Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Распараджэнне адносна правядзення Навэнны да Маці Божай Фацімскай з нагоды 110-годдзя аб'яўленняў у Фаціме, з заахвочваннем для ўсіх, хто належыць да Мінска-Магілёўскай мітраполіі, далучыцца да супольнай малітвы.
РАСПАРАДЖЭННЕ
МІТРАПАЛІТА МІНСКА-МАГІЛЁЎСКАГА
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Вашы Эксцэленцыі, паважаныя прэзбітэры, кансэкраваныя асобы, любыя вернікі Мінска-Магілёўскай мітраполіі!
Пастырская праграма на 2027 год, згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ад 18 верасня 2026 г., прысвечана 110-годдзю аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Дэвіз распачатага года «Фаціма — знак надзеі для сучаснасці». У сувязі з гэтым у Каталіцкім Касцёле ў нашай Айчыне 3 кастрычніка 2026 года распачынаецца Навэнна да Маці Божай Фацімскай, якая працягнецца да 5 чэрвеня 2027 года і завершыцца 2-3 ліпеня ў Будславе асаблівай малітвай аб спакоі ва ўсім свеце праз Беззаганнае Сэрца Марыі (тэкст Паслання Мітрапаліта ТУТ>>>).
У кожную першую суботу месяца заахвочваем усіх да пілігрымак у Духоўны цэнтр Каталіцкага Касцёла на Беларусі — Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе, у Марыйныя санктуарыі нашай краіны ў Бялынічах, Тракелях, Барунах, Капцёўцы, Гудагаі, Браславе, Гродне, Лагішыне, Брэсце, Шчучыне а таксама ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, Шуміліне, Баранавічах, парафіі Грэка-каталіцкай Царквы ў Гродне. Адметнасцю гэтай Навэнны стане ўдзел усіх пілігрымаў у Фацімскіх набажэнствах да Беззаганнага Сэрца Марыі.
Таксама настойліва просім праводзіць Фацімскія набажэнствы ў кожнай парафіі, каб гэта стала добрай традыцыяй ва ўсім нашым мясцовым Касцёле. У тых парафіях, дзе няма магчымасці праводзіць набажэнствы ў першую суботу, можна праводзіць іх у іншы дзень, прыдатны з душпастырскіх меркаванняў, напрыклад, у нядзелю пасля першай суботы.
«Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і тваёй дарогай, якая прывядзе цябе да Бога», — запэўніла Марыя дзесяцігадовую Люцыю 13 чэрвеня 1917 года. Такім чынам, праз набажэнства першых суботаў месяца мы вучымся ў Марыі любові. Усё залежыць ад паставы нашых сэрцаў. Сама сястра Люцыя тлумачыць гэта так у сваіх «Успамінах»: «Устанавіць набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі ў свеце, — піша яна, — азначае прывесці людзей да цалкавітага навяртання, адданасці, глыбокай пашане і любові». Калі Люцыя пісала гэтыя словы, яна была перакананая, што праз набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі сам Творца Неба і Зямлі працягвае руку дапамогі чалавеку. Таму з вялікай прастатой Марыя вучыла ўсіх, хто сумняваўся ў сэнсе гэтага набажэнства, што «Бог — наш Айцец і Ён лепш за нас разумее патрэбы сваіх дзяцей. Такім чынам Бог жадае палегчыць нам шлях да Сябе».
Тэксты набажэнстваў на паасобныя першыя суботы, падрыхтаваныя выдавецтвам «Про Хрысто», будуць змяшчацца ў часопісе «Ave Maria», а таксама на інтэрнэт-старонках: сatholic.by, catholicminsk.by, ave-maria.by.
Заахвочваю біскупаў, прэзбітэраў, кансэкраваных асобаў, рэлігійныя супольнасці і рухі, любую моладзь і вернікаў не толькі актыўна ўдзельнічаць у Навэнне, але і распаўсюджваць набажэнства першых суботаў месяца, каб, як неаднаразова прасіла Маці Божая ў Фаціме, перапрашаць за грахі і знявагі адносна Яе Беззаганнага Сэрца.
Дарагія браты і сёстры! Шчыра запрашаю ўсіх да ўдзелу ў гэтай малітоўна-духоўнай падзеі. Праз набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі будзем дзякаваць Богу за Яго літасць да свету і да нашай Айчыны, да ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс нашых сем’яў, нашай моладзі і лёс кожнага чалавека.
Пачатак і канец шляху, які вядзе праз Сэрца Марыі, знаходзяцца ў Богу.
Менавіта Бог першым стукае ў Сэрца Марыі і просіць Яе стаць Маці Яго Сына. Менавіта Бог прагне ўстанавіць на ўсім свеце набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі як ратунак для чалавецтва і грэшнікаў. Менавіта Езус прагне, каб Яго Маці ведалі і любілі. Таксама Божая воля заключаецца ў тым, каб усе тыя, хто выбірае шлях, які вядзе праз Беззаганнае Сэрца, дасягнулі збаўлення.
«Заглыбляючыся ў сутнасць Фацімскага паслання, нам трэба зразумець глыбіню гэтага шляху; каб мы не разглядалі Пасланне Багародзіцы як шлях толькі Марыйнай пабожнасці, але і заўважалі непарыўную сувязь паміж Сэрцам Езуса і Сэрцам Марыі. Бо сапраўдная Марыйная пабожнасць нараджаецца ў Сэрцы Бога і вядзе нас да Бога, не засяроджваючы нас выключна на асобе Марыі» (кс. К. Чапля SAC, дырэктар Фацімскага сакратарыяту).
На плённы ўдзел ў Навэнне да Маці Божай Фацімскай і набажэнстве першых суботаў шчырым сэрцам благаслаўляю
У імя Айца + і Сына, + і Духа Святога. + Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі







