі Альжбеты прынесла ў яе дом Божую ласку. Марыя, абранніца Бога Айца, Маці Збаўцы — Езуса Хрыста, святыня Духа Святога! Ты прамянямі Божай ласкі свеціш у Гудагайскім санктуарыі. Вядзі нас да адзінага ў Тройцы Бога, каб мы былі моцнымі сваёй верай і сталі радасцю і надзеяй Касцёла і нашай Айчыны».

Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і спяваная Літанія да Маці Божай сталіся працягам супольнай малітвы. Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла, гімнам праслаўлення і пастырскім благаслаўленнем.

Абноўлена 01.06.2026 20:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця