Пошук

04.11.2026 10:20   Catholic.by

Фота: aplikuj.pl

Галоўная адукацыйная мэта курса — належным чынам падрыхтаваць матываваных і здольных навучэнцаў у музычным і літургічным плане, а таксама дапамагчы ім набыць навыкі ў галіне касцёльнай музыкі. Навучанне будзе адбывацца на ўзроўні музычнай школы і дасць магчымасць атрымаць кваліфікацыю «касцёльны арганіст».

Праграма курса
У аснову праграмы будуць пакладзены традыцыі падрыхтоўкі літургічных арганістаў у розных краінах свету, у прыватнасці, польская арганная традыцыя.

Адзін з асноўных стандартаў курса — правядзенне заняткаў кваліфікаванымі, кампетэнтнымі і вопытнымі выкладчыкамі, спецыялістамі ў адпаведных галінах: ігры на аргане і фартэпіяна, сольных спеваў, харавой музыкі, тэорыі музыкі, музыказнаўства і тэалогіі.

Навучэнцы будуць карыстацца навучальнымі праграмамі, прынятымі кіраўніцтвам Салезіянскай школы арганістаў у горадзе Пшэмысль, а таксама ўласнымі аўтарскімі вучэбнымі планамі.

Акрамя абавязковых заняткаў, прадугледжаных асноўнай праграмай музычных школ, навучэнцы будуць вывучаць дадатковыя прадметы: арганны літургічны акампанемент, літургічную практыку, пастаноўку голасу, літургічныя спевы, грыгарыянскі харал, дырыжыраванне, літургіку і заканадаўства ў галіне касцёльнай музыкі.

Заняткі працягласцю пяць акадэмічных гадзін будуць праводзіцца раз на месяц, за выключэннем заняткаў па літургічнай практыцы. Гадавы курс уключае дзевяць з’ездаў з адной начоўкай. Колькасць удзельнікаў кожнага з’езда — 15 чалавек.

Ігра на аргане

Фота: artgrand.by

Асаблівую ўвагу трэба надаць прадметам, звязаным з ігрой на аргане. Менавіта яны фарміруюць прафесійны профіль арганіста.

Праграма ўключае:

  • базавыя веды пра музычныя інструменты з асаблівым акцэнтам на арган: гісторыю інструмента, яго канструкцыю і асноўныя элементы, тыпы арганаў;
  • эксплуатацыю інструмента і прынцыпы яго абслугоўвання;
  • тэхніку ігры на аргане, якая дазваляе выконваць творы розных эпох з улікам натацыі і стылістычных нормаў, выкарыстоўваючы адпаведныя артыкуляцыю, акцэнты, арнаментыку, фразіроўку і рэгістрацыю;
  • чытанне з ліста;
  • музычную інтэрпрэтацыю з улікам стылістычных нормаў і музычнай формы;
  • развіццё творчага ўяўлення, арыгінальнага музычнага мыслення і самастойнасці музычнага выказвання;
  • веды і тэхнічныя сродкі, неабходныя для імправізацыі;
  • стварэнне імправізаваных музычных твораў;
  • падрыхтоўку да публічных выступленняў.

Навучанне арганнаму літургічнаму акампанементу грунтуецца, сярод іншага, на прынцыпах функцыянальнай гармоніі. Арганізатары перакананыя, што такое спалучэнне значна паскарае набыццё практычных навыкаў і спрыяе развіццю выканаўчага майстэрства літургічнага арганіста.

Тэматыка заняткаў па арганным літургічным акампанеменце ўключае:

  • правілы арганнага літургічнага акампанементу;
  • акампанемент да адказаў падчас Імшы;
  • акампанемент да асобных частак Імшы;
  • акампанемент да псальмаў;
  • акампанемент да абрадавых спеваў (хрост, сужэнства, пахаванне);
  • акампанемент да паралітургічных набажэнстваў: Ютрані, Нешпараў, Гадзінак да Маці Божай, разважанняў над Мукай Пана, літаній і малітваў;
  • акампанемент да асобных спеваў грыгарыянскага харалу.

Навыкі, атрыманыя падчас вывучэння арганнага літургічнага акампанементу, будуць замацоўвацца на занятках па літургічнай практыцы.

Аўтарская праграма камернага ансамбля прадугледжвае ў выпускным класе калектыўныя спевы з арганным акампанементам падчас цэлебрацыі Ordo Missae, абрадавых спеваў (хрост, сужэнства, пахаванне), а таксама спеваў, звязаных з паралітургічнымі набажэнствамі: Ютранню і Нешпарамі, Гадзінкамі да Маці Божай, разважаннямі над Мукай Пана, літаніямі і малітвамі.

Падчас літургічнай практыкі ў рэальных умовах — не толькі ў арганнай зале — навучэнцы выпраўляюць памылкі, выпрацоўваюць карысныя звычкі, набываюць выканаўчыя навыкі, вучацца канцэнтрыравацца, пераадольваць хваляванне і запамінаць матэрыял, а таксама крытычна ацэньваць уласную ігру.

Пастаноўка голасу

Фота: samaranin.by

Пастаноўка голасу неабходная ў працы літургічнага арганіста, таму гэты прадмет будзе выкладацца з пачатку навучання. Навучэнцы пазнаёмяцца з анатоміяй і фізіялогіяй голасу, тэхнікамі маўлення і спеваў, а таксама з асноўнымі паняццямі — рэгістрам, рэзанансам і дыханнем.

Асаблівую ўвагу будзе нададзена практыцы: практыкаванням на эмісію голасу, правільнае дыханне, фанацыю, артыкуляцыю, дыкцыю і дынаміку, а таксама логіцы маўлення і вывучэнню вакальнага рэпертуару.

Грыгарыянскі харал
Для гарманічнага развіцця навучэнцаў праграма прадугледжвае вывучэнне грыгарыянскага харалу. Навучальны матэрыял ахоплівае асноўныя прынцыпы і базавы рэпертуар, у тым ліку:

  • тэорыю грыгарыянскага харалу;
  • правілы харальнай натацыі;
  • Ordo Missae;
  • Missa de Angelis;
  • Сімвал веры III;
  • Rorate caeli;
  • Adeste fideles;
  • Stabat Mater;
  • Victimae paschali laudes;
  • Ave verum;
  • Adoro te devote;
  • Salve Regina;
  • Ave Maria.

Дырыжыраванне

Фота: з адкрытых крыніц

Навучанне дырыжыраванню накіравана на тое, каб будучыя літургічныя арганісты набылі тэхнічныя і арганізацыйныя навыкі, неабходныя для кіраўніцтва парафіяльным шматгалосным музычным калектывам: хорам, аркестрам або вакальна-інструментальным ансамблем.

Праграма ўключае:

  • асновы дырыжорскай тэхнікі: паставу, практыкаванні на расслабленне, адпрацоўку дырыжорскіх схем, каардынацыю дыхання і руху, перадтакт;
  • метрычныя схемы, незалежнасць рук, артыкуляцыю, дынаміку, тэмп і фермату;
  • працу з творамі і іх тэкстам, развіццё экспрэсіі;
  • метады чытання партытур і працы з імі.

Літургія і касцёльнае заканадаўства
Акрамя абавязковых тэарэтычных заняткаў і прадметаў, апісаных вышэй, навучэнцы будуць вывучаць літургію і заканадаўства ў галіне касцёльнай музыкі. Яны атрымаюць базавыя веды пра ролю арганіста падчас Імшы, іншых абрадаў і эўхарыстычных набажэнстваў, пра перыяды літургічнага года, прынцыпы выбару спеваў, а таксама пра дзейныя нормы касцёльнай музыкі і літургіі.

Праграма пра літургіі ўключае:

  • агульнае азнаямленне з дакументамі касцёльнага заканадаўства;
  • знаёмства з удзельнікамі літургіі і іх ролямі: цэлебрантам, арганістам, кантарам, схолай, хорам, інструментальнымі ансамблямі і вернікамі;
  • вывучэнне паходжання і структуры Імшы;
  • азнаямленне з абрадамі хросту, Першай Камуніі, канфірмацыі, шлюбу і пахавання;
  • вывучэнне эўхарыстычных набажэнстваў;
  • прынцыпы выбару спеваў.

У раздзеле, прысвечаным касцёльнаму заканадаўству, будуць разглядацца:

  • энцыкліка Пія XII Musicae Sacrae Disciplina (1955);
  • Інструкцыя аб сакральнай музыцы і літургіі (Кангрэгацыя абрадаў, 1958);
  • Інструкцыя Musicam Sacram (Кангрэгацыя абрадаў, 1967);
  • Інструкцыя польскага епіскапату аб літургічнай музыцы пасля Другога Ватыканскага сабору (1979) і Інструкцыя польскага епіскапату аб касцёльнай музыцы (2017);
  • дзейныя нормы архідыяцэзіі, якія датычацца касцёльнай музыкі.

Рэалізацыя прапанаванай канцэпцыі дапаможа навучэнцам набыць агульныя музычныя і спецыялізаваныя веды ў галіне касцёльнай музыкі, а найперш — атрымаць практычны досвед.

Галоўная мэта курса — падрыхтаваць канкрэтных служачых у галіне музыкі і літургіі паводле патрэб парафій.

Пробашч, які бачыць у навучэнцы будучага памочніка, пацвярджае сваю зацікаўленасць пісьмовай рэкамендацыяй.

Гэтыя веды, уменні і навыкі павінны стаць для арганістаў асновай для далейшага самастойнага ўдасканалення, каб яны маглі быць самастойнымі музычнымі служачых у сваіх парафіях.

Праграма накіравана ў першую чаргу на кандыдатаў з Гродзенскай дыяцэзіі і ўзгоднена з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем.

Арганізатар: парафія Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія).

Адказны за арганізацыю курсаў: ксёндз доктар Павел Аляскевіч, касцёльны музыкалог.

Адрас: Гродзенская вобл., г. Навагрудак, вул. Міцкевіча, 1.

Запіс і дадатковая інфармацыя па тэл. +375 (29) 275 48 72 — ксёндз Павел

Абноўлена 05.11.2026 11:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця