Пошук

19.09.2024 12:44   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

У нядзелю 15 верасня адбылася пешая пілігрымка з гродзенскай парафіі Святога Духа на Узгорак надзеі ў Капцёўцы (дэканат Гродна-Захад), у санктуарый Маці Божай Яснагорскай, Суцяшальніцы засмучаных.

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, пілігрымка па традыцыі здзяйснялася з нагоды новага навучальнага і катэхетычнага года, каб папрасіць Маці Божую аб благаслаўленні на новы перыяд інтэлектуальнай працы і прынесці Ёй свае інтэнцыі.

У пілігрымцы ўдзельнічала амаль 200 чалавек: дзеці, моладзь і дарослыя, вучні, студэнты і настаўнікі з розных гродзенскіх парафій, а таксама студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Пілігрымка распачалася агульнай малітвай у капліцы парафіі Святога Духа (Альшанка). Пробашч парафіі ксёндз канонік Павел Салабуда благаславіў пілігрымаў у добры і плённы шлях.

У пілігрымцы ўдзельнікі маглі пазнаёміцца паміж сабою, а таксама прыступіць да споведзі, паспяваць песні, якія дапамагалі ім не стаміцца ў дарозе, і памаліцца ў сваіх інтэнцыях.

У Капцёўцы пілігрымаў прывітаў і акрапіў святой вадой кусташ санктуарыя ксёндз Міхал Ластоўскі. У прамоўленай на святой Імшы гаміліі святар засяродзіўся на ролі Нябеснай Маці ў жыцці чалавека ў кантэксце Яе сямі балесцяў.

Напрыканцы літургіі адбылося благаслаўленне школьных прыладаў.

Пасля Імшы ўдзельнікаў пілігрымкі чакалі забавы, абед і танцы.

 

Абноўлена 19.09.2024 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа