Пошук

16.06.2025 19:46   Паводле: grodnensis.by

1 чэрвеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста адзначылі заканчэнне чарговага, 35-а навучальнага года.

Паводле інфармацыі інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by, у капліцы семінарыі адбылася з гэтай нагоды святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У ёй удзельнічалі студэнты, выкладчыкі, выхаваўцы і свецкія супрацоўнікі семінарыі.

У гаміліі пастыр дыяцэзіі засяродзіў увагу на асобе апостала Барнабы, чый успамін адзначаўся ў гэты дзень. Ён сказаў, што Барнаба быў «чалавекам Касцёла», «дзейнічаў не паводле ўласных планаў, а ў паслухмянасці Духу Святому і супольнасці», і што гэта ўрок для семінарыстаў: «Святарства не “мой уласны праект”, а адказ на Божае пакліканне, распазнанае і пацверджанае Касцёлам».

«Барнаба быў пасланы. Не сам сябе прызначыў, не шукаў улады, а прыняў волю Касцёла», — адзначыў іерарх. Па яго словах, у семінарыі вучаць «быць вучнем Езуса, бо толькі вучань можа быць добрым пастырам», і «семінарыст, які думае, што ўжо ўсё ведае, — яшчэ не гатовы да святарства; гатовы той, хто разумее, што яшчэ шмат трэба вучыцца».

Кажучы пра апостала Барнабу, біскуп дадаў, што той «не супернічаў, не зайздросціў, не змагаўся за першынство, падтрымліваў, вёў, суправаджаў».

«Гэта вельмі актуальна ў семінарыйным жыцці. Вы не канкурэнты адзін аднаму, вы супольнасць. Семінарыя — гэта школа любові, пакоры і служэння, месца, дзе вы вучыцеся быць пастырамі, служачы адзін аднаму ўжо цяпер. Будзьце Барнабамі — братамі, якія падтрымліваюць, а не асуджаюць; радуюцца поспехам іншага, а не зайздросцяць», сказаў іерарх.

Ён адзначыў, што «сапраўдная евангелізацыя адбываецца не дзякуючы тэхналогіям, праектам, фінансавым сродкам, а праз святое жыццё, давер і прысутнасць».

«Езус хоча, каб Яго вучні былі вольнымі ад рэчаў, амбіцый, страху, – дадаў біскуп, звяртаючыся да студэнтаў семінарыі. Ужо сёння спытайце сябе: ці ўмею я давяраць Богу, ці гатовы я пайсці з пустымі рукамі, але з сэрцам, поўным любові да людзей?»

Біскуп пажадаў семінарыстам, каб летнія канікулы не былі для іх «духоўным адпачынкам ад Бога», звярнуў увагу, што гэта «магчымасць праверыць, кім я з’яўляюся без семінарыйнага распарадку, без штодзённых абавязкаў; ці працягваецца мая малітва, калі яе ніхто не патрабуе, ці жывая мая сувязь з Езусам, калі ўсё залежыць толькі ад мяне»

«Парафіяльная душпастырская практыка гэта школа. Не толькі структур Касцёла, а найперш слухання людзей. Будзьце адкрытыя, сціплыя, прысутныя. Вучыцеся нават ад бабуль з ружанцам у руцэ яны часта глыбей разумеюць сутнасць веры, чым мы ў тэалагічных аўдыторыях.

Памятайце: многія людзі шукаюць не прыгожых казанняў, а чалавека, які проста будзе побач і памоліцца разам з імі»,

— сказаў біскуп студэнтам.

Пасля Імшы быў зроблены агульны фотаздымак, адбыўся абед. «Потым семінарысты ў добрым і ўзнёслым настроі накіраваліся дадому, каб набрацца сіл і адпачыць, а затым вярнуцца ў сцены сваёй Alma Mater, якая стала для іх сапраўды роднай», паведамілі grodnensis.by у семінарыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця